Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ні кажыце, а акуратна засеяныя палі ўздоўж галоўных дарог выглядаюць вельмі эстэтычна. Але наколькі ж брыдка глядзіцца поле, разбуранае будаўнічай тэхнікай! Калі ўрадлівую глебу, ужо засеяную рапсам, зразаюць бульдозэрамі, каб уладкаваць агромністую будаўнічую пляцоўку. Такі непрыглядны малюнак каля віленскай трасы ўжо месяц могуць назіраць і падарожнікі, і жыхары блізкіх вёсак Даўгулёўшчына і Канюшаўшчына. Паміж гэтымі вёскамі набыў сабе хутар вядомы музыка, стваральнік гурту «Стары Ольса» Зьміцер Сасноўскі. Зь якім мы і аглядаем навакольле.
— Вось глядзі. Уезд на аб’ект. Пашпарт адсутнічае. Узарвана поле СПК «Пяршаі», дзе людзі паклалі сваю працу. Паліва палілася. Усё гэта зьнішчаецца. Вунь там азімая пшаніца, велізарныя ўсходы. І гэтае поле ўзрываецца. Вунь там ты бачыш буравую ўстаноўку. Там бурыцца сьвідравіна, каб ніжэй грунтавых водаў можна было б забраць ваду. Гэта кажа пра тое, што яны будуць піць чыстую ваду. У адрозьненьне ад астатніх. Дзе вада атрымае забруджаньне, рана ці позна ўсё гэта туды трапіць. Гэтая зямля звозілася да ўчорашняга дня на поле яравой пшаніцы.

Сумеснае беларуска-дацкае таварыства «Данпрод» паціху пачало будаваць прадпрыемства, каб вырабляць бэконную сьвініну, сьвінакомплекс на сто тысяч галоў. Гэткі сьвінячы мэгаполіс. Па-дацку хутка і па-беларуску сьціпла. Нікога не апавясьціўшы і нікога не турбуючы. Але з кожным днём будоўля на полі ўсё больш абрастала самымі неверагоднымі чуткамі. Пакуль Зьміцер Сасноўскі ня вырашыў сабраць у вяскоўцаў подпісы пад лістом у абласную адміністрацыю супраць гэтай будоўлі.

— Тут будуць 12 велізарных ангараў сьвінакомплексу. На пытаньне «Чаму вы пачалі працаваць, калі яшчэ ня выраблены пашпарт аб’екта?» адказ быў такі: выдзеленыя грошы — іх трэба асвоіць. Гэта значыць, санітарны кантроль, экалягічная экспэртыза і яшчэ шмат экспэртыз — яны ня могуць быць за месяц пройдзеныя. І самае галоўнае з усяго гэтага вось, — што ў густанаселенай мясцовасьці. У мясцовасьці, дзе калгасы маюць шмат фэрмаў. У экалягічнай мясцовасьці. Тут фарэль водзіцца, тут аграсядзібы вакол. Вунь там, мы бачым, за чатыры кілямэтры пачатак Налібоцкай пушчы. Поўная пагарда да думкі людзей, нікога не інфармуюць. Узрываюць засаджаныя палі, дзе ўжо затрачаныя сродкі. Гэта ўсё ня проста глупства, гэта злачынства.

Са Зьмітром, які нясе чыстыя блянкі для подпісаў, мы накіроўваемся ў Даўгулёўшчыну. Прызнацца шчыра, я слаба веру ў посьпех Зьмітровай задумы. Бо адна справа — бурчэць на кухні, а іншая — паставіць свой подпіс пад словам «супраць». Але гаспадар першай жа хаты, пэнсіянэр Пётар Іванавіч, без ваганьняў расьпісваецца. — Ніхто нічога ня кажа. Толькі чуткі. А каб афіцыйна нешта паведамілі, сабралі людзей, — нічога. Ціха. А трэба ж, каб патлумачылі. Што за комплекс? Нас будуць адсяляць ці мы нават не адчуем яго?

Затым, безь ніякіх угавораў, ставіць подпіс і ягоная жонка. — Пах непрыемны. З вадой будуць прымесі, нечыстоты. Можа, у калодзежы і вады не нап’есься. Вядома, мне гэта не падабаецца. Ніхто ня кажа, што тут робіцца. Можа, які палігон. Толькі пойдзеш у аўталаўку, людзі чуткі распускаюць. Там усе навіны пачуеш. Усе баяцца, што выселяць, і ўсе баяцца, што, магчыма, самі ўцячэм. Вось такія гутаркі.

80-гадовы Часлаў Адамовіч жыве каля старой фэрмы. І ўсё жыцьцё цярпіць ад гною, які вывальваецца з грузавікоў каля ягонай хаты. — Падпішыцеся супраць гэтага комплексу.

— А судзіць мяне ня будуць за гэта?

— Не пры Сталіну ж жывем.

— Як усе, так і я. Але ў чым справа. Чаму нічога не сказалі? Вы ведаеце што? Я пражыў усё жыцьцё ў гэтым г... Я жыву каля дарогі. Гной возяць. Дык хай панюхаюць усе, я лічу. Бо ім ні х... не мяшала. Давай падпішу. І баба. Хадзі сюды!

— А я дык нават зусім і ня супраць.

Ходзячы па Даўгулёўшчыне, я ня мог нарадавацца сваёй памылцы. Аказваецца, калі справа тычыцца таго, чым ты будзеш дыхаць і што ты будзеш піць, кудысьці дзяваецца страх выступіць супраць улады.

Але ня толькі матэрыяльныя рэчы хвалююць жыхароў. Вось малады мянчук Сяргей, які прыехаў адведаць радавое гняздо, зь цяжкасьцю стрымлівае эмоцыі. — Я ня супраць сьвінакомплексу. Абсалютна не. Гэта добрая справа. Але якога х... будаваць сьвінакомплекс на тэрыторыі нашых продкаў? Тут мая мама, мой тата памерлі. Тут засталася іхная зямля. Гэта мая спадчына. Чаму я павінен адмаўляцца ад гэтай тэрыторыі? Хай яна мне нават не патрэбная. Мне галоўнае — мая памяць. Мая тэрыторыя недатыкальная. Яна сьвятая. Тут жылі мае продкі, і ніякага сьвінакомплексу тут ня будзе.

— Слухайце, я не пазнаю беларусаў. Бо звычайна дабіцца ад іх нейкага подпісу...

— Тут жылі мае продкі. Тут яны былі жывыя. Тут яны стваралі. Вось і ўсё.

У размову ўступае сусед Сяргея, Яўген. — Яшчэ адзін цікавы момант. Тры калгасныя дамы зносяцца пад бульдозэр. Але ніхто ня ведае, чаму яны зносяцца. А мы застаёмся. Тут жыць немагчыма будзе, дыхаць немагчыма будзе. Бо мікравэнтыляцыя будзе стаяць у парасят. Парасяты будуць сьвежым паветрам дыхаць, а мы — г...м. Сто тысяч сьвіней. Тут зямля выгарыць. Віцебская вобласьць пустая. Талачынскі раён пусты. Людзі не жывуць. Маскоўская траса. Будуйце, што хочаце. Там людзі толькі «за». Бо працы няма.

— Хоць адзін «плюс»...

— Для нас — ніякага.

— Можа, для краіны ў цэлым. Але ўрад плюе на нас.

— І гэта ня самае страшнае. Самае страшнае, што няма інфармацыі.

Сапраўды. Інфармацыі няма ніякай. Старая Ірына Радына ўсе гарачыя навіны даведваецца каля аўталаўкі.
— Як вы даведаліся пра гэты сьвінакомплекс, які будзе будавацца?

— Адзін аднаму. Так і пайшло. Мы супраць. Як гэта так? Усё жыцьцё пражылі бацькі, дзяды. І нехта прыехаў, каб гной ішоў сюды. Можа, да нас і ня дойдзе. Але як разбудуюць на сто тысяч галоў, дык паху хопіць. Гэта ж сьвіньні.

— А як далёка людзі гатовыя ісьці ў адстойваньні?..

— Пісаць, раіцца. Мо да Лукашэнкі ісьці трэба. Ён жа наш гаспадар. А то скажуць высяляцца, як з Чарнобылю.

— Вы за Лукашэнку?

— Так.

— І вось мы яму напішам, подпісы зьбяром, а ён дазволіць тут будавацца. Усё роўна будзеце за яго?

— За яго.

— А калі ён ніякай увагі ня зьверне?

— Зьверне. Зьверне ўвагу. Ён заўжды за людзей.

У Сасноўскага сабрана ўжо больш за дзясятак подпісаў. І ніводзін чалавек не адмовіўся. Проста нейкае дзіва. Мы шпацыруем са Зьмітром ад хаты да хаты. І я са зьдзіўленьнем назіраю за савецкімі сялянамі, якія без разважаньняў пішуць словы «я супраць» і ставяць свой аўтограф. Валянцін Іванавіч Адамовіч, сур’ёзны, разважлівы стары, былы калгасны брыгадзір, запрашае нас прысесьці на вэрандзе.
— Мы век пражылі ў гнаі. Кім я толькі за 33 гады не рабіў. І брыгадзірам, і начальнікам участку. Ну хоць бы пад старасьць адсунуцца. А яны зараз адплывуць. А тут яшчэ адна задача, таварышы. Тут яшчэ на гэты бок паставяць якую вытворчасьць. Скуру будуць абрабляць. Яшчэ лепш будзе. Мы яшчэ плаваем. Тут нікому месца ня будзе. Яны ж пашырацца будуць. Чаго яны ходзяць з палкамі, мераюць? Штосьці плянуюць.

— А я ўсё дзіўлюся, што ўсе як адзін падпісваюцца супраць і ніхто не баіцца.

— А што там за страх? Мы што, крадзем што? Мы ж у Чачню не ідзем яшчэ. А можа, яшчэ прыйдзецца. Гэта ж нахабства. Лезуць цішком, грабуць.

Вельмі цікавая гутарка ў мяне адбылася з Валянцінавай суседкай, пэнсіянэркай Рэгінай Адамовіч. Цётка Рэгіна абсалютна ня верыць у посьпех ніякіх пэтыцый. Але подпіс свой паставіла.

— Колькі ні жывем, з пакаленьня ў пакаленьне ні фіга не перадаецца. Мая бабуля казала: колькі пакаленьняў тут праходзіла, і нічога нікому па спадчыне ня трапіла. Тут войны, тут раскулачваньні. Тут куплялі зямлю, тут жылі добра, стараліся для дзяцей. Замардавалі.

— Гэта вы пра 39-ты год?

— І пра 39-ты, і пра 14-ты, і пра які тут ня быў. З пакаленьне ў пакаленьне нічога тут не было і ня будзе.

— Няўжо ніколі ня будзе?

— Усе тут топчуцца. То французы, то палякі, то рускія. Гэта этап прайшоўшы. Чаму землі куплялі? Чаму гэтая спадчына ня трапіла нам? Чаму не перадалося дзецям? Хадзілі ў лапцях, рабілі, па кропельцы зьбіралі гэтую зямлю. Каб было ўнукам, праўнукам. Чаму нічога не засталося на сёньняшні дзень?

— Таму што ніхто не падымае гэтае пытаньне.

— Таму што бескарысны гэты нумар. Ну, пайшла б я, знайшла, недзе ж у архівах павінна быць. Беларусь — пераходзячы фронт. Туды, сюды. Гэта не заграніца, дзе стабільнасьць.

— А чаму вы супраць комплексу?

— Экалёгія парушыцца. Сам комплекс ня страшны. Але калі нейкі мясакамбінат упруць... Гэта горш, чым той гной. Проста так закладзена ў беларусаў. Як той Бог некалі дзяліў, а Беларусі што засталося.

— А што? Віна саміх беларусаў ёсьць?

— Людзі яны працавітыя. Толькі рабіць. А ў палітыку ніхто не ўнікае.

— Дык, можа, у гэтым бяда?

— Гэта ўжо ў крыві ў нас. Мы стараемся і сваім дзецям гаварыць: «Ня лезьце ў палітыку. Рабіце чэсна». Бо гэта нічога ня будзе і нічога ня выйдзе. А праліцьцё крыві, маршы — гэта, знаеце...

— Тут, мне здаецца, ёсьць памылка. А што такое палітыка, як не барацьба за справядлівасьць? Толькі гэта. «Ня лезьце ў палітыку» — гэта значыць «Не змагайцеся за справядлівасьць».

— Дык яно не дапамагае. Дзе яно дапамагло калі? Канечне, як другія людзі адстойваюць крывёй сваёй, чэснасьцю... Гэта іхная слава, іхнае падзьвіжніцтва. А калі нешта тычыцца ўнутраных сваіх спраў, мы нічога ня зробім. Растлумачыць людзям: што гэта такое? На падставе чаго вы робіце? Каб людзі ведалі ўсё. Інфармацыя трэба людзям. Дайце плян паглядзець. Хто будзе гаспадаром на нашай зямлі? З гэтага пачынаць трэба.
Вы прыкмецілі, ЯК гэтая былая калгасьніца вымавіла словы «нашая зямля»? Гучна. Інтанацыйна падкрэсьлена. Бо гэта не пустыя словы. Яна па-ранейшаму лічыць гэтую зямлю сваёй па праве. Бо яе купілі яе дзяды, зьбіраючы грошы гадамі. Я ніколі ня чуў ад сялян абурэньня з нагоды парушэньняў правоў чалавека. Ці словаў пра адсутнасьць дэмакратыі. Гэтыя незразумелыя паняцьці існуюць недзе там, у далёкім Менску. Але варта закрануць тэму спадчыннай зямлі, і абстрактныя словы пра правы і дэмакратыю набываюць канкрэтны сэнс. Але чаму ніхто пра гэта не гаворыць? Ніводная палітычная партыя за ўсе гады незалежнасьці не ўздымала тэму рэстытуцыі. Вяртаньня адабранага. Мне здаецца, палітык, які першым агучыць гэтую праблему, мае вялікія шанцы набыць сымпатыі ў соцень тысяч людзей.

У палітыцы і спорце, як вядома, разьбіраюцца ўсе. Але калі твайму дому пагражае суседзтва зь велізарным сьвіным горадам, станеш адмыслоўцам і ў сьвінагадоўлі. Як гараджанін Язэп Тышкевіч, чый радавы хутар, дзе ён адпачывае летам, будзе непасрэдна межаваць з будучым сьвінакомплексам.

— Тут мацнейшая гаспадарка. А гэты комплекс ставіцца побач. А як эпідэміі розныя? Літаральна два кілямэтры адлегласьць. Ня дай Бог якая інфэкцыя — гэта будуць пастаянныя разборкі. Адкуль да каго прыйшла. Павінны ж быць нейкія санітарныя разрывы. Сто тысяч галоў! Нейкая бяка зьявілася на старым сьвінакомплексе — і ўсё пад нож.

— Сьвіньні ня пройдуць! Но пасаран!

— Яны зараз набудуюць комплексаў, але мы такой кармавой базы ня маем. Яны ня здымуць той аб’ём збожжавых, каб хапіла пракарміць. Што яны тут возьмуць? Ячмень?
Такім чынам, прайшоўшыся па вёсцы, Зьміцер Сасноўскі назьбіраў некалькі дзясяткаў подпісаў. Ніводзін чалавек не адмовіўся падпісацца пад тым, што набалела. А я ўяўляю, каб такую актыўнасьць людзі праяўлялі па кожным выпадку, які хвалюе. Колькі б у краіне не зачынілася школ. Колькі было б адрамантавана дарог. І, напэўна, нашмат з большым толкам траціліся б грошы, якія пайшлі на плітку і платы.

А чым скончыцца даўгулёўшчынская гісторыя, мы яшчэ паглядзім. Маэстра Сасноўскі верыць у посьпех.

— Такі комплекс патрэбны Беларусі, але патрэбны ў маланаселенай мясцовасьці. Дзе няма такіх экалягічна важных аб’ектаў. Дзе няма спрэс засаджаных палёў, якія трэба псаваць. Дзе няма жывёлагадоўлі. Там трэба такі комплекс, а ня тут.

— У ідэале чаго хочацца дамагчыся?

— У ідэале — спыніць будаўніцтва, вярнуць гэтыя палі людзям. Бо, страціўшы гэтыя палі, людзі губляюць працоўныя месцы. І перанесьці, калі гэта праграма разьвіцьця сельскай гаспадаркі, у тыя мясцовасьці, якія маюць патрэбу ў такім комплексе.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG