Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лукашэнкаў на Эўра-2012 было адно месца на дваіх

абноўлена

1 ліпеня матчам паміж нацыянальнымі зборнымі Гішпаніі і Італіі завяршылася кантынэнтальнае першынства па футболе, якое ўпершыню прымалі дзьве краіны Ўсходняй Эўропы — Польшча і Ўкраіна. Бліжэйшыя чатыры гады ў рангу чэмпіёнаў будуць хадзіць гішпанцы, якія перамаглі італьянцаў зь лікам 4:0. Сьведкам перамогі стаў і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які прыехаў на фінальную сустрэчу разам з малодшым сынам Колем.

Цягам тэлевізійнай трансьляцыі на канале «Беларусь-2» камэнтатары ніводнага разу не згадалі, што на трыбуне кіеўскага стадыёну «Алімпійскі» знаходзіцца кіраўнік Беларусі.

Аднак, мяркуючы па фотаздымках, Аляксандар Лукашэнка разам са сваім малодшым сынам Колем знаходзіўся ў ложы з прэзыдэнтамі іншых постсавецкіх краінаў — Армэніі, Грузіі, Таджыкістану.

Да таго ж, Лукашэнка цягам усяго матчу трымаў малога на каленях.

Прыезд Лукашэнкаў у Кіеў суправаджалі акцыі пратэсту. Украінскія праваабаронцы падпісалі адкрыты зварот да кіраўнікоў замежных дзяржаў з заклікам — «Не глядзіце футбол разам з дыктатарам!».

Паводле грамадзкіх актывістаў, беларускія ўлады ўводзяць усё новыя рэпрэсіўныя захады —разганяюць мірныя сходы, перасьледуюць журналістаў і апазыцыянэраў, трымаюць у турме праваабаронцаў. Маўляў, з такім наборам «заслугаў» беларускаму кіраўніку няма месца ў дэмакратычным сьвеце.

У дзень візыту Лукашэнкі ў Кіеў актывісткі жаночага руху Femen зладзілі пэрфоманс супраць «апошняга дыктатара Эўропы». Адна з удзельніц пераўвасобілася ў вобраз кіраўніка Беларусі, трымаючы за руку дзіця, якое сымбалізавала спадкаемца беларускага дыктатара.

Кіраўніца Femen Ганна Гуцал кажа, што пакінуць без увагі прыезд Лукашэнкі ва Ўкраіну было немагчыма:

«Беларусь — гэта нават не таталітарны запаведнік, гэта ўжо нейкая зона. Бо там, дзе ёсьць такое паняцьце як жалезная заслона, закрытасьць, краіна пераўтвараецца вялікую турму. Пэўна, толькі пры Сталіне быў такі „жасьцяк“, такія наўпроставыя мэтады катаваньня, забойстваў і арыштаў — нават без абгрунтаваньня таго, дзе ля чаго гэта робіцца. То бок, калі ў нас пасадзілі Цімашэнку — маўляў, нешта скрала — дык маюцца хоць нейкія фармальныя падставы. Зразумела, што ёсьць палітычны складнік, але ўлады хоць неяк спрабуюць выбеліць свой твар. У Беларусі ж поўнае бязьмежжа: я — цар і бог, аднаасобна вырашаю лёсы цэлай нацыі. І з гэтай прычыны ўсе павінны сябе паводзіць так, як я захачу. Наколькі я разьбіраюся ў геапалітычнай сытуацыі, на жаль, Эўропа беларусам ня хутка дапаможа, хоць гэта быў амаль адзіны шанец. А Расея тым больш не дапаможа — ёй выгадна, калі існуе такая схема, бо яны і самі паступова скатваюцца да такой схемы».



Дэпартаваны ў 2004 годзе зь Беларусі ва Ўкраіну журналіст Міхаіл Падаляк лічыць, што Лукашэнка сваім прыездам паставіў у няёмкае становішча найперш кіраўніцтва Ўкраіны, якое яшчэ доўга будзе чуць крытыку на свой адрас за патаканьне дыктатуры. На ягоную думку, згода пусьціць на Эўра-2012 беларускага прэзыдэнта яшчэ больш аддаліць Кіеў ад Эўразьвязу:

Міхаіл Падаляк
Міхаіл Падаляк
«Уся сыстэма, якую збудаваў Лукашэнка, — гэта ягоная прыватная ахоўная фірма. Міліцыя, армія, КДБ, пракуратура выконваюць функцыі ахоўнай фірмы сям’і Лукашэнкі, яны ахоўваюць толькі яго, яны не ахоўваюць беларусаў, яны не займаюцца Беларусьсю. Па-сутнасьці, атрымліваецца, што ёсьць грамадзтва, якое называецца краіна Беларусь, і ёсьць сям’я Лукашэнкі, у якой ёсьць свае інстытуты дзяржавы — не беларускай, а тыя інстытуты, якія ёсьць лукашэнкаўскімі. І менавіта вось гэтыя інстытуты дзяржавы ваююць супраць краіны Беларусь. Адпаведна, рэсурсаў у краіны Беларусь, у грамадзтва, няма дзеля таго, каб ваяваць. У іх няма аўтаматаў (можа ім гэта і не патрэбна), у іх няма мэдыйных рэсурсаў, у іх няма чалавечых рэсурсаў. І, галоўнае у іх няма абароны ад таго, што калі не зусім адэкватны чалавек дастае з кішэні пісталет і пачынае страляць па нагах — у імя Лукашэнкі».

Але існуе меркаваньне, што паездка Лукашэнкі на фінал Эўра-2012 дадасьць беларускім уладам імпэту шчыльней заняцца футболам. Вядомы ў мінулым футбаліст Юрый Пудышаў спадзяецца, што нарэшце ў Беларусі чыноўнікі тварам разьвернуцца да футболу:

«Амаль усюды навокал створаныя нармальныя ўмовы, сучасная інфраструктура. Таму Георгій Кандрацьеў на эмоцыях і выказваўся адносна таго, што не гэтым тле надзвычай мала надаецца ўвагу футболу ў Беларусі. З аднаго боку, хочуць, каб футбол у краіне квітнеў, а зь іншага — нічога ў яго разьвіцьцё не ўкладаць. Мы ня будзем каціць на іншыя віды спорту, яны Беларусі гэтаксама патрэбныя, абавязкова. Я зусім не за тое, каб насіцца як зь пісанай торбай — футбол-футбол-футбол, і больш нічога. Але ўвагі гэтаму віду ў нас надаецца меней, чым шэрагу іншых. Павінны і іншыя спартовыя дысцыпліны разьвівацца, мы ж не павінны супрацьстаўляць футбол з тым жа хакеем, і ўвесь час спрачацца, лаяцца з-за гэтага. Ці нейкі іншы від спорту. Мы ня маем такога права. Павінны ўсе віды спорту квітнець. Але трэба больш увагі надаваць, куды больш».

Гэта ня першая паездка Аляксандра Лукашэнкі на буйныя спартовыя спаборніцтвы. У 1998 годзе ён паехаў на зімовыя Алімпійскія гульні ў Нагана, дзе не на жарт аскандаліўся, разам са сваім атачэньнем патаптаўшы на лыжах прыватныя рысавыя палі. А ў 2008-м Лукашэнка разам з малым Міколкам пабываў на Алімпіядзе ў Пэкіне.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG