Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Вітушка. На Купальле


Мастак Міхал Анемпадыстаў

Мастак Міхал Анемпадыстаў

Казка з кнігі С.Вітушкі "Дзінь-дзілінь. Пара гуляць у казкі!". Менск, 2011

Як вядома, на Купальле здараюцца цуды. Скарбы паказваюцца з зямлі, зьвяры і птушкі гавораць чалавечымі галасамі, дрэвы і камяні пераходзяць зь месца на месца...

I вось аднойчы ў Менску на Купальле здарыўся такі цуд. Позна ўначы, калі ўвесь горад ужо спаў, каля помніка Янку Купалу зацьвіла нарэшце папараць-кветка. Ад яе абудзіўся і вялікі паэт. А як потым аказалася, і іншыя помнікі.

Купала расправіў плечы, абтрос пыл вякоў, узяў кіёк дарожны і сказаў: «На сход, на вялікі сход!» I сам пайшоў.

Спачатку ён пайшоў да рэчкі Сьвіслачы (яна цячэ непадалёку). Там плёскаліся Дзяўчаты-купалінкі.

— Дзеўкі, канчай гэтыя распусныя гульні! Настаў час змаганьня. Сёньня нам трэба разьбіць ворагаў і ачысьціць родную зямлю ад чужынцаў! Апранайцеся зараз жа і бяжыце зьбірайце ўсіх нашых, — сказаў Янка Купала і нават паліто сваё зьняў, каб дзяўчатам было што апрануць.

— Што вы, спадар Янка! Мы пойдзем так — як сапраўдныя амазонкі. Нашых будзем натхняць, а ворагаў заманьваць у засаду.

Кінуліся яны бегчы. Адна пабегла да Максіма Багдановіча. Багдановіч убачыў дзяўчыну і пачаў горача шаптаць: «Зорка Венера...»

— Адставіць, спадар паэт! Цяпер ня час на любошчы. Час выпраўляцца ў пагоню.

— А-а-а! Дык тады ў пагоню! — сказаў паэт і рашуча працягнуў іншым вершам. — Біце ў сэрцы іх, біце мячамі...

А Марат Казей тым часам падглядаў за гэтай сцэнай, ён жа партызан! I кажа:

— Вазьміце й мяне, вазьміце й мяне!

— Пачакай, — спыніла яго дзяўчына, — ты ж малы яшчэ!

-А што, вы не глядзіце, што я малы. Вунь як узброены — і граната, і аўтамат!

— Добра, ідзі, толькі ня лезь наперад.

Другая дзяўчына пабегла да Якуба Коласа. Колас, пачуўшы навіну, трохі пасядзеў, падумаў і сказаў: «Я маўчу, маўчу, трываю, але хутка загукаю — стрэльбы, хлопчыкі, бяры!».

Трэцяй дзяўчыне выпала самая далёкая дарога — да Францішка Скарыны.

— Дзядзечка Францішак! Усе нашы зьбіраюцца на вялікі сход. Будзем рашаць, як бараніць Айчыну.

— О, добра-добра, — адказаў Скарына і пачаў чытаць са сваёй кнігі. — Як пчолы бароняць вульлі свае, як птушкі бароняць гнёзды свае, так і чалавек...

— Дзядзечка Францішак, няма часу слухаць мудрае чытаньне, надта далёка нам бегчы...

Нарэшце ўсе сабраліся каля цырку. Сталі думаць: а куды ісьці? Людзі кожнага разу ірвуцца адсюль на Цэнтральную плошчу. Мусіць, там ворагі і заселі. Хадзем туды!

Шэсьце выглядала прыгожа. Наперадзе йшлі Купала і Колас, Багдановіч і Скарына, за імі Дзяўчаты-купалінкі, ДзедТалаш з вінтоўкай, Марат Казей з гранатай, завяршалі шэсьце Аленка і Сымон са скрыпкай. Зямля скаланалася ад іхняга магутнага поступу. Неба разьлягалася ад гукаў пераможнага гімну: «А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе? Беларусы».

Нішто іх не магло стрымаць, і яны выйшлі на плошчу. А там нікога няма...

Чаму ж тады людзі сюды кожнага разу шчэмяцца?

Тут са сквэру выйшаў Хлопчык зь лебедзем. Вуснамі дзіцяці гаворыць ісьціна, і хлопчык сказаў: «Трэба ісьці далей, да Незалежнасьці. Там стаіць вораг». I нашы героі рушылі далей.

Па дарозе знайшоўся адзін здраднік, са сваіх, тутэйшых — Фэлікс Дзяржынскі. Хацеў ён затрымаць нашых змагароў, але дзе ж ты супраць такой сілы пойдзеш! Нашы разьбілі ворага, на кавалачкі раскрышылі.

Потым ужо людзі знойдуць ягоную галаву і паставяць на пастамэнт на тым самым месцы. Толькі розныя экскурсаводы па-рознаму будуць тлумачаць. Адны стануць хваліцца, маўляў, вунь як нашы героі гэтага гада, толькі галава засталася... А другія бедаваць стануць: вунь як гэтыя гады нашага героя, адна галава засталася...

Ну, але трэба ісьці далей. Калі ўжо біцца дык біцца — падавай галоўнага ворага. Ён захапіў нашу плошчу Незалежнасьці, ён захапіў нашу Бацькаўшчыну. Ну нічога, мы яго зараз разаб’ем. На кавалачкі. На друз. У пыл.

Выйшлі на плошчу. Па дарозе сустрэлі яшчэ Сьвятога Юрыя, спыталіся блаславеньня. «Добрую справу задумалі. Я з вамі пайду. Дзіда мая праткне яшчэ аднаго злыдня», — Сьвяты Юры пераступіў забітага Цмока і паляцеў наперадзе беларускага войска.

I вось падышлі яны да галоўнага ворага. Гэта быў Уладзімір Ільліч Гультаёў. Пастаялі, паглядзелі, зьдзівіліся. Казалі, вялікі правадыр, вялікі правадыр — а ён жа ў параўнаньні зь імі зусім малы. Ды мы яго зараз!

Але не пасьпелі. Запяяў певень. Высьветлілася, што той Цмок, якога яны пакінулі каля Чырвонага касьцёла ляжаць забітым, ня здох, а толькі так, прыкідваўся. I ня тое, што ён шкадаваў бязбожніка Гультаёва, — наадварот, ён сам меў на яго зуб таму, што бязбожнікі нішчылі веру ня толькі ў Бога, але і ў Чорта. Дык вось, гэты Цмок праз сваю брыдкую такую натуру, каб усё папсаваць, узяў і запяяў пеўнем.

А вядома, як певень запяе — канец усім купальскім чарам. I ў адно імгненьне помнікі вярнуліся на месцы.

Але нічога, не апошні раз Купальле сьвяткуем...
XS
SM
MD
LG