Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзікі знайшліся ў міліцыі Івянца. Шукаюць аўтараў відэа


Чорныя пакеты з цацачнымі мядзьведзямі і цыдулкамі на замежнай мове, скінутыя з самалёта над Івянцом, мясцовыя жыхары бачылі ў аддзяленьні міліцыі. Дадалося відэа з Івянца.



Сьвятлана Турко

Сьвятлана Турко

Пра чорныя пакункі паведаміла супрацоўніца мясцовага ЖКГ Сьвятлана Турко. Яе выклікалі ў міліцыю, дзе яна пабачыла некалькі тых самых пакункаў, у якіх сапраўды знаходзіліся парашуты з прымацаванымі цацачынымі мядзьведзікамі і цыдулкамі на замежнай мове.

Спадарыня таксама паведаміла, што гэтыя пакеты пазьбіралі ў Івянцы і ваколіцах.


Міліцыя шукае аўтараў відэа над Івянцом


Вольга Галаванава

Вольга Галаванава

Жыхарка Івянца Вольга Галаванава паведаміла «Свабодзе», што сёньня зранку яе паўторна выклікалі ў міліцыю. Міліцыянты цікавіліся, ці бачыла яна машыну і тых людзей, якія здымалі на відэа, як самалёт скідваў пакункі з мядзьведзікамі.

У міліцыю жыхарку Івянца выклікалі таксама ўчора, 4 ліпеня, дзе распыталіся, што яна бачыла і паказалі тыя самыя пакеты з цацкамі і цыдулкамі.

Вольга Галаванава кажа, што самалёт бачыла дастаткова вялікая колькасьць людзей, якія знаходзіліся ў гэты час на івянецкай плошчы, бо адтуль якраз адыходзла маршрутка на Менск і шмат, хто ехаў на працу ў сталіцу.





Яе заявы пацьвярджаюцца словамі іншых жыхароў Івянца.

Валеры Мазура кажа, што шмат хто зь мясцовых жыхароў бачыў самалёт. Мазура цьвердзіць, што з самалёта сапраўды скідалі мядзьведзікаў. Мазура кажа, што цацкі прыбіралі супрацоўнікі мясцовай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Кіраўнік мясцовага ЖКХ Уладзімер Руды ня змог адназначна адказаць на пытаньне, ці знаходзілі ягоныя падначаленыя мяккія цацкі. Руды кажа, што пасьля сьвяткаваньня афіцыйнага Дня рэспублікі на вуліцах Івянца было шмат сьмецьця. Вуліцы прыбіралі аж да самай раніцы. І ці былі сярод сьмецьця мядзьведзікі, чыноўнік дакладна ня ведае. «А наагул, усе мядзьведзі жывуць у лесе», — сказаў Уладзімер Руды на разьвітаньне.

Жыхар Івянца Вінцэсь Солтан кажа, што бачыў самалёт здалёк. Кажа, што не зьвярнуў на яго асаблівай увагі, бо, маўляў, 3 ліпеня на афіцыйнае сьвята — Дзень Рэспублікі — над мястэчкам лётала шмат авіяцыі.




Вечарам 4 ліпеня ў інтэрнэце зьявіліся відэа, на якіх зь невядомага самалёта скідаюцца нейкія рэчы. Адзін фрагмэнт відэа зьняты ў кабіне пілёта. На другім, дзе самалёт у небе, можна пазнаць горад Івянец Менскай вобласьці.

Раніцай 4 ліпеня швэдзкае выданьне «The Local» паведаміла, што грамадзяне гэтай краіны скінулі на Менск амаль тысячу цацак са словамі падтрымкі дэмакратыі і свабоды ў Беларусі.

Пілёты сьцьвярджалі, што раніцай яны скінулі цацкі таксама і ў раёне рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Удзельнікі акцыі кажуць, што праніклі ў паветраную прастору з боку Літвы, кажуць, што ляцелі на малой вышыні — магчыма, таму іх не засеклі радары.

Пазьней Міністэрства абароны Беларусі абвергла інфармацыю пра парушэньне паветраных межаў Беларусі.




Швэдзкае выданьне «Aftonbladet» цьвердзіць, што акцыя была арганізаваная пры фінансавай падтрымцы рэклямнага агенцтва «Studio Total». Гэтае агенцтва таксама вядомае тым, што часам ладзіць рознага кшталту розыгрышы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG