Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Пабудавалі ля вёскі сьвінакомплекс: такі смурод — дыхнуць нельга...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Эфір 4 ліпеня 2012 году

У пошце «Свабоды» па-ранейшаму нямала расповедаў пра паўсядзённае жыцьцё ў сёньняшняй беларускай вёсцы. Перадвыбарчыя дыскусіі вясковых людзей ня надта хвалююць, а вось побытавыя клопаты, адсутнасьць працы, нізкія пэнсіі, дачыненьні зь мясцовым начальствам турбуюць і цікавяць многіх.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш слухач Аляксандар Лешык з Баранавічаў піша:

«Паехаў я нядаўна на сваю радзіму, у вёску Трацьцякоўцы Ляхавіцкага раёну. Пайшоў у царкву, разгаварыўся зь мясцовымі людзьмі. Дык яны прасілі: напішы на „Свабоду“ пра тое, як мы пакутуем ад новага сьвінакомплексу, што пабудавалі ў вёсцы Востраў. Такі смурод ад яго — дыхнуць нельга. Асабліва калі вецер у бок вёскі. Пабудавалі яго, каб карміць Маскву. А пра сваіх людзей ніхто ня думае.Насельніцтва піша заявы, скардзіцца — а ў адказ ніхто ні мур-мур: на бяду людзей не зьвяртаюць ніякай увагі. І сапраўды, я сам пераканаўся: нават на адлегласьці 2–3 кілямэтры гэта такая сьмярдзючка, што не пераказаць словамі. Такая вось тэхналёгія гноевыдаленьня...

Яшчэ адна праблема для многіх вясковых людзей — як забясьпечыць ацяпленьне ўласнай хаты? Здавалася б, лесу ў нас багата — ідуць і ідуць на Захад вагоны з драўнінай, лесапілкі працуюць ледзь ня ў кожным раёне. Але нават калі ты жывеш ледзь ня ў лесе, нарыхтаваць дровы — вялікая праблема. Як расказала мая стрыечная сястра, спачатку трэба ісьці ў сельсавет, браць даведку, што ты домаўласьнік. Пасьля гэтага там вырашаць, ці варта табе выдзеліць на зіму 7 кубамэтраў дроў. Потым плаціш за іх лясьніцтву. Пасьля гэтага сам наймаеш транспарт, лясьнік табе адмерае. Тады сам грузіш, сам вывозіш... А самастойна ня маеш права нават гнілі ў лесе падабраць.

Ды што ж гэта такое? Нават пасьля вайны, нават за крывасмокамі-камуністамі такога душагубства не было. Сухастой, буралом людзі без дазволу забіралі, падчышчалі лес, палілі ў печы — ніхто за гэта слова не казаў»
.

Сапраўды, у апошнія гады і без таго цяжкае існаваньне вясковаму чалавеку намагаюцца яшчэ больш ускладніць, абкласьці дадатковымі бюракратычнымі працэдурамі, забаронамі, паборамі. Датычыць гэта ня толькі нарыхтоўкі дроў. Суцэльны перавод на камэрцыйныя рэйкі і імкненьне як мага больш зарабіць на прыродных рэсурсах прывялі да таго, што ў многіх мясьцінах вясковы чалавек ужо і ля свайго возера з вудай пасядзець ня мае права, і ў лес па грыбы схадзіць без дазволу... Такое ўражаньне, што тыя, хто прыдумляе ўсе гэтыя абмежаваньні, бачаць перад сабой выключна суб’ектаў падаткаабкладаньня, а не жывых спрацаваных людзей, якія на старасьці гадоў вымушаны жыць у старэнькіх спарахнелых хатках без водаправоду і каналізацыі, без сучаснага ацяпленьня, і пры гэтым лічыць кожную капейку, каб проста фізычна выжыць.

Аўтар наступнага ліста, наш даўні сябар Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну разважае пра складаныя ўзаемадачыненьні паміж прэзыдэнтам Лукашэнкам і беларускімі прадпрымальнікамі. Слухач піша:

«У многіх сваіх важных (і ня вельмі) выступах Лукашэнка сьцьвярджае, што атрымаў у ’94-м годзе краіну з пустымі паліцамі ў крамах і разваленай эканомікай. І ніколі ня кажа пра тое, што насамрэч стартавыя магчымасьці ў той пэрыяд у нас былі нашмат лепшыя, чым у іншых рэспубліках былога СССР і нават у некаторых краінах Усходняй Эўропы. У былым СССР толькі Расея і Беларусь не сядзелі на датацыях цэнтру, а самі былі донарамі для іншых рэгіёнаў. Усе ведаюць, што БССР была вялізным зборачным цэхам і агромністай вайсковай базай Савецкага Саюзу. Адпаведна, у спадчыну нам засталіся ня толькі парожнія крамы, але і вялізная колькасьць заводаў, фабрык, арсэналаў, вайсковых гарадкоў з інфраструктурай. Варта нагадаць хаця б пра МАЗ, БелАЗ, Наваполацкі і Мазырскі НПЗ, гарадзенскі «Азот», Беларуськалій. І гэта — толькі гіганты. А колькі добрых прадпрыемстваў было хоць бы ў нас у Маладэчне: напрыклад, завод парашковай мэталюргіі, ваенны завод «Спадарожнік», «Электрамодуль». Усе — саюзнага значэньня. І дзе яны цяпер? Ці цалкам разваліліся, ці ператвораныя ў гандлёвыя цэнтры, "барахолкі«...А Лукашэнка ж 18 год таму абяцаў запусьціць усе заводы.

Цяпер — міт пра «пустыя паліцы». Дык хто накарміў, апрануў і абуў народ? Лукашэнка? Ці так званыя «чаўнакі» (а на слэнгу Лукашэнкі — спэкулянты і «вашывыя блохі», зь якімі ён змагаўся больш як дзесяць гадоў)? Гэта ж яны спачатку ў сваіх баулах, а потым у легкавіках і грузавічках везьлі сюды харчаваньне, абутак, адзеньне, а таксама бытавую тэхніку і многае іншае. Потым, праўда, сталі адкрывацца і вялікія крамы, у якіх усяго ўдосталь, але крамы гэтыя — зноў жа не дзяржаўныя, а тых жа ўчорашніх «чаўнакоў». І ўсё гэта ня дзякуючы Лукашэнку, а насуперак яму. А што было б, калі б яны паддаліся ціску ўладаў і насамрэч настаў бы той час, калі б Лукашэнка, як і абяцаў, паціснуў руку апошняму прадпрымальніку? Былі б такія ж пустыя прылаўкі«
.

Пра тое, які зь дзяржавы гандляр і забесьпячэнец, былыя савецкія грамадзяне добра памятаюць па гадах так званага «разьвітога сацыялізму». Вынік дзяржаўнай манаполіі на гандаль — гэта татальны таварны дэфіцыт, чэргі, хабарніцтва і прыніжэньні...

І тое, што цывілізаваны гандаль у Беларусі пачаў зьяўляцца значна пазьней, чым у суседзяў, — наступства якраз той працяглай і бясплённай барацьбы ўлады з прыватным прадпрымальніцтвам, пра што вы, спадар Васіль, пішаце ў сваім лісьце. Беларусы дагэтуль езьдзяць па якасныя і недарагія тавары ў гіпэрмаркеты Беластоку, Бялай Падляскі ды Вільні, бо ў Польшчы і Літве гандлёвыя сеткі значна больш разьвітыя і прыстасаваныя да патрэбаў спажыўца і значна менш залежныя ад самаўпраўства чыноўнікаў.

Пра вялікі досьвед жыцьця беларусаў ва ўмовах таталітарных і аўтарытарных рэжымаў нагадвае ў сваім лісьце на «Свабоду» Раіса Катлярова з Магілёва. Слухачка піша:

«Я тады вучылася ў першым клясе. У нас у вёсцы на той час яшчэ не было ні радыё, ні электрычнасьці, ні тэлефона. І вось настаўніца прынесла з праўленьня калгаса вестку: памёр Сталін. Памятаю, калі я пераказала гэтую навіну ў вёсцы, мая цётка сказала: „Дзякуй Богу, спрогся“. „Спрогся“ — значыць, памёр нядобрай сьмерцю, здох. Так у нас тады казалі.

Дарэчы, ніякай жалобы, а тым больш сьлёз ні ў сяле, ні ў школе не было. Сяло за камуністамі жыло ў прыгоне і жабрацтве, і ўсё гэта ішло з Масквы, ад Сталіна. Таму людзі, хутчэй за ўсё, спадзяваліся, што са сьмерцю „правадыра ўсіх народаў“ настануць зьмены ў лепшы бок.

І сапраўды, страху стала меней. Можна было пачуць размовы пра тое, пра што раней забаранялася гаварыць. Напрыклад, пра „яжовыя рукавіцы“ з таго самага часу я ня раз стала чуць ад таты, хоць і не зусім разумела, што гэта такое. Наогул, тата быў, па цяперашніх мерках, дэмакратам, таму і я вырасла свабодалюбівай.

...Некалі я пісала вам пра свой кветнік, які пасадзіла ля пад’езда. Ня думала, што вы гэта агучыце. Тым большай была мая радасьць, калі пачула свой ліст па радыё. Дык вось, мой кветнік, адрозна ад так званай „квітнеючай“ Беларусі, буяе, цьвіце і мадэрнізуецца. Я нават у канвэрты зь лістамі на адрас палітвязьняў, якія дасылаю ў калёніі ды турмы, укладала засушаныя кветкі — каб парадаваць тых мужных людзей, якія пакутуюць за Беларусь. Да Новага году і да Дня Волі я напісала
11-ці палітвязьням. Ад Статкевіча, Дашкевіча, Аўтуховіча, Севярынца, Бяляцкага атрымала адказы (ад некаторых нават некалькі). Штосьці не адказалі маладыя: мабыць, ім перашкаджаюць у перапісцы».

Вельмі прыемна было даведацца, спадарыня Раіса, што вы займаеце такую актыўную грамадзянскую пазыцыю і знайшлі ўласны спосаб падтрымаць палітвязьняў, якія ўсё яшчэ застаюцца ў беларускіх турмах. Ім гэтая падтрымка, сапраўды, вельмі патрэбная. Увогуле, болей было б у Беларусі такіх неабыякавых, дзейных, энэргічных асобаў — дык, напэўна, не было б у краіне палітвязьняў. Аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы трымаюцца на страху, пасіўнасьці, запалоханасьці. Там, дзе зьнікае страх і грамадзтва масава пачынае патрабаваць свабоды — самаабвешчаныя «айцы нацыі» вельмі хутка страчваюць свой трон.

На заканчэньне — кароткі ўрывак зь ліста Леаніда Кулеша зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну — рэпліка пра сёньняшнюю беларускую рэчаіснасьць. Слухач піша:

«За камуністамі мне даводзілася чуць такую прыпеўку:

Нам сонца ня трэба —
Нам партыя сьвеціць!
Нам грошай ня трэба —
Работу давай!»


Час нібыта зьмяніўся, але прыпеўка (хоць і ў новай рэдакцыі) зноў актуальная. Цяпер яна павінна гучаць так:

«Нам праўды ня трэба —
Нам „бацька“ ёсьць праўда!
Нам розум ня трэба —
Нам „дур“ падавай!»

На жаль, з доказамі праўдзівасьці гэтых слоў мне сёньня даводзіцца сутыкацца часта«
.

Зьедлівыя радкі, якія вы, спадар Леанід, згадваеце ў сваім лісьце (пра тое, што «Нам сонца ня трэба — нам партыя сьвеціць...»), я ўпершыню пачуў у ’86-м годзе ў раённай газэце, куды толькі што прыехаў на працу пасьля ўнівэрсытэту. Што адметна — пачуў я іх ад сакратара партыйнай арганізацыі рэдакцыі. Калі аўтарытарную сыстэму перастаюць баяцца і пачынаюць зь яе насьміхацца (нават тыя, хто закліканы ёй аддана служыць) — сыстэма гэтая доўга не праіснуе. Прынамсі, такую выснову я зрабіў з уласнага досьведу працы ў савецкім друку эпохі перабудовы і галоснасьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG