Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта «Барысаўскія навіны»: 20 гадоў пад пагрозай закрыцьця


Рэдактар газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас.

Рэдактар газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас.

У гэтыя дні адзначае сваё 20-годзьдзе недзяржаўная грамадзка-палітычная газэта «Барысаўскія навіны».

Падчас свабоднай падпіскі і продажу ў шапіках наклад выданьня дасягаў 15 тысяч асобнікаў. На сёньня «Барысаўскія навіны» — адно зь нешматлікіх выданьняў, якія працягваюць выходзіць ва ўмовах жорсткага перасьледу ўладаў.

Як «Барысаўскім навінам» удалося выжыць ва ўмовах, у якіх дзесяткі іншых незалежных выданьняў ацалець ня здолелі? Вось як адказвае на гэта пытаньне галоўны рэдактар Анатоль Букас:

«Я ў свой час служыў у войску, дзе цягам 10 гадоў быў камандзірам узводу. І якраз за гэты час навучыўся пераадольваць розныя хібы і „наезды“. Акрамя таго, у мяне добрая сям’я. З жонкай Людмілай таксама працуем разам. Ну, і галоўнае, — трэба верыць у тое, што праўда за намі. Ніколі ў сваім жыцьці я ня быў „флюгерам“. Я — журналіст і заўсёды ведаю, што рабіць, куды ісьці».

На сёньня наклад газэты «Барысаўскія навіны» — 5 тысяч. Як сьвежыя нумары трапляюць да чытачоў?

Букас: «Мы стварылі сваю сыстэму распаўсюджваньня газэты, дзе працуюць 8 паштальёнаў. Ёсьць таксама прыватныя гандлёвыя пункты, дзе ўладальнікі шапікаў пагаджаюцца прадаваць „Барысаўскія навіны“. Але на сёньня з ранейшых 67 такіх гандлёвых пунктаў засталося толькі 20… Ну, пагадзіцеся, выдаваць на працягу 20 гадоў такую газэту, як наша, на старонках якой заўсёды прысутнічаюць палітычныя матэрыялы, крытыка ў адрас сталічных і мясцовых чыноўнікаў — гэта я бязь лішняй сарамлівасьці назваў бы геройствам».

А вось меркаваньне аднаго з чытачоў газэты — Міхаіла Барысава:

«Многія жыхары Барысава, асабліва сталага веку, ня маюць магчымасьці карыстаюцца інтэрнэтам. І таму, да прыкладу, мая маці выпісвае „Барысаўскія навіны“, і мая цешча — таксама.

Калі падпісчык жыве ў вёсцы, то газэты дасылаюць у капэрце. Калі ў горадзе, то паштальёны газэты „Барысаўскія навіны“ даносяць у паштовую скрыню. На кожны раён вызначаны свой паштальён, які кожную сераду разносіць па хатніх адрасах гэтае выданьне».

Карэспандэнт: «Чаму людзі аддаюць перавагу недзяржаўнаму выданьню?»

Міхаіл: «У Барысаве есьць яшчэ газэта „Адзінства“, якая належыць мясцоваму выканкаму. Мяркую, што ўсім зразумела, пра што яна піша й як. Таму жыхары, якія жадаюць атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю, чытаюць „Барысаўскія навіны“».

Вось яшчэ меркаваньні пра «Барысаўскія навіны».

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец кажа, што літаральна кожны год праўладныя арганізацыі й дзяржаўныя чыноўнікі прад’яўляюць ня менш як 5 судовых пазоваў да газэты «Барысаўскія навіны». Здараюцца і спробы выселіць рэдакцыю або зрабіць у ёй ператрус:
Газэта змагла аднавіць выхад толькі дзякуючы дапамозе й ахвяраваньням сваіх чытачоў.

«Сярод найбольш вядомых фактаў перасьледу „Барысаўскіх навін“ — гэта ператрус пасьля выбараў 2010 году, калі спэцслужбы вынесьлі з памяшканьня рэдакцыі ўсю маёмасьць і абсталяваньне. Газэта змагла аднавіць выхад толькі дзякуючы дапамозе й ахвяраваньням сваіх чытачоў. Таму газэта выходзіць і мае сваё кола чытачоў».

Заснавальнік, выдавец, галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч:

«Я лічу, што гэта адна з самых прыстойных газэт рэгіянальнага ўзроўню. І гэта дзякуючы таму, што там працуюць сумленныя, прынцыповыя журналісты. Усё ж такі яны „на нажах“ зь мясцовай вэртыкальлю, але не даюць магчымасьці „прыхлопнуць“ гэтую газэту. Змагаюцца за газэту! Я мяркую, што гэта адна зь нямногіх рэгіянальных газэт, якая сапраўды прынцыпова выконвае свае абавязкі».

Даведка «Свабоды»

У 2011 годзе ў сьпіс «праблемных» выданьняў, складзены ГА «БАЖ», уваходзілі 13 газэт і 1 часопіс: «Бобруйский курьер», «Борисовские новости», «Витебский курьер», «Вольнае Глыбокае», «Газета Слонімская», «Ганцавіцкі час», «Intex-press», «Новы час», «Нясвіжскі час», «Отдушина», «Рэгіянальная газета», «СНплюс. Свободные новости плюс», «Товарищ» і часопіс «ARCHE».

З 2006 году дзеля эканамічных прычын, абумоўленых, сярод іншага, спыненьнем супрацоўніцтва зь «Белпоштай» і «Саюздрукам», перасталі выходзіць недзяржаўныя газэты: «Салідарнасць», «БДГ. Деловая газета», «Биржа информации» (Гродна), «Ляхавіцкі час» (Ляхавічы), «Местная газета» (Ваўкавыск), «Химик» (Наваполацк), «Мясцовы час» (Пінск), «Витебский курьер-М» (Віцебск), «Газета для вас» (Івацэвічы).
XS
SM
MD
LG