Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 ліпеня ў Расеі вырасьлі тарыфы натуральных манаполій, плата за паслугі ЖКГ, паднімуцца кошты на лікёра-гарэлачную прадукцыю і тытунёвыя вырабы; рэзка, у разы, вырастуць штрафы за парушэньне правілаў дарожнага руху.

З 1 ліпеня 2012 года цэны і тарыфы для насельніцтва вырасьлі — на газ на 15%, на цеплавую энэргію на 6%, на электрычнасьць на 6%. Вырасьлі і такія тарыфы ЖКГ, як плата за наём, карыстаньне жылым памяшканьнем, халодную ваду і водаадвядзеньне і г. д. Па асобных пазыцыях будзе падвойнае падаражэньне. Да прыкладу, тарыфы на цяпло паднімуць з 1 верасьня яшчэ на 6%.

У сярэднім тарыфы на паслугі ЖКГ вырасьлі ў 2012 годзе на 12%. Для арганізацый тарыфы вырасьлі або гэтаксама, або нават у яшчэ большай ступені, да прыкладу тарыфы на электраэнэргію — на 11% з 1 ліпеня.

Узьняліся цэны на алькаголь і тытунь, бо чакаецца чарговае павышэньне акцызаў на адпаведную прадукцыю. З 1 ліпеня павялічваецца памер мінімальных розьнічных цэн на моцны алькаголь. Самая танная гарэлка не павінна цяпер каштаваць менш за 125 рублёў за 0,5 літра. Такую самую бутэльку каньяку нельга будзе купіць таньней, чым за 219 рублёў. А наогул акцыз на гарэлку павялічыўся на 20%.

Калі з 1 студзеня 2012 г. акцыз на цыгарэты складаў 460 рублёў за 1 тысячу штук, то з 1 ліпеня ён вырас да 510 рублёў, гэта значыць амаль на 11%.

За парушэньне правілаў дарожнага руху з 1 ліпеня 2012 года давядзецца плаціць шмат больш. Штрафы за многія парушэньні павялічваюцца ў разы (асабліва гэта датычыць Масквы і Санкт-Пецярбургу). Напрыклад, калі ранейшы штраф за рух або прыпынак на паласе, прызначанай для маршрутных транспартных сродкаў складаў 300 рублёў, то цяпер будзе 1500 рублёў, а ў Маскве і Санкт-Пецярбургу 3000 руб. Прыпынак і стаянка на пераходзе або парушэньне правілаў прыпынку і стаянкі на ходніку: было 300 рублёў, будзе максымальна да 3000 рублёў.
XS
SM
MD
LG