Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цела расстралянага сына маці не выдаюць


Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва

Маці абвінавачанага ў тэрарызьме і расстралянага Ўладзіслава Кавалёва атрымала ліст з прэзыдэнцкай адміністрацыі толькі пасьля паўторнага звароту да Аляксандра Лукашэнкі.

Яна прасіла, каб ёй выклалі абгрунтаваньні таго, чаму целы пакараных сьмерцю не выдаюцца сваякам і чаму месцы пахаваньняў расстраляных — таямніца. Таксама яна зьвярталася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай зьмяніць заканадаўства — дазволіць выдаваць целы расстраляных, каб родныя маглі пахаваць іх у адпаведнасьці зь веравызнаўчымі традыцыямі.

Аднак адказу па сутнасьці на свае пытаньні Любоў Кавалёва так і не атрымала.

" Да Аляксандра Лукашэнкі я зьвярталася двойчы. Адказу на ліст ад 7 траўня так і не было, таму 31 траўня я была вымушана пісаць яму яшчэ раз. І толькі цяпер мне прыйшоў адказ — адразу на абодва мае звароты. Але не ад Лукашэнкі, хоць я зьвяртаюся менавіта да яго, а за подпісам кіраўніка ўправы па рабоце са зваротамі грамадзянаў Станіслава Букі. Прычым у гэтым лісьце зноў няма ніякага адказу на мае пытаньні — падставы, на якіх целы пакараных сьмерцю не выдаюцца, а месцы пахаваньня не паведамляюцца, мне так ніхто і ня выклаў. Толькі даецца спасылка на артыкул пра «сакрэтнасьць» гэтых зьвестак — на частку 5 артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу. Таксама напісана, што няма падставаў для таго, каб прэзыдэнт выдаваў указ, каб зьмяніць гэтую заканадаўчую норму. І што выкладаць абгрунтаваньні, чаму ў заканадаўстве ёсьць такая норма, не ўваходзіць у функцыі прэзыдэнта«, — кажа спадарыня Кавалёва.

Маці расстралянага паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме дадае, што неабходнасьць нявыдачы целаў пакараных сьмерцю і захаваньня таямніцы, дзе яны пахаваныя, ёй не патлумачыў ніхто. Хоць яна зьвярталася з гэтым пытаньнем ня толькі да Аляксандра Лукашэнкі, але і ў абедзьве палаты парлямэнту, і ў Генэральную пракуратуру, і ў Вярхоўны суд, і да начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

«Складаецца такое ўражаньне, што ў Беларусі ёсьць тыя, хто выдумляе законы, хто іх зацьвярджае, хто іх выконвае і хто сочыць за выкананьнем. Але няма ніводнай структуры, якая ўзяла б на сябе адказнасьць і патлумачыла грамадзянам краіны сапраўдную неабходнасьць таго ці іншага патрабаваньня закону», — кажа Любоў Кавалёва.

Яна па-ранейшаму лічыць свайго сына Ўладзіслава Кавалёва несправядліва асуджаным і бязьвінна пакараным паводле абвінавачаньня ў тэрарызьме пасьля выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG