Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах забаранілі мітынг


Мікола Чарнавус

Мікола Чарнавус

Баранавіцкі гарвыканкам забараніў мясцоваму прадпрымальніку і грамадзкаму актывісту Міколу Чарнавусу праводзіць мітынг 9 ліпеня.

Гэтым мітынгам Чарнавус меркаваў выказаць пратэст супраць парушэньняў падчас выбараў у раду Цэнтральнага рынку.

Мікола Чарнавус таксама ставіў на мэце «данесьці да насельніцтва інфармацыю пра тое, што ў краіне абвешчаныя парлямэнцкія выбары 23 верасьня».

У адказе з гарвыканкаму паведамілі, што на мітынг дазволу няма, бо заяўнікам ня выкананыя патрабаваньні закону аб масавых мерапрыемствах і рашэньня гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах у Баранавічах.

Чарнавус плянаваў, што ў мітынгу 9 ліпеня ў Старым парку Баранавічаў возьмуць удзел да тысячы чалавек.

У заяўцы Мікола Чарнавус даводзіў, што «на мітынгу ня будзе плякатаў супраць скіданьня Прэзыдэнта РБ і ўраду. Будуць толькі плякаты «Ярмошына: парляманцкія выбары і калгасныя выбары — гэта адно цэлае», «Суды і пракуратура супраць чэсных і справядлівых выбараў».

Мікола Чарнавус працяглы час дабіваецца адмены вынікаў выбараў у раду рынку.

Мікола Чарнавус кажа, што ў выбары ўмешваліся мясцовыя ўлады і адміністрацыя Баранавіцкага каапрынку. Прадпрымальнік цьвердзіць, што адміністрацыя «правяла» ў раду рынку патрэбных прадстаўнікоў.
XS
SM
MD
LG