Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры дні адбыў у ізалятары на Акрэсьціна актывіст «Зьмены» Ягор Віняцкі, якога затрымалі ў суботу, 30 чэрвеня, і склалі на яго пратакол пра нібыта нецэнзурную лаянку.

3 ліпеня Ягора Віняцкага адвезьлі з Акрэсьціна ў Першамайскі РАУС на прафіляктычную размову з кіраўніцтвам, але кіраўніцтва не зьявілася. Пасьля 5 гадзінаў чаканьня моладзевага актывіста вызвалілі, але папярэдзілі, што яго паклічуць у суд адмысловай позвай.

«Пакуль позвы не атрымаў. Буду чакаць суду. Магу сказаць, што мяне затрымалі яўна ў прафіляктычных мэтах напярэдадні 3 ліпеня — каб нешта палітычнае не адбылося з боку апазыцыі. А на Акрэсьціна я ўбачыў, што гэта быў такі прафіляктычны „хапун“ у старым савецкім стылі, які быў шырэйшы, чымсьці супроць апазыцыянэраў. Як раней напярэдадні сьвятаў розных хуліганаў вывозілі за 101 кілямэтар са сталіцы, гэтак зараз іх саджаюць на Акрэсьціна. У камэры было шмат людзей, якія ці выпілі ня там, дзе трэба, ці неяк нахуліганілі. Яны казалі, што раней бы ім проста далі штраф, а зараз пасадзілі на некалькі сутак. Карацей, каб не псавалі карціну гэтага „шапіто“, што было ўчора», — кажа хлопец.

Паводле Ягора Віняцкага, падчас трохдзённага знаходжаньня на Акрэсьціна ён бачыў моладзевага актывіста Віталя Васількова і перагаворваўся праз вэнтыляцыю з актывістамі Паўлам Вінаградавым і Аляксандрам Арцыбашавым. Усіх трох напярэдадні 3 ліпеня пакаралі 15 суткамі адміністрацыйнага арышту нібыта за дробнае хуліганства.
XS
SM
MD
LG