Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Як і беларусы, канадцы таксама маюць у першыя дні ліпеня доўгія выходныя. Гэты long weekend таксама прымеркаваны да дзяржаўнага сьвята — Дня Канады. Яно адзначаецца 1 ліпеня, пачынаючы з 1867 году, у сувязі з падпісаньнем акту аб Брытанскай Паўночнай Амэрыцы і аб’яднаньнем Канады ў адзіную дзяржаву. Гэта ўлюбёнае дзяржаўнае сьвята канадцаў.

Нягледзячы на тое, што прыкладна кожны шосты канадзец нарадзіўся па-за межамі краіны, тут усе без выключэньня называюць сябе канадцамі, часам удакладняючы: канадзец украінскага, нямецкага, расейскага, кітайскага, беларускага або нейкага іншага паходжаньня.

У дзень Канады прадстаўнікі самых розных нацыянальных суполак выходзяць на галоўныя плошчы краіны, каб прадэманстраваць іншым танцы і сьпевы свайго народу, пачаставаць людзей стравамі сваёй нацыянальнай кухні. У Таронта такое месца — цэнтральная гарадзкая плошча, Дандас-сквэр.

Сёлета ўпершыню ў шматнацыянальным канцэрце на Дандас-сквэр узяла ўдзел беларуская суполка. На галоўнай сцэне выступаў фальклёрны гурт Згуртаваньня беларусаў Канады «Яваровы людзі». Ліст явару (явар па-ангельску «maple») — сымбаль Канады, і калі вядоўца сьвята прадстаўляла гурт, яна патлумачыла гэта і назвала яго «Maple Folk». На што гледачы адрэагавалі вельмі добра.

Артыстаў падтрымлівалі мясцовыя беларусы ў нацыянальных строях, якія прыйшлі на сьвята з нацыянальнымі беларускімі сьцягамі. Падчас выступу адбыўся своеасаблівы флэшмоб. Артысты настолькі «заразілі» сваім мастацтвам публіку, што разам з гуртам скакалі і гледачы, прычым ня толькі зь беларусаў.

На нашы нацыянальныя строі многія зьвярнулі ўвагу яшчэ перад выступам. Асаблівая цікавасьць была ў кітайцаў. Адзін зь іх, зь вялікім фотаапаратам, вельмі зацікавіўся, і калі гурт рыхтаваўся, паспрабаваў паразмаўляць са мной па-расейску. Потым паспрабаваў прасьпяваць «Подмосковные вечера» і спытаўся, ці ведаю я гэтую песьню. Я сказаў: так, ведаю, але я не расеец, а беларус, і тут ёсьць розьніца. Кітаец зьдзівіўся і паўтарыў са мной некалькі разоў: «Беларус, Беларусь».

Потым ён разам зь іншымі сваімі суайчыньнікамі вельмі актыўна падтрымліваў выступ нашай беларускай суполкі.

Кіраўніца гурту Віялета Кавалёва сказала, што задаволена выступам:

«Мы выглядалі абсалютна годна і прыстойна. Для многіх гэта стала сапраўдным адкрыцьцём нашай культуры. Хоць гэта была толькі вяршыня айсбэргу. Сёньня ў сераду ўвечары — наступная рэпэтыцыя з нагоды Купальля. Паколькі апошнія тыдні мы актыўна рыхтаваліся да канцэрту на Дзень Канады, на падрыхтоўку да Купальля засталося тры дні. Але пасьля выступу на плошчы Дандас нас ужо нічым спалохаць немагчымa.

Што да Купальля, дык гэтае сьвята, як заўсёды, мы адзначым на зямлі, якая належыць канадыйскім беларусам, а дакладней -- парафіі сьвятога Кірылы Тураўскага БАПЦ. Гэта база адпачынку "Слуцак", якая знаходзіцца за 250 км на поўнач ад Таронта, у вельмі маляўнічым месцы, на беразе возера Манітоўвабінг. Звычайна на нашае Купальле зьбіраецца пад сотню чалавек, прычым ня толькі беларусы».


Дзьмітры Леановіч

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG