Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: ня менш за 10 дэпутатаў адклікалі свае галасы за моўны закон


Учорашнія сутыкненьні ў Кіеве.

Учорашнія сутыкненьні ў Кіеве.

Каля Адміністрацыі прэзыдэнта каля 300 актывістаў шэрагу грамадзкіх арганізацый праводзяць мітынг у абарону ўкраінскае мовы. Вуліца Шаўкавічна, на якой знаходзіцца Адміністрацыя прэзыдэнта, перакрытая кардонам міліцыі, які не прапускае ўдзельнікаў акцыі бліжэй да будынка.

Пратэстоўцы маюць намер перадаць зварот грамадзкіх арганізацый да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, у якім паказваюць, што падпісаньне моўнага закону прывядзе да расколу ўкраінскага грамадзтва і паставіць краіну фактычна на мяжу грамадзянскага канфлікту.

У бліжэйшы час прадстаўнікі арганізацый плянуюць зарэгістраваць дадзены зварот у Адміністрацыі прэзыдэнта.

Тым часам, чацьвёра дэпутатаў з фракцыі Літвіна адклікалі свае галасы за моўны закон. Члены фракцыі Народнай партыі Кацярына Вашчук, Сяргей Церашчук, Васіль Шпак і Васіль Чорны просяць ня ўлічваць іх галасы за закон «Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі». Пра гэта паведамляюць у Народнай партыі.
Адпаведныя заявы яны напісалі на імя старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзіміра Літвіна.

Вашчук, Шпак і Церашчук сьцьвярджаюць, што адсутнічалі ў сэсійнай залі падчас галасаваньня. Чорны кажа, што на галасаваньне ставілася пытаньне аб разглядзе законапраекту, а не пра галасаваньні за яго ў канчатковай рэдакцыі.

Раней аб адклiканьнi свайго голасу заявіў намесьнік старшыні парлямэнту Мікалай Тамэнка, паколькі яго карткай галасаваў іншы народны дэпутат. Аналягічную заяву зрабіў дэпутат ад Нашай Украіны-Народнай самаабароны Ігар Палыця, паколькі ў момант галасаваньня знаходзіўся за мяжой. Таксама аб адклiканьнi галасоў заявілі Арэст Муц, Пётр Пысарчук і Васіль Чудноў — дэпутаты ад Партыі рэгіёнаў, якія прадстаўляюць гэтую палітычную сілу ў Заходняй Украіне. Такі самы крок зрабіў і дэпутат ад Народнай партыі Мікалай Шаршуноў.

Ня гледзячы на гэта, лідэр фракцыі Партыі рэгіёнаў Аляксандар Яфрэмаў заявіў, што старшыня Вярхоўнай Рады Уладзімір Літвін абавязаны падпісаць закон аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі. Паводле яго слоў, гэтага патрабуе Канстытуцыя Ўкраіны.

«Калі мы уважліва прачытаем 94 артыкул, то там запісана, што сьпікер парлямэнту падпісвае і неадкладна перадае прэзыдэнту на падпісаньне адпаведны закон. Нормаў, якія б далі сьпікеру права не падпісваць прагаласаваны закон, проста няма. Праўда, няма нормаў і пакараньня за тое, што сьпікер не падпісвае. Але гэта ўжо недахопы нашага заканадаўства. Калі большасьць прымае рашэньне, то адзін чалавек ня можа спыніць далейшае яго прасоўваньне », — сказаў Яфрэмаў.

4 ліпеня старшыня Вярхоўнай Рады Ўладзімір Літвін і намесьнік Старшыні Вярхоўнай Рады Мікалай Тамэнка заявілі аб сваёй адстаўцы. Пасьля гэтага апазыцыя заявіла, што Літвін абяцаў не падпісваць моўнай закон.

3 ліпеня Вярхоўная Рада галасамі 248 дэпутацкіх картак прыняла закон «Аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі», які пашырае сфэру прымяненьня расейскай мовы. Закон дазваляе надаць расейскай мове статус афіцыйнай у 13 абласьцях Украіны з 27. Апазыцыя заяўляе, што закон быў прыняты зь вялікай колькасьцю парушэньняў, а, магчыма, яго прыняцьце наогул сфальшаванае. З гэтай нагоды ў многіх гарадах Украіны абвясьцілі бэстэрміновыя акцыі пратэсту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG