Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры і калегі дамагаюцца ўшанаваньня памяці Ўладзімера Конана


29 чэрвеня на вечарыне памяці філёзафа Ўладзімера Конана ягоныя калегі і сваякі пачалі зьбіраць подпісы пад лістом у Акадэмію навук, Міністэрства культуры, Менгарвыканкам і Наваградзскі райвыканкам, каб чыноўнікі дапамаглі ўсталяваць помнік і мэмарыяльную шыльду.

Сябры і вучні Ўладзімера Конана таксама прапануюць:
  • адкрыць мэмарыяльную шыльду на будынку Нацыянальнага навукова-асьветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны па вуліцы Рэвалюцыйнай, 15.
  • заснаваць Конанаўскія чытаньні
  • заснаваць адмысловую навуковую прэмію імя Ўладзімера Конана
  • стварыць сайт з поўным зборам твораў філёзафа.

Ірына Конан

Ірына Конан

​У звароце згадваецца асабісты архіў Уладзімера Конана. «Кожная тэчка рупліва падпісана алоўкам: калі і дзе друкаваліся матэрыялы. Я знайшла цэлы стос папер з подпісам «недрукаванае», — распавяла на вечарыне памяці пляменьніца Ірына Конан.

Да апошніх дзён жыцьця Уладзімер Конан працаваў над 3-томнай «Гісторыяй эстэтычнай думкі Беларусі». У 2010 годзе Інстытут філязофіі выпусціў першы том выданьня.

Аляксей Рагуля

Аляксей Рагуля

​«У Конана быў асаблівы дасьледчыцкі стыль , які можна назваць „філязафізаваная гісторыя культуры“. Яму была ўласьціва сэнсанасычанасьць. Ён умеў аб’яднаць аддаленыя стагодзямі рэчы, знайсьці іх унутраны сэнс і сувязі, якія адлюстроўваюць духоўную дынаміку чалавецтва», — адзначыў калега Ўладзімера Конана прафесар Аляксей Рагуля.

У вечары памяці, якая адбылася ў музэі Якуба Коласа, ўдзельнічалі літаратуразнаўцы Адам Мальдзіс і Арсень Ліс, прафесар кафедры культуралёгіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Энгельс Дарашэвіч, паэт Алесь Разанаў.

Беларускі філёзаф, літаратуразнаўца, крытык Уладзімер Конан пайшоў з жыцця 6 чэрвеня 2011 году. Ён зьяўляецца аўтарам тысяч артыкулаў, дзясяткаў манаграфій, укладальнікам некалькіх збораў беларускай літаратурнай і фальклёрнай спадчыны, актыўным удзельнікам адраджэньня нацыянальнага духоўнага і інтэлектуальнага жыцьця краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG