Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На канцэрце амэрыканскага рок-гурту Faith No More у маскоўскім клюбе Stadium выступілі удзельніцы гурту Pussy Riot. Пяць дзяўчат прачыталі кавалак тэксту зь песьні «Бунт России» антыпуцінскага зьместу.

У канцы канцэрту дзяўчаты з Pussy Riot выйшлі на сцэну, запалілі фэервэркі і расьцягнулі на сцэне банэр з надпісам «Таганский суд. Четвертое июля. 12.00».

4 ліпеня ў Таганскім судзе Масквы адбудзецца чарговае паседжаньне па справе затрыманых удзельніц гурту — Надзеі Талаконьнікавай, Марыі Алёхінай і Кацярыны Самуцэвіч. Ад сакавіка яны знаходзяцца пад вартай. 20 чэрвеня суд працягнуў ім арышт да 24 ліпеня.

Пасьля выступленьня Pussy Riot музыкі Faith No More вярнуліся на сцэну і выканалі адну са сваіх найбольш знакамітых песьняў «We care a lot» — «Нам зусім не ўсё роўна» . Пры гэтым амэрыканскія музыкі былі ў масках у стылі Pussy Riot і футболках з такімі выявамі.



Faith No More — не адзіны заходні гурт, які выступіў у падтрымку арыштаваных удзельніц Pussy Riot. На пачатку чэрвеня амэрыканскі гурт Anti-Flag запісаў сваю вэрсію песьні Pussy Riot, а пазьней у Нью-Ёрку прайшоў канцэрт у падтрымку арыштаваных, у якім браў удзел Адам Горавіц з гурту Beastie Boys.

Сёлета 21 лютага фэмінісцкая панк-група «Pussy Riot» зладзіла пэрформанс ля ўваходу ў алтар храма Хрыста Збаўцы. Супраць іх распачалі крымінальную справу па артыкуле «хуліганства». Максымальнае пакараньне па гэтым артыкуле прадугледжвае да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала ўдзельніц Pussy Riot вязьнямі сумленьня.
XS
SM
MD
LG