Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амністыя яшчэ не стартавала


Законапраект аб амністыі знаходзіцца ў прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода паведаміў кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі.

«Гэты законапраект знаходзіцца цяпер у адміністрацыі прэзыдэнта. І ў самы бліжэйшы час будзе ў кіраўніка дзяржавы. Там даволі доўгія працэдуры, ён прайшоў ніжнюю і верхнюю палаты. Астатнія неабходныя працэдуры заканчваюцца, і ён будзе на подпісе ў кіраўніка краіны. То бок заканчваюцца тэхнічныя пытаньні», — сказаў Павал Лёгкі.

Ён мяркуе, што няма нейкіх падставаў для таго, каб гэты законапраект ня быў падпісаны.

Амністыя прымеркаваная да Дня незалежнасьці 3 ліпеня. Усяго пад амністыю падпадаюць 2880 асуджаных. Таксама плянуецца скараціць тэрмін пакараньня на адзін год больш як сямі тысячам асуджаных.

Асуджаныя паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу 293 («Масавыя беспарадкі»), 367 («Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»), 369-3 («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў») не падпадаюць пад амністыю.

Гэта вынікае законапраекту «Аб амністыі», які прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Такім чынам, палітычныя вязьні застануцца за кратамі.

А вось да некаторых іншых злачынцаў дзяржава паставілася значна больш гуманна. Напрыклад, на волю выпусьцяць тых, хто асуджаны за эканамічныя злачынствы, адседзеў ужо чацьвёртую частку свайго тэрміну і згодны цалкам пакрыць нанесеную шкоду.

На адзін год скарачаецца тэрмін знаходжаньня за кратамі асуджаных за карупцыйныя злачынствы і хабар.

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч адзначае, што законапраект паступіў у тым выглядзе, у якім ён і быў прыняты ў Нацыянальным сходзе:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«І я нешта не заўважыў там вялікіх дыскусій на гэтую тэму. Можа, хіба Лукашэнка, калі будзе падпісваць, скарыстаецца сваім правам і можа накіраваць на дапрацоўку. Але гэта малаверагодна.

Таму будзем зыходзіць з таго, што напісана ў законапраекце. Там наўпрост упісаны артыкулы, па якіх асуджаныя палітвязьні ў пераліку асобаў, на якіх амністыя не распаўсюджваецца. Таму тут усё зразумела. Ніколі артыкул «групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», ня быў у пераліку артыкулаў, на якія амністыя не распаўсюджваецца. А тут яго адмыслова туды ўключылі. Як і з паклёпам у дачыненьні да прэзыдэнта.

Гэтыя злачынствы не зьяўляюцца цяжкімі. Але пастаўлены ў адзін шэраг з такімі, як бандытызм, забойства і гэтак далей. Таму спадзяваньні на тое, што здымуць абмежаваньні, якія былі накладзеныя судамі адносна тых, хто быў асуджаны да ўмоўных тэрмінаў, тэрмінаў з адтэрміноўкай, як Халіп і Рымашэўскі, Палажанка і так далей, не апраўдаліся. Што Павал Севярынец будзе вызвалены, які адбывае пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі.

Традыцыйна, як і ў папярэдніх законах аб амністыі, яна не распаўсюджваецца на злосных парушальнікаў рэжыму. А на сёньня, здаецца, такія ўсе палітвязьні. Пра што гэта сьведчыць? Тое, што мы ў сваіх ацэнках, як і раней, кажам, што закон аб амністыі быў штучна палітызаваны ў мэтах недапушчэньня вызваленьня палітвязьняў.

Гэта была даволі зручная форма вырашэньня гэтай праблемы. Калі ўлады ня хочуць яе вырашаць, дык што ж тут зробіш?

Мы, як і раней, настойваем на неадкладным і безумоўным вызваленьні палітвязьняў. Мы не прымаем ціск на палітвязьняў з мэтай атрыманьня ад іх прашэньня аб памілаваньні ў той ці іншай форме. То бок з напісаньнем таго, што чалавек прызнае ці не прызнае сваю віну, але проста піша на імя прэзыдэнта. Калі гэта робіцца пад ціскам з боку адміністрацыі ці апасродкаваным ціскам, які адміністрацыя арганізоўвае празь іншых зьняволеных, то гэта азначае недапушчальнае, бесчалавечнае і жорсткае абыходжаньне са зьняволенымі. Калі такое адбываецца, чалавек піша такое прашэньне, гэта вымушаная яго рэакцыя, а не асэнсаваная і добраахвотная".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG