Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія недзяржаўныя арганізацыі сталі замежнымі агентамі


Дзярждума Расеі неўзабаве пачне разглядаць законапраект, які ўзмацняе кантроль за расейскімі некамэрцыйнымі арганізацыямі (НКА), якія фінансуюцца з-за мяжы. Заканадаўчая прапанова ўжо ўхваленая ўрадам і Вярхоўным судом Расеі. У той жа час расейскія праваабаронцы працягваюць крытыкаваць гэтую ініцыятыву: на думку кіраўніка прэзыдэнцкай рады па правах чалавека Міхаіла Фядотава, у адпаведнасьці з новым законам статус «замежнага агента» павінна будзе атрымаць нават руская праваслаўная царква.

Паводле лідэра думскай фракцыі «Адзінай Расеі» Андрэя Вараб’ёва, законапраект аб наданьні статусу «замежнага агента» расейскім некамэрцыйным арганізацыям, што фінансуюцца з-за мяжы і займаюцца палітыкай, будзе разгледжаны дэпутатамі Дзярждумы ў першым чытаньні ўжо 6 ліпеня. Аўтарамі законапраекту выступілі дэпутаты ад «Адзінай Расеі» Аляксандар Сідзякін і Ірына Яравых. У інтэрвію Радыё Свабода Аляксандр Сідзякін патлумачыў:

«Існаваньне такога закону прадыктаванае самой магчымасьцю падзяліць НКА на тыя, якія займаюцца палітычнай дзейнасьцю, і на тыя, якія не займаюцца палітычнай дзейнасьцю. Аб гэтым ёсьць і міжнародныя рэзалюцыі, у іх паказваецца магчымасьць такога падзелу. Калі ты з замежных крыніц уплываеш на палітычнае жыцьцё ў краіне, то мы хочам вылучыць якраз менавіта гэтую катэгорыю.»

Паводле новага законапраекту, для некамэрцыйных арганізацый, якія атрымліваюць грошы з-за мяжы і якія ажыцьцяўляюць палітычную дзейнасьць на тэрыторыі Расеі, будзе ўведзены асобы парадак справаздачнасьці. Даваць справаздачу перад Мінюстам аб сваёй дзейнасьці НКА, трактаваныя законам як «замежныя агенты», павінны будуць раз на шэсьць месяцаў. Раз на год для іх уводзіцца абавязковая аўдытарская праверка (для параўнаньня — «звычайныя» НКА правяраюць раз на тры гады). Пад дзеяньне новага закону патрапіць каля тысячы арганізацый. Сярод іх могуць апынуцца экалягічныя НКА і «Transparency Internetional — Расея». Выканаўчы дырэктар асацыяцыі «Голас» Рыгор Мелькан’янц лічыць, што ўлада спрабуе такім чынам узьдзейнічаць на непадкантрольныя ёй арганізацыі:
Тых, хто не ўбудаваны ва ўладную „вэртыкаль“, яны хочуць паставіць пад такі кантроль, што часу займацца уласна статутнай дзейнасьцю ня будзе

«Калі б яны маглі знайсьці і ў чымсьці абвінаваціць гэтыя арганізацыі, то яны б гэта зрабілі ўжо сёньня. Яны ня могуць змагацца з тымі, хто не ўбудаваны ў іх „вэртыкаль“. Мы ведаем, колькі некамэрцыйных арганізацый атрымліваюць фінансаваньне з бюджэту, ад падкантрольных камэрцыйных арганізацый. Так што ў іх ёсьць пул сваіх. А вось тых, хто не ўбудаваны ў гэтую „вэртыкаль“, яны хочуць паставіць пад такі кантроль, што часу займацца уласна статутнай дзейнасьцю ў іх ня будзе.»

Паводле новага закону, штрафы дасягаюць аднаго мільёну рублёў, а ў некаторых выпадках прадугледжаная і крымінальная адказнасьць у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да трох гадоў. Кіраўнік прэзыдэнцкай рады па правах чалавека Міхаіл Фядотаў кажа, што закон напісаны дрэнна:

«Гэты законапраект уяўляе сабой вельмі няякасны прадукт. Самае галоўнае, я ня вельмі разумею, якую мэту перасьледуюць яго аўтары. Калі гаворка ідзе аб фінансавай празрыстасьці арганізацый, якія атрымліваюць сродкі з-за мяжы, то ў мяне ўзьнікае пытаньне: а чаму не павінна быць такой жа фінансавай празрыстасьці для арганізацый, якія атрымліваюць сродкі не з-за мяжы? Фінансавая празрыстасьць павінна быць, мабыць, ва ўсіх некамэрцыйных арганізацый.»

Паводле Міхаіла Фядотава, у цяперашнім выглядзе пад законапраект падпадае нават РПЦ, якая атрымоўвае фінансаваньне ў тым ліку і з замежных прыходаў. Акрамя таго, кіраўнік рады адзначыў, што ў водгуку Вярхоўнага суду на дадзены законапраект ёсьць цэлы шэраг сур’ёзных пярэчаньняў.

Варта дадаць, што калі ў Расеі заканадаўцы імкнуцца паставіць пад больш жорсткі кантроль арганізацыі, якія выкарыстоўваюць замежную дапамогу на палітычную дзейнасьць, то ў Беларусі пэўны час таму прыняты падобны законапраект, які проста крыміналізуе атрыманьне замежнай дапамогі на грамадзка-палітычныя мэты. Паводле паправак у Крымінальны кодэкс РБ, «атрыманьне, а таксама захоўваньне, перамяшчэньне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці ці іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, або фінансаваньня палітычных партый, саюзаў (асацыяцый) палітычных партый, падрыхтоўкі або правядзеньня выбараў, рэфэрэндумаў, адклiканьня дэпутата, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, арганізацыі або правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый, пікетаваньня, страйкаў, вырабу або распаўсюджаньня агітацыйных матэрыялаў, правядзеньня сэмінараў або іншых формаў палітычнай і агітацыйна-масавай работы сярод насельніцтва, учыненыя на працягу году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за такія ж парушэньні, караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў, або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG