Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне зь Вітушкам: «Ён быў сьветлым анёлам»


У грэка-каталіцкай парафіі Сьвятога Язэпа, што ў Менску на вуліцы Арджанікідзэ, 6, прайшло адпяваньне Сяргея Вітушкі, колішняга лідэра моладзевага руху, кіраўніка згуртаваньня «Талака», гісторыка, пэдагога, казачніка.

На жалобную цырымонію прыйшлі больш за 100 чалавек, памяшканьне душпастырскага Цэнтру ўсіх не зьмясьціла, многія стаялі каля будынка. Было шмат паплечнікаў і калегаў Сяргея Вітушкі па «Талацэ», людзі старэйшага пакаленьня, моладзь. Прысутнічаў апостальскі візытатар архімандрыт айцец Сяргей (Гаек). Пасьля адпяваньня і малітвы шчырыя словы пра Вітушку сказалі амаль два дзясяткі сяброў, аднадумцаў, сваякоў.

«Талаковец» Сяргей Дубавец у апошні год пасяліў сям’ю Вітушкаў у сваёй віленскай кватэры на першым паверсе, каб цяжка хворага Сяржука можна было вывозіць на прагулкі:

«Калі мы гаворым пра сьвятых, мы заўсёды згадваем нейкія гістарычныя часы, мінуўшчыну. А па сутнасьці, Сяржук і ёсьць наш беларускі сучасны сьвяты: прыгожы, мужны купальскі сьвяты, які будзе і надалей сваімі казкамі, вершамі цешыць нашых дзяцей, унукаў».

Літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч узгадаў словы свайго дзеда: «Калі ёсьць у вёсцы талака, то ня страшная ніякая бяда»:

«Я ўпэўнены: каб гістарычныя рэаліі дазволілі ўсім беларусам талакой адбудоўваць Беларусь, на чале з такімі людзьмі, якім быў Вітушка, мы нашу краіну адбудавалі б».

Былая «талакоўка» Ірына Дубянецкая кажа, што дзеля суцяшэньня яна згадвае беларускую мудрасьць: «Не бедаваць, што прайшло, а цешыцца, што было»:

«Я бязьмежна шчасьлівая, што нашы шляхі скрыжаваліся. Эвангельскае „цела слабое, а дух моцны“ — гэта пра яго. Ва ўсіх вандроўках ён ішоў з самым цяжкім заплечнікам. Калі ўсе астатнія падалі на траву ад стомы, ён кідаўся рабіць вогнішча, разбрыдлых людзей зьбіраў дзіўным сваім гукам „Дзе пачую талаку, туды ногі валаку“. І на гэта зьбіраліся, валаклі свае ногі ўсе навокал...

Для краіны Сяржук быў, відаць, ня проста рыцарам беларушчыны, якіх многа. Ён быў сьветлым анёлам, анёлам-ахоўнікам. Ён зрушыў вось гэты лёд страху, лёд боязі, недаверу вельмі шмат у каго».

Філёляг і таксама талаковец Вінцук Вячорка адзначыў, што Вітушка быў маладым, а сталейшым за сталых, нямоглым, а здаравейшым за здаровых, сьляпым, а больш відушчым за відушчых:

«Ён столькі справаў пачаў! Прычым пачаў, ведучы за сабой сотні, тысячы людзей. Ён быў рамантык, ідэаліст. І хай ён у гэтым сэнсе будзе прыкладам наступным пакаленьням. Таму што толькі такія людзі здольныя зьмяняць гісторыю. Ёсьць кніга Бембеля „Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс“. Неяк разам зь Сержуком мы яе глядзелі, і ён быў у захапленьні ад адной цытаты: „Будзе ня так, як гісторыя захоча, будзе так, як мы зробім“. І Сяргей рабіў. І зрабіў эпоху».

Гісторык, а таксама сваяк Вітушкі Генадзь Сагановіч узгадвае, што Вітушка мог захапляцца сваімі плянамі і задумамі літаральна да апошніх дзён свайго жыцьця:

«Іншага прыкладу адданасьці самому жыцьцю, такой пазытыўнай энэргіі, такой веры я на сваім вяку яшчэ не сустракаў. Сяргей быў сапраўды яркім, беспадобным самародкам, якому лютая хвароба не дазволіла рэалізавацца да канца. Сяржук так годна пражыў! У ім білася сапраўды гераічнае сэрца, моцнае ў сваёй волі насуперак злой фартуне рушыць далей, шукаць, змагацца. І ніколі ня ныць, не скуголіць».

Ускладаючы кветкі да труны, людзі сьпявалі «Магутны Божа». Цела Вітушкі накрылі бел-чырвона-белым сьцягам. Труну выносілі з храму пад гукі дуды.

Сяржука Вітушку крэміруюць, а потым пахаваюць, паводле тастамэнту, у родавай вёсцы Рагава пад Маладэчнам.



Колішні лідэр маладзёвага руху, кіраўнік менскай «Талакі», гісторык і пэдагог, аўтар казак для дарослых і дзяцей Сяргей Вітушка памёр у віленскай лякарні 1 ліпеня. Сяржук Вітушка нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Чысць Маладзечанскага р-на.

Скончыў прафэсыйна-тэхнічную вучэльню, працаваў рабочым на «Інтэграле», паступіў на гістфак БДУ, які скончыў у 1989 годзе.

У 1986 годзе Вітушка прыйшоў у моладзевы клюб «Талака». А з 1987, калі яго абралі старшынём таварыства, «Талака» стала адной з самых уплывовых арганізацыяў беларускай дэмакратычнай супольнасьці.

Цяпер «Талака» — сымбаль моладзевага супраціву таго часу. Пад кіраўніцтвам Вітушкі «Талака» займалася гістарычна-асьветніцкай дзейнасьцю. Яе актывісты ўдзельнічалі ў архэалягічных раскопах і рэстаўравалі помнікі, змагаліся за стварэньне беларускіх клясаў і школаў. Рабілі ўсё адпаведна назве — талакой. З

1991 году жыў у Вільні, працаваў у беларускай школе, на радыё і тэлебачаньні. Страціўшы зрок, не спыніў актыўнае дзейнасьці, у прыватнасьці, арганізоўваў «сьляпыя экскурсіі» для беларусаў па старажытнай сталіцы ВКЛ, шмат пісаў казак, п’ес-батлеек і вершаў. У 2011 годзе выйшла яго кніга «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG