Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізацыя IPO (першага публічнага продажу акцый) «БелАЗа» прыпынена.

Пра гэта паведаміў журналістам старшыня дзяржаўнага камітэту маёмасьці Рыгор Кузьняцоў. Ён сказаў, што ў пэўнай ступені гэта можа быць зьвязана і з палітычнымі падзеямі, якія адбываюцца ў Эўразьвязе і закранаюць Deutsche Bank. У Беларусі можа быць прыватызаванае любое дзяржпрадпрыемства, калі ёсьць цікавасьць з боку інвэстара і згода кіраўніка краіны.

«БелАЗ» разглядаў у якасьці патэнцыйнага арганізатара IPO нямецкі Deutsche Bank. Аднак канчатковая пляцоўка і тэрміны правядзеньня першага публічнага разьмяшчэньня акцый так і не былі вызначаныя, паведамляе БелТА.

У інтэрвію карэспандэнту «Свабоды» эканаміст Сяргей Чалы выказаў жаль, што гэты пілётны праект сарваўся.

«Сам па сабе гэты працэс доўгі, ён пачаўся амаль паўтара года таму. Пасьля таго як была заява некалькіх банкаў, якія бралі ўдзел у разьмяшчэньні нашых аблігацый, пра тое, што яны спыняюць з намі супрацоўніцтва, гэты працэс прыпыніўся. Іншага мэнэджэра нашы не змаглі знайсьці. Недзе паўтара месяца таму была заява нашых уладаў, што гэты працэс нібыта не прыпынены, яны там працягваюць працу і спадзяюцца на працяг супрацоўніцтва з Deutsche Bank. Але там ніякіх зрухаў, падобна, няма. Гэта быў той самы пэрыяд, калі было актыўнае лабіраваньне спыненьня супрацоўніцтва з рэжымам, абмеркаваньне санкцыяў і гэтай далей.
Працэдура такога роду прыватызацыі хаця б невялікага пакета аднаго з флягманаў — больш правільная.

Хоць я ня думаю, што гэта разумна з гледзішча той жа палітыкі, бо сама працэдура такога роду прыватызацыі хаця б невялікага пакета аднаго з флягманаў — больш правільная і магла б больш садзейнічаць эканамічнай лібэралізацыі, чым незразумелыя, непразрыстыя перамовы з расейскім капіталам. А так атрымалі б выхад на міжнародныя пляцоўкі і замежных інвэстараў, атрымалі б рынкавую, аб’ектыўную ацэнку кошту ўсяго прадпрыемства».

У кастрычніку мінулага году Deutsche Bank адмовіўся ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Такое рашэньне было прынятае адразу ў некалькіх фінарганізацыях пасьля таго, як праваабаронцы скрытыкавалі іх за падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

У лютым віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што да канца 2012 году «БелАЗ» пачне прадметныя перамовы з замежнымі банкамі аб правядзеньні IPO. На падрыхтоўку да разьмяшчэньня беларускім уладам спатрэбіцца больш часу, чым стандартныя 1,5–2 гады. Правесьці IPO заводу беларускі ўрад вырашыў у зьвязку з эканамічным крызісам у 2011 годзе.
XS
SM
MD
LG