Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фізыкі адкрылі «часьцінку Бога»


Пітэр Гігс.

Пітэр Гігс.

Эўрапейская арганізацыя ядзерных дасьледаваньняў CERN абвясьціла сёньня аб адкрыцьці новай элемэнтарнай часьцінкі, падобнай да легендарнага базона Гігса — фундамэнтальнай часьцінкі, існаваньне якой было тэарэтычна прадказанае ў 1960-х гадах.

«Паляваньне» за базонам Гігса — адзіным адсутным элемэнтам так званай Стандартнай мадэлі — вядзецца з 1980-х гадоў і цяпер як ніколі блізкае да посьпеху, дзякуючы экспэрымэнтам на Вялікім адронным калайдэры (ВАК).

Аб адкрыцьці новай часьцінкі было абвешчана на навуковым сэмінары CERN у Жэнэве, які трансьляваўся на ўвесь сьвет. На гэтае мерапрыемства былі запрошаныя аўтары так званага «Гігсаўскага мэханізму», у тым ліку і сам Пітэр Гігс, чыё імя носіць няўлоўная «часьцінка Бога». Пітэр Гігс прызнаўся, што не чакаў, што адкрыцьцё здарыцца пры яго жыцьці.

Гістарычныя вынікі экспэрымэнтаў на Вялікім адронным калайдэры былі абвешчаныя прадстаўнікамі двух камандаў навукоўцаў — CMS і ATLAS. «У абодвух экспэрымэнтах была выяўлена новая часьцінка з вагой у раёне 125-126 гігагаэлектронвольт (ГэВ)», — паведамляецца ў прэсавым рэлізе CERN. Аднак аўтары адкрыцьця падкрэсьлілі, што знаходзяцца толькі ў пачатку шляху, паколькі ім яшчэ трэба будзе вызначыць, ці зьяўляецца адкрытая часьцінка тым самым базонам Гігса.

Наступным крокам навукоўцаў стане вызначэньне дакладных характарыстык новай часьцінкі і высьвятленьне яе ролі ў пабудове Сусьвету. Фізыкі спадзяюцца, што апошнія вынікі экспэрымэнтаў наблізяць іх да стварэньня унівэрсальнай тэорыі Сусьвету, або «тэорыі ўсяго».

Стандартная мадэль, якая зьяўляецца адной з асноў сучаснай фізыкі, бездакорна апісвае ўласьцівасьці і ўзаемадзеяньні ўсіх вядомых элемэнтарных часьцінак, аднак не дае адказу на фундамэнтальнае пытаньне: чаму большасьць з гэтых часьцінак маюць вагу? Мэханізм, прапанаваны Гігсам, дае адказ на гэтае пытаньне, прадказваючы існаваньне фундамэнтальнай часьцінкі — базона Гігса.
XS
SM
MD
LG