Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі студэнт: «Пасьля выбуху ў Осла падумаў: ня лёс мне вучыцца ў Нарвэгіі»


Георгі Чхаідзэ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:59 0:00

Георгі Чхаідзэ

Неўзабаве споўніцца год з моманту падвойнага тэрарыстычнага акту ў Нарвэгіі, учыненага «нарвэскім стралком» Андэрсам Брэйвікам. Ліпеньская трагедыя, у выніку якой загінулі 77 чалавек, стала шокам ня толькі для мясцовых жыхароў. Якраз у тыя дні зьбіраўся ехаць вучыцца ў нарвэскі каледж Red Cross Nordic у мястэчку Флеке (Flekke) мянчук Георгі Чхаідзэ.

Пра рэха выбухаў у Осла і на высьпе Ўтоя выпускнік Беларускага гуманітарнага ліцэю пагутарыў з нашым карэспандэнтам.

— Георгі, у мінулым годзе, якраз калі ты зьбіраў дакумэнты, каб вучыцца ў каледжы, адбыўся самы маштабны ў гісторыі Нарвэгіі тэракт. Якой была твая рэакцыя?

— Я найперш падумаў, што перастануць выдаваць візы, бо якраз візы ў мяне яшчэ не было. Брэйвік, як я памятаю, выступаў менавіта супраць эмігрантаў, а фактычна — быў расістам, хоць заглыбляцца ў гэта ня буду. На самой справе, вядома, насьцярожыўся. Бо калі раптам здараюцца такія рэчы ў краіне, у якую ты зьбіраесься ехаць, яны насамрэч могуць адбіцца на чым заўгодна. Само сабой, падсьвядомы страх адразу зьявіўся. Нічым аргумэнтаваны ён ня быў, усё прайшло добра, аднак, калі я пачуў пра гэты тэракт, нешта ў маёй галаве ўсё ж цокнула — праблемы будуць, будзе нядобра. Але ніякіх наступстваў гэта ня мела. І невялічкі страшок, які быў, урэшце прайшоў — як толькі я атрымаў візу. Вядома, шкада нарвэжцаў, але жыцьцё працягваецца.

— Той выпадак, натуральна, абмяркоўваюць і цяпер — ужо пасьля твайго прыезду ў Нарвэгію. Тым больш што Брэйвіка яшчэ так і не асудзілі...

— Вядома, нарвэжцы тую трагедыю абмяркоўваюць. У нас у каледжы колькі ўсяго скандынаваў — 40%, гэта значыць, недзе 80 чалавек, для іх гэта балючая тэма. Аднак пераважна згадваюць тыя людзі, якія мелі знаёмых сярод пацярпелых у тым тэракце. У нас была адна такая дзяўчына, яна выклала сваё бачаньне на занятках па філязофіі, дык гэтая тэма была ўзьнятая, перарасла ў дыскусію. Але, шчыра кажучы, у штодзённым жыцьці тэма тэракту даволі рэдкая.

— А ўвогуле для нарвэжцаў гэта было шокам? Фактычна беспраблемная краіна — як дагэтуль лічылася — атрымала такі ўдар...

— Для некаторых — шок, а некаторыя, як гэта ні цынічна, проста міма сябе прапусьцілі, дый усё. Краіна ж вялікая. Само сабой, усе яны моцна зьдзівіліся — як і беларусы тэракту ў менскім мэтро. Яны ж звычайныя людзі, таму і звычайная рэакцыя. Тыя, каго гэта закранула, спужаліся вельмі моцна. А чым далей чалавек знаходзіўся ад тых людзей, якія пацярпелі, тым меншая трывога. Але — так, для іх гэта быў шок на самой справе.

— Георгі, апошні год табе давялося кантактаваць выключна з замежнікамі. Беларусь наколькі для іх вядомая, што пра яе ведаюць?

— Людзі з Афрыкі беларусаў ня ведаюць. Для іх краіна Беларусь — з катэгорыі: што, дзе? Не-не, ня чулі. Абсалютны правал, нават нуль ідэяў. Таксама лацінаамэрыканцы ня вельмі абазнаныя. Можа, пару чалавек і ведалі, але толькі таму, што былі хоць неяк зьвязаныя зь Беларусьсю — у мяне сябра-мэксыканец нейкім цудам апынуўся ў Беларусі. Адзінае, што студэнты з Вэнэсуэлы таксама нешта згадваюць. Эўрапейцы ведаюць, безумоўна, арабы — часам чулі пра Беларусь. Азіяты — не, ня ведаюць. Здаецца, перабраў усе часткі сьвету. Так што Беларусь даволі дрэнна вядомая.

Адлегласьці ад Флеке вымяраюцца тысячамі км
Адлегласьці ад Флеке вымяраюцца тысячамі км


— Даводзілася нейкім чынам рэпрэзэнтаваць Беларусь? І на што перадусім націскаў у лікбезе?

— Зразумела, адзначаў асаблівасьці, якія ўласьцівыя Беларусі, але перадусім прадстаўляў краіну праз Чарнобыльскую АЭС. І хоць геаграфічна яна ва Ўкраіне, наступствы аварыі адчула перадусім Беларусь. Таму, каб прыцягнуць увагу, карыстаўся, па-першае, Чарнобылем, па-другое, нашым кіраўніцтвам, якое рэзка вызначаецца на тле іншых урадаў у Эўропе. А так нічым асаблівым прывабіць увагу людзей зь іншых частак сьвету, якіх я пабачыў у каледжы, амаль немагчыма. Кожная краіна па-свойму адметная, таму на прэзэнтацыю Беларусі я патраціў даволі мала часу. Зрэшты, гэтак жа, як і ўсе навучэнцы каледжу: папросту ня хопіць часу, каб паўнавартасна распавесьці пра ўсе сто дзяржаў, якія там прадстаўленыя. Дый людзі, шчыра кажучы, забудуцца пра гэта. Але, дзякуючы маёй невялічкай прэзэнтацыі, яны ведаюць зараз пра дзяржаўны лад у нашай краіне і пра тое, што яна была закранутая Чарнобылем. Усё астатняе хоць і прайшло збольшага міма, але назва Беларусь зараз глыбока засела ў іх сьвядомасьці. Магчыма, нават у падсьвядомасьці. І афрыканцы, лацінасы, азіяты пра Беларусь ужо ведаюць.

— Ты сказаў, што ў каледжы прадстаўлена дзесьці сто нацый і нацыянальнасьцяў. Што ўвогуле сабой уяўляе гэтая ўстанова?

— Усяго тут вучыцца 200 чалавек. 40% зь іх — скандынавы, 20% — уласна нарвэжцы. Такім чынам, недзе 80 чалавек прадстаўляюць пяць краін Скандынавіі. Астатнія — па адным ці па два чалавекі з краін Эўропы і іншых кантынэнтаў. У выніку выходзіць каля ста нацый — сто розных дзяржаў. Зь Беларусі я пакуль што адзін. Мяркуецца, што ў наступным годзе прыедзе яшчэ хтосьці, тады будуць два беларусы.

— Наколькі можна меркаваць, сам каледж месьціцца далёка ад ажыўленых месцаў, так бы мовіць, у «рэзэрвацыі»?

— Безумоўна. Увогуле, Нарвэгія — гэта як адна вялікая вёска. Каледж — гэта кампус, каля нас яшчэ санаторый і людзі жывуць. Ідзе праз горы дарога, і ўздоўж гэтай дарогі то тут, то там трапляюцца дамкі. Але бліжэйшая вёска — за 3 кілямэтры, бліжэйшы невялічкі гарадок — за 15 кілямэтраў. Так што сапраўдная цывілізацыя там вельмі далёка. Дарэчы, сапраўдны вялікі горад — гэта Бэрген, другі па велічыні горад Нарвэгіі. Да яго трэба 4 гадзіны ехаць, хоць ён ад нас і за 100 кілямэтраў. Калі пашанцуе, то і за 3 гадзіны ўправісься. Найперш, трэба яшчэ плыць празь фіёрд, па-другое, там жа гор шмат. Зараз сытуацыя больш-менш уладкавалася, бо Нарвэгія стала багатай краінай. Але нам настаўнік распавядаў, што раней было значна горш: каб трапіць у той жа Бэрген, трэба было плыць вельмі-вельмі доўга. Зараз у нарвэжцаў шмат грошай, яны нарылі паўсюль тунэляў, таму дарога амаль прамая. Але вельмі небясьпечная — дарога толькі на паўтары паласы. Гэта значыць, што дзьве машыны разьехацца ня могуць, адна павінна на ўзбочыну зьяжджаць, стаяць там, пакуль іншая праедзе.

Студэнцкі кампус – на ўлоньні прыроды
Студэнцкі кампус – на ўлоньні прыроды


— Нарвэгію звыкла прыводзяць як узор стаўленьня да прыроды. Ці можна сказаць, што нарвэжцы сапраўды сшалелі на ахове навакольнага асяродзьдзя?

— Яны ўсе выйшлі з прыроды. Большасьць нарвэжцаў — гэта фэрмэры. Яны на зямлі вырасьлі, працавалі зь зямлёй, таму адносіны да прыроды ў іх вельмі добрыя. Краіна вельмі чыстая, паўсюль — ня толькі ў вялікіх гарадах, як у Беларусі. На самой справе ўсё вельмі акуратна і стаўленьне да прыроды ўзорнае. У іх ніякіх экалягічных праблемаў і блізка няма, вада ўсюды вельмі чыстая і нават з-пад крана ваду піць можна, што мяне моцна зьдзівіла. Так што з экалёгіяй усё добра. А пацьверджаньнем таму, што на прыродзе яны сшалелі, тое, што вельмі любяць у гэтую прыроду выходзіць. Розныя паходы ў горы, альбо сесьці на каяк і па фіёрдзе паплаваць. Альбо на лыжах зімой. Гэта іх улюбёны спосаб бавіць вольны час, у іх гэта вельмі папулярна.

— Адчуваецца, што нарвэжцы ганарацца сваёй краінай? Наколькі яны самі па сабе патрыёты?

— Патрыёты? Патрыятызм, безумоўна, у іх ёсьць, бо яны шмат часу залежалі альбо ад Даніі, альбо ад Швэцыі. І вось толькі 100 гадоў таму яны сталі незалежнымі. Таму яны швэдаў недалюбліваюць (зрэшты, датчанаў таксама), на тле чаго і зьяўляецца гэткі яднальны патрыятызм. У іх вораг ёсьць агульны — не, ня вораг, гэта ж ХХІ стагодзьдзе — але ў іх проста жартаў пра тых жа швэдаў шмат і крыху нейкая антыпатыя. Як да любога акупанта, няхай нават у мінулым. У тым ліку на гэтым патрыятызм і трымаецца. Яны разумеюць, што яны нарвэжцы, таму што ў іх і з мовай праблемы былі, і іх хацелі калянізаваць. Увогуле падобная сытуацыя, як і зь Беларусьсю. Але яны здолелі выжыць і зажыць даволі добра, і цяпер выдатна разумеюць, хто яны такія і дзе іх месца ў сьвеце.

Уся палітра фарбаў "паўночнага аазісу"
Уся палітра фарбаў "паўночнага аазісу"


— Ужо маючы гадавы досьвед адукацыі ў замежжы, уяўляеш сябе студэнтам нейкай беларускай ВНУ?

— Не. Цяжка нават уявіць, на самой справе. Ня ведаю. У мяне, вядома, шмат уяўленьняў, стэрэатыпаў пра беларускія ўнівэрсытэты, дзе я ніколі ня быў, але, шчыра кажучы, уявіць сябе ў іх асяродку не магу. Найперш, ня надта шмат інфармацыі, а тая, што ёсьць, мяне проста пужае. Напрыклад, палохаюць кошты навучаньня. Насьцярожвае ня столькі сама якасьць адукацыі, а каго бяруць ва ўнівэрсытэты, асяродзьдзе тамтэйшае. Шмат чаго пужае. Залежнасьць, заідэалягізаванасьць унівэрсытэтаў — само сабой. Пералічваць зараз ня буду, бо гэта толькі чуткі. Але яны непрыемныя.

Празь фіёрд – на каяках
Празь фіёрд – на каяках


Вада і лес – талісманы нарвэжцаў
Вада і лес – талісманы нарвэжцаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG