Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Румынскі парлямэнт рыхтуе імпічмэнт прэзыдэнту


Траян Басэску

Траян Басэску

У Румыніі сёньня адкрываецца адмысловая двухдзённая сэсія парлямэнту, на якой будзе абмяркоўвацца пытаньне аб імпічмэнце прэзыдэнта Траяна Басэску.

За адхіленьне прэзыдэнта ад улады выступаюць прыхільнікі Сацыяльна-ліберальнага саюзу прэм’ер-міністра Віктара Понтэ, якія маюць большасьць у парлямэнце. Раней ім удалося зьмяніць сьпікераў абедзьвюх палатаў парлямэнту — палітычных саюзьнікаў прэзыдэнта Басэску. Кабінэт міністраў, у сваю чаргу, прыняў адмысловы ўказ, які абмяжоўвае права Канстытуцыйнага суду ўмешвацца ў справы аб імпічмэнце.

У выпадку, калі парлямэнт прыме рашэньне аб адхіленьні прэзыдэнта ад улады, на працягу 30 дзён яно павінна быць пацьверджанае простай большасьцю галасоў на агульнанацыянальным рэфэрэндуме.

Басэску заяўляе пра пагрозу дэмакратыі ў краіне ў сувязі з дзеяньнямі праўладнай большасьці ў парлямэнце.

Занепакоенасьць палітычным крызысам у Румыніі выказалі таксама Эўразьвяз і Злучаныя Штаты. Якраз Траян Басэску дамовіўся з Вашынгтонам у мінулым годзе аб разгортваньні супрацьракетнага шчыта ЗША ў Румыніі.

Посткамуністы з Сацыяльна-ліберальнага саюзу паспрабавалі адхіліць Басэску ад улады ў 2007 годзе, але тады рэфэрэндум рашуча адхіліў гэтую спробу. Зараз папулярнасьць прэзыдэнта Басэску ў Румыніі вельмі панізілася, у першую чаргу з прычыны праграмы жорскіх эканамічных захадаў, якую Рымынія ўвяла ў 2010 годзе паводле рэкамэндацыі Эўразьвязу і МВФ.
XS
SM
MD
LG