Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Філёзаф Леа Штраўс некалі запусьціў ва ўжытак тэрмін «Reductio ad Hitlerum» — калі погляды ці паводзіны апанэнта абвяшчаюцца неадэкватнымі, бо так выказваўся ці рабіў Адольф Гітлер. Шкада, што ў моўных спрэчках вакол апошняга блогу Яна Максімюка зьявілася процьма падобных закідаў. Ня толькі камэнтатары ў форуме, але і Франак Вячорка ў канцы сваёй палемікі з Максімюком фактычна ставіць таго ў адзін шэраг з Мураўёвым-вешальнікам і Аляксандрам Лукашэнкам, не даючы нейкай канкрэтнай прэзыдэнцкай цытаты па моўным пытаньні.

Так і хочацца перафразаваць аднаго сучаснага палітыка: «Ня толькі кепскае зьвязана зь вядомым Янам Максімюком» :)

Але калі аўтару ў камэнтарах даводзіцца тлумачыць свой блог «для сяміклясьнікаў» і нагадваць пра свае заслугі перад беларушчынай, дык можа сапраўды нешта атрымалася ня так?

Падаецца, што крытыку справакаваў як сам тэкст Максімюка, гэтак і тое, чаго ён не напісаў. Былі радкі пра жаданае некім «камфортнае моўнае гета» з добрымі ганарарамі, званьнямі народных пісьменьнікаў ды яшчэ катэдрамі беларускай літаратуры па ўсёй краіне «з сэксуальнымі чарнявымі і бялявымі студэнткамі ў прычэпку», але пры гэтым нічога пра дзяржаўную палітыку, якая якраз і намагаецца загнаць беларускую мову ў гета. Ані сказу пра фактычную адсутнасьць дзяржаўнага кіраваньня і вышэйшай адукацыі па-беларуску. Ані слова пра тое, якія дадатковыя праблемы стварае чалавеку беларускамоўнасьць у штодзённым жыцьці ў Беларусі.

Як я разумею, гэтыя рэчы падаюцца Яну агульнавядомымі, ня вартымі згадкі лішні раз. Але без такога кантэксту аўтарскія заклікі робяць уражаньне, што гаворка пра нейкую іншую краіну.

У гэтай краіне беларускамоўныя нібыта лічаць расейскамоўных «анамаліяй, якую з валізамі трэба выслаць ва ўсходнім кірунку зь нейкага вакзалу». У ёй гопнікі нахабна заходзяць у грымёрку «Ляпіса Трубяцкога» пасьля канцэрту, пляскаюць Сяргея Міхалка па сьпіне і паблажліва-пагрозьліва кажуць: «Ну, нішто сабе пару песенек было, ціпа там „Зорачкі“. Толькі чаго ты, Сярога, сваю маскальскую лухту ўсё ня кідаеш? Нармальныя пацаны цяпер тока па-беларуску сьпяваюць».

Такая сцэнка ў сучаснай Беларусі, мякка кажучы, малаімаверная — і ня толькі таму, што канцэрты «Ляпісаў» забароненыя ў прынцыпе, незалежна ад мовы выкананьня. Ян Максімюк пра гэта добра ведае, але ўсё роўна абараняе права Кулінковіча і Міхалка сьпяваць па-расейску, хоць на гэтае права ніхто сур’ёзнага замаху ня робіць.

У праграме «Вынікі дня» Ян так патлумачыў сваю пазыцыю: «Пры гэтай уладзе беларуская мова сябе адчуць лепей ня можа. Трэба зьмяніць уладу. Зьмяніць уладу ў Беларусі можа толькі народ. А беларускамоўныя ў Беларусі ў меншасьці. Значыць трэба шукаць саюзьнікаў сярод расейскамоўных беларусаў, якім, магчыма, гэтак не баліць сэрца за беларускую мову, але яны таксама хацелі б жыць у дэмакратычнай краіне».

Разважаньні слушныя, але калі прыгадаць папярэдні кантэкст, дык у іх схавана адразу некалькі сумнеўных дапушчэньняў — 1) што менавіта беларускамоўныя больш за ўсё хочуць зьмяніць уладу ў Беларусі, 2) што яны ня хочуць ў гэтай справе супрацоўнічаць з расейскамоўнымі, і нават 3) што расейскамоўныя баяцца зьменаў, бо беларускамоўныя пагражаюць «пасадзіць іх на валізы».

Агулам вымалёўваецца карціна ледзьве ня моўнай грамадзянскай вайны, у якой абодва бакі нарадзіліся і жывуць у сваім лягеры. Але шмат хто з маладых творцаў да беларускамоўнасьці прыйшоў не зь дзяцінства. Тое самае тычыцца і маладых беларускамоўных увогуле. Гэта быў сьвядомы выбар, і адным з чыньнікаў такога выбару якраз было адчуваньне «анамаліі». Адчуваньне скрыўленасьці, несправядлівасьці, ненармальнасьці моўнай сытуацыі і свайго месца ў ёй, а не прэтэнзіі да суайчыньнікаў.

У адным можна цалкам пагадзіцца зь Янам — расейскамоўныя беларусы для нас «застануцца братамі [і сёстрамі] да канца, нават калі і ня схочуць гаварыць з намі па-беларуску». Горш будзе, калі ў агляднай будучыні большасьць беларусаў гаварыць з кім заўгодна па-беларуску ня зможа, а шмат хто беларускай мовы папросту не зразумее.

І ў гэтым будзе доля віны ня толькі ўлады ці маўклівай большасьці, але і тых беларускіх творцаў, якія вырашылі, што мова ім зусім непатрэбная.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG