Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пленарнае паседжаньне 29 чэрвеня стала фактычна апошнім для дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня.

Ці выконвала Палата прадстаўнікоў у поўнай ступені функцыі заканадаўчага органа, ці ёсьць падставы ўвогуле называць яе парлямэнтам?

Якое месца ў падзеле ўладаў займае беларуская заканадаўчая ўлада?

На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Віктар Марціновіч.

Цыганкоў:
Парлямэнт у любой дзяржавы традыцыйна мае тры функцыі — заканадаўчую, прадстаўнічую і кантрольную. Ці можна сказаць, што Палата прадстаўнікоў у поўнай ступені ажыцьцяўляла гэтыя функцыі?

Марціновіч: Палата прадстаўнікоў ажыцьцяўляла гэтыя функцыі не ў клясічным дэмакратычным выглядзе, а ў тым выглядзе, у якім парлямэнт запатрабаваны ў беларускай сыстэме ўлады. Слова «парлямэнт» паходзіць ад францускага слова «parle», што азначае прамаўляць, размаўляць. І відавочна, што апошняе, чым займаюцца беларускія дэпутаты — гэта прамовы, дыспут, спрэчка.

Мы ведаем, з якой хуткасьцю прымаюцца законы, што часам яны проста ніяк не абмяркоўваюцца. Таму даволі цяжка называць Палату прадстаўнікоў клясічным парлямэнтам, ёй проста бракуе шэрагу прыкмет, якія парлямэнту ўласьцівыя.

Цыганкоў: Традыцыйна ў дэмакратычным грамадзтве існуе падзел уладаў на выканаўчую, заканадаўчую і судовую . Наколькі цяперашняя структура беларускай улады прадугледжвае рэальную заканадаўчую ўладу?

Марціновіч: Здаецца, паводле цяперашняй афіцыйнай вэрсіі беларускай дзяржаўнасьці ў нас няма разьмежаваньня ўладаў на тры галіны. У той момант, калі была прынята Канстытуцыя, у якой дэкрэт прэзыдэнта ставіцца вышэй за закон, — роля заканадаўчай улады зьменшылася, нівэліравалася.

Беларусь — гэта краіна з дэ-факта адной галіной улады. Дзе нават судзьдзяў абірае прэзыдэнт. Таму гэта піраміда ўлады, якая абапіраецца на аднаго чалавека. Нават не ў выканаўчую галіну, а менавіта ў аднаго чалавека.

Таму парлямэнту ў нас ня можа быць яшчэ з-за палітычнай сутнасьці той сыстэмы, якую мы бачым у Беларусі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG