Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Учора раніцай у віленскай лякарні памёр Сяржук Вітушка, колішні лідэр маладзёвага руху, кіраўнік легендарнай менскай «Талакі», гісторык і пэдагог, аўтар казак для дарослых і дзяцей.

Сяржук Вітушка нарадзіўся ў 1965 годзе ў мястэчку Чысць Маладзечанскага р-на. Скончыў прафэсыйна-тэхнічную вучэльню, працаваў рабочым на «Інтэграле», паступіўна гістфак БДУ, які скончыў у 1989 годзе.

У 1986 годзе Вітушка прыйшоў у моладзевы клюб «Талака». А з 1987, калі яго абралі старшынём таварыства, «Талака» стала адной з самых уплововых арганізацыяў беларускай дэмакратычнай супольнасьці. Цяпер «Талака» — сымбаль моладзевага супраціву таго часу.

Пад кіраўніцтвам Вітушкі «Талака» займалася гістарычна-асьветніцкай дзейнасьцю. Яе актывісты ўдзельнічалі ў архэалягічных раскопах і рэстаўравалі помнікі, змагаліся за стварэньне беларускіх клясаў і школаў. Рабілі ўсё адпаведна назве — талакой.

Шмат каму талакоўцы помняцца як гурба вясёлай моладзі ў аўтэнтычных беларускіх касьцюмах, што сьпяваюць сапраўдныя народныя песьні. Гэтак талакоўцы аднаўлялілі народныя сьвяты — Купальле, Каляды, Гуканьне Вясны.


З 1991 году жыў у Вільні, працаваў у беларускай школе, на радыё і тэлебачаньні. Страціўшы зрок, не спыніў актыўнае дзейнасьці, у прыватнасьці, арганізоўваў «сьляпыя экскурсіі» для беларусаў па старажытнай сталіцы ВКЛ, шмат пісаў казак, п'ес-батлеек і вершаў. У 2011 годзе выйшла яго кніга «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!».

Паводле запавету, пахаваны Сяржук будзе на радзіме.


Сяржук Вітушка. На Купальле (з кнігі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!»)

У Сяржука Вітушкі была цудоўная здольнасьць – прыцягваць у «Талаку» розных людзей, якія выходзілі адтуль сапраўднымі беларусамі.

Сьвятлана Манько: «Вітушка роўны Кастусю Каліноўскаму»

Сьвятлана і Вінцэсь Манько — актывісты «Талакі», прымалі ўдзел у стварэньні Канфэдэрацыі беларускіх суполак. Вінцэсь Манько шмат гадоў аддаў музэю ў Заслаўі — месцу традыцыйных збораў талакоўцаў.

Вінцэсь Манько: Я ўбачыў гэтага чалавека — такога сьветлага, з такой добрай беларускай мовай — і гэта мяне прыцягнула да «Талакі». Не было б «Талакі», ці быў бы я беларусам. І людзей, якія прайшлі праз школу «Талакі» вельмі шмат. Талака — гэта пачатак беларушчыны ў маім жыцьці. Чытаю сёньня ўспаміны Сяржука Вітушкі: толькі дзякуючы яму «Талака» існавала ў гэтыя гады.

Сьвятлана Манько: Думаю, што ён нялёгкую працу ўзьняў на свае плечы. У той час такіх адважных людзей мала было. Адкрыта ствараць нешта для Беларусі, для моладзі, мала хто наважваўся. Калі зараз існую «рэжымная» пэдагогіка, то мы, дзякуючы Сяржуку Вітушку прайшлі нацыянальнае выхаваньне. Для мяне Вітушка мае станоўчы вобраз нацыянальнага героя, роўнага Тадэвушу Касьцюшку і Кастусю Каліноўскаму. Бо паўстаньне Беларусі не ў рэвалюцыйным змаганьні, а ў духоўным адраджэньні. Свабода —усярдзіне нас. Тое, што для нас зрабіў Сяржук Вітушка і ўся Талака, мы працягваем так і жыць, выхоўваем дзяцей, і сталі зусім іншымі людзьмі. Адзін за адным сыходзяць лідары адраджэньня. Гэта ўжо ня першая страта. Толькі за гэты год вельмі шмат сыйшло людзей. Смуткуем, спачуваем удаве Сяржука Людвіцы, бо яна хрышчоная маці нашай дачкі Ўршулі. Разумеем, як ёй і дачцэ Паўліне будзе цяпер цяжка. Бо гэта вялікая страта для ўсёй Беларусі.

Акцыі талакоўцаў былі адчайнымі і жывіліся гістарычным зьместам. Вітушка кіраваў мітынгам на Верхнім горадзе. Тады зімою 1987 менская моладзь выйшла, каб не дапусьціць пабудовы мэтро ў гістарычным цэнтры. У наступным 1988 годзе Вітушка стаў адным з лідэраў Вальнага Сойму беларускіх суполак. А яшчэ пазьней Талака пад ягоным кіраўніцтва стала адным з арганізатараў Канфэдэрацыі беларускіх суполак – першага буйнога згуртаваньня незалежных беларускіх арганізацый.

У 1991 годзе Сяржук Вітушка выехаў у Вільню. Пры жыцьці казаў, што тады гэты ад’езд падаваўся цалкам зразумелым: выглядала, што ў Беларусі адраджэньне ўжо выйшла на трывалы шлях.

Сяргей Вітушка: « А потым аказалася, што ўсё гэта зьвязана зь вялікай працаю, зь вялікай адказнасьцю. Узьніклі новыя праблемы, як, скажам, мяжа. Усе крычалі: «Незалежнасьць, незалежнасьць», але калі б тады сказалі, што паміж Вільняй і Менскам вырасьце вось такая мяжа, якая ў нас сёньня ёсьць, я б сто разоў падумаў, а ці прысьпешваць вось гэтыя перамены па развале Савецкага Саюзу. Гэта, як паказвае цяпер гістарычная практыка, ня самае страшнае было ў тым жыцьці. Акцэнт трэба было рабіць на іншым. На пераменах у людзях, на выхаваньні гаспадарлівасьці, на выхаваньні адказнасьці, сьмеласьці, на разуменьні, што плата за дэмакратыю — гэта штодзённая пільнасьць».

У Вільні побач была жонка Людвіка, нарадзілася дачка Паўліна, утварылася сапраўды беларускае асяродьдзе. Але напаткала і цяжкая хвароба – цукровы дыябет, у выніку якой Сяржук страціў зрок, а пасьля застаўся без нагі. Але і ў Вільні ён не спыніў дзейнасьць на карысьць Беларусі.

Алег Аблажэй: «Ён быў ідэалістам»

Згадвае мастак, грамадзкі дзяяч і сябар Сержука Вітушка Алег Аблажэй:

«Мы ўжо даўно ведалі, чым гэта можа скончыцца і куды вядуць справы. Але ўсё роўна прыгатавацца да такога складана. Усё адно гэтая навіна была для нас нечаканай. Гэта быў чалавек — ідэаліст, які спрабаваў жыць у далёка не ідэальным сьвеце ідэальнымі меркамі. І ад гэтага меў многія праблемы ў сваім жыцьці. Увогуле ягонае жыцьцё можна акрэсьліць такім прызабытым цяпер словам „гераізм“. Як ён змагаўся ў апошнія гады са сваімі бедамі і хваробамі, ніколі не скардзячыся ні на што. Я яго ведаў не адзін дзясятак гадоў, але ані разу ня чуў ніводнага слова скаргі. І мы заўсёды хадзілі набірацца аптымізму менавіта да Вітушку. Гэта быў найбольш аптымістычны чалавек з усёй нашай нешматлікай грамады.

Думаю, што ягоныя „Казкі“ застануцца. Яны адпавядаюць нашаму часу. У наш час, калі надта многа рознага бруду, яны ўражваюць неверагоднай чысьцінёю ўнутранай. Можа, наіўнасьцю. Казкі і павінныя быць чыстымі і наіўнымі. Ён і сам быў такі — чысты і наіўны. Хай яму будзе пухам родная зямля».

Сябра Сержука Вітушкі Сяргей Дубавец:

«Сяржук – адзін з маіх улюбёных аўтараў, зь якім мы разам працавалі ў 1990-я гады і ў «Нашай Ніве», і пазьней на радыё «Балтыйскія хвалі» і кнігі складалі, чаго толькі не рабілі. Усе ведалі, што ён моцна хварэе, але цяпер я бачу, што роля гэтага чалавека ў беларускім руху зусім не асэнсаваная, яго немалая творчая спадчына яшчэ не перагледжаная. Ведаю, што ён пакінуў нам шмат сюрпрызаў у сваіх пакуль нявыдадзеных творах, таму я асабіста зь Сержуком не разьвітваюся».

Сяргей Вітушка: «Калі б сказалі, што паміж Вільняй і Менскам вырасьце мяжа, я б сто разоў падумаў» (Бацькі і дзеці незалежнасьці, 5.09.2011)

Анкета Свабоды: Сяржук Вітушка (25.01.2010)

Сяржук Вітушка: "Я бачу каляровыя сны" (Госьць на Свабодзе, 16.11.2009)

Сяржук Вітушка: “Наш розум заводзіць нас у пастку” (Грамадзкі рэдактар, 21.05.2009)

Сяржук Вітушка: Слухаць “Свабоду” – як дыхаць паветрам (Грамадзкі рэдактар, 18.05.2009)

С.Вітушка: Тады многія дзякуючы войску сталі беларусамі (Госьць на Свабодзе, 16.01.2009)

С.Вітушка: Музэй І.Луцкевіча – працоўнае месца на будучыню (Госьць на Свабодзе, 10.10.2008)

Сяржук Вітушка: “Вільня – гэта не эміграцыя” (Госьць на Свабодзе, 20.02.2007)

Сяржук Вітушка: “Я ня веру, я ведаю” (У што я веру, 19.02.2007)


Прыватны дзёньнік: Сяржук Вітушка (19.02.2006)


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG