Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэакцыя на закон аб мовах — нашмат больш рэзкая, чым на арышт Цімашэнкі»


Пракамэнтаваць палітычную і грамадзкую сытуацыю ва Ўкраіне пасьля прыняцьця Вярхоўнай Радай закону аб статусе расейскай мовы мы папрасілі прэзыдэнта Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі Валера Хмялько.

Дракахруст: Ваш інстытут шмат гадоў праводзіць дасьледаваньні лінгва-этнічнай структуры ўкраінскага грамадзтва. Паводле гэтых дасьледаваньняў, якая частка ўкраінскага грамадзтва гаворыць па-расейску?

Хмялько: Мы пачалі дасьледаваньні ў 1991 годзе. Тады 57% аддавалі перавагу таму, каб размаўляць зь інтэрвіюерам расейскай мовай, 43% — украінскай альбо іншай. За 20 гадоў доля ўкраінскамоўных павялічылася да 47%, але пакуль што 53%, паводле нашых апытаньняў, аддаюць перавагу камунікацыі па-расейску, калі казаць пра Ўкраіну ў цэлым.

Дракахруст: Закон, прыняты Вярхоўнай Радай, вызначае рэгіёны, дзе расейская мова набудзе статус афіцыйнай, ці рэгіянальныя ўлады павінны яшчэ самі прыняць адпаведныя рашэньні?

Хмялько: Рашэньні павінны прымаць мясцовыя органы.

Дракахруст: Апрыёры кажучы, калі ўсе рэгіёны адмовяцца надаць расейскай мове статус рэгіянальнай афіцыйнай, то яго і ня будзе нідзе ва Ўкраіне?

Хмялько: Так. Паводле закону падставай для прыняцьця адпаведнага рашэньня зьяўляюцца 10 або болей адсоткаў насельніцтва ў рэгіёне, якія лічаць расейскую мову роднай. Толькі ў гэтым выпадку мясцовая ўлада можа прыняць адпаведнае рашэньне.

Дракахруст: Ці можна вымяраць матывацыю моўных паводзінаў? Ці можна сказаць, што ўкраінскамоўныя больш матываваныя ў адстойваньні правоў мовы, на якой яны гавораць, чым расейскамоўныя?

Хмялько: Гэта складаная праблема — як вымераць матывацыю гатоўнасьці абараняць сваю мову. Наагул праблема мовы — 9-я ці10-я ў жыцьцёвых прыярытэтах насельніцтва, як ўкраінскамоўных, гэтак і расейскамоўных. Але калі закон пагражае рэальнаму функцыянаваньню ўкраінскай мовы як дзяржаўнай, як у гэтым выпадку, то рэакцыя палітычных сіл Заходняй і Цэнтральнай Украіны на гэта надзвычай рэзкая. Яна значна больш рэзкая, чым рэакцыя на арышты Луцэнкі і Цімашэнкі.

Той начны мітынг, які быў у Кіеве, тое, што падалі ў адстаўку на знак пратэсту супраць закону старшыня Вярхоўнай Рады Літвін і яго намесьнік Тамэнка — гэта выразныя крокі, якія можна разглядаць, як паказьнік матывацыі. Рашэньні, якія прымаліся папярэдняй уладай наконт украінізацыі, такой рэакцыі насельніцтва не выклікалі.

Дракахруст: Ці стане моўнае пытаньне галоўным пытаньнем палітычнай барацьбы ва Ўкраіне? І ці надоўга?

Хмялько: Як і ў 2004 годзе, моўнае пытаньне — палітычны маркер, які адрозьнівае палітычныя сілы, якія арыентуюцца на заходне-паўночную частку краіны, і тыя, якія арыентуецца на ўсходне-паўднёвую частку. Захад і цэнтар — гэта прыкладна 52%, а Усход і Поўдзень — гэта 48% усіх выбаршчыкаў Украіны. З тых дасьледаваньняў, якія мы праводзім, вынікае, што гэта пагрозьлівы выклік адзінству Ўкраіны і яе незалежнасьці як цэласнай дзяржавы. За гады незалежнасьці, асабліва за другое дзесяцігодзьдзе, падтрымка незалежнасьці Ўкраіны стала абсалютна пераважаць ва ўсіх абласьцях Украіны, нават у Крыме і Данбасе. У 1991 годзе падчас рэфэрэндуму ў гэтых рэгіёнах за незалежнасьць была толькі адносная большасьць. Тое, што адбываецца цяпер — гэта пагроза. І тое, што робяць з аднаго боку, і тое, што робяць зь іншага. Адказам на закон была не альтэрнатыўная прапанова, а хваравітая рэакцыя, якая выплюхвалася ў экспрэсіўных формах.

Дракахруст: На ваш погляд, як зьменіцца рэйтынг прэзыдэнта Януковіча пасьля таго, як гэты закон уступіць у дзеяньне?

Хмялько: Калі ён яго падпіша, то на Ўсходзе і на Поўдні частка тых, хто ў ім расчараваўся за апошнія 2 гады, можа зноў даць яму сваю падтрымку, паколькі гэта было адно зь яго перадвыбарчых абяцаньняў. Ён абяцаў наагул зрабіць расейскую другой дзяржаўнай. Але потым скарэктаваў пазыцыю, бо ня меў канстытуцыйнай большасьці ў Вярхоўнай Радзе, і была пастаўленая мэта забясьпечыць для мясцовых нацыянальных грамадаў магчымасьць карыстацца расейскай мовай. Такая яго пазыцыя ставіць пад пагрозу далейшы палітычны шлях Януковіча. Ён рызыкуе прайграць, як тое было ў 2004 годзе.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG