Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа міжнародная грамадзкасьць спыніць палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі?


Міжнародныя арганізацыі выказваюць занепакоенасьць станам правоў чалавека ў Беларусі. Чаму ўзмацняюцца рэпрэсіі? Што можа зрабіць замежная грамадзкасьць? Як рэагуюць беларускія ўлады на закіды міжнародных арганізацый?

Удзельнікі:
  • сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч
  • намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец

Чаму ўзмацняюцца рэпрэсіі?

Валер Карбалевіч: «Напярэдадні парлямэнцкай кампаніі назіраецца ўзмацненьне палітычных рэпрэсій. Закон аб амністыі не прадугледжвае вызваленьня палітвязьняў. Больш за тое, зьявіліся новыя палітзьняволеныя: Парфянкоў, Пачобут. Таксама пра гэта сьведчаць і новыя заканадаўчыя акты, якія прынятыя Палатай прадстаўнікоў апошнім часам. У чым прычына такой тэндэнцыі?»

Уладзімер Лабковіч: «Мы як праваабаронцы канстатуем, што сытуацыя з правамі чалавека робіцца ўсё горшай. Напрыклад, затрыманьне Пачобута — гэта дэманстратыўная акцыя. Гэта дэманстрацыя беспакаранасьці і ігнараваньне патрабаваньняў з боку ЭЗ.

Закон аб амністыі — гэта рэпрэсіўны закон у дачыненьні да палітычных вязьняў. Ён напісаны выключна з палітычнай матывацыяй, каб не распаўсюдзіць амністыю нават на тых палітвязьняў, да якіх прыменена ўмоўнае пакараньне (Халіп, Някляеў, Фядута, Вазьняк, Дзьмітрыеў). Яна не распаўсюджваецца нават на Паўла Севярынца, які быў галоўным кандыдатам на амністыю.

На ўсё гэта ў асноўным уплывае зьнешнепалітычная сытуацыя. Назіраецца нейкая турбулентнасьць у адносінах з Расеяй. І дзеля таго, каб падняць цану ў магчымых перамовах з Захадам, Лукашэнка ідзе ва-банк, набірае новых палітвязьняў».

Зьміцер Панкавец: «Ад прэзыдэнцкіх выбараў градус рэпрэсій калі і зьмяншаўся, то неістотна. Цяперашнія рэпрэсіі паказваюць, што парлямэнцкія выбары ня будуць праходзіць у больш лібэральнай атмасфэры.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што арышт Пачобута адбыўся пасьля заявы чыноўніка ЭЗ пра магчымае пашырэньне эканамічных санкцыяў супраць беларускіх бізнэсоўцаў, у прыватнасьці, Машэнскага. Магчыма, арыштоўваючы Пачобута, улады такім дзіўным чынам імкнуцца прадухіліць гэтыя санкцыі.

Арышт Пачобута, ціск на Саюз палякаў Беларусі — гэта сыгнал на адрас Польшчы. Бо Варшава займае найбольш жорсткую пазыцыю ў ЭЗ што да беларускага рэжыму. Арышт Пачобута — гэта спроба прымусіць Польшчу да міру».

Што можа зрабіць замежная грамадзкасьць?

Карбалевіч: «Хутчэй арыштам Пачобута ўлады імкнуцца ня столькі прадухіліць новыя эўрапейскія санкцыі, колькі справакаваць іх.

Міжнародныя арганізацыі выказваюць занепакоенасьць станам правоў чалавека ў Беларусі. Рада ААН па правах чалавека абмеркавала беларускае пытаньне. Жорсткую заяву адносна сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі зрабіла прэсавае бюро вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан. Якое значэньне мае гэтая рэакцыя міжнароднай супольнасьці?»

Лабковіч: «Ужо год пасьля „маўклівых акцый“ мы не назіраем палітычнага супрацьстаяньня, палітычнага пратэсту ўнутры краіны. Таму адзіная форма пратэсту і кірунак палітыкі, якім часткова займаецца і беларуская апазыцыя, — гэта заявы міжнародных арганізацый.

І для рэжыму менавіта гэтыя міжнародныя арганізацыі ствараюць праблемы. Беларускія ўлады вымушаны рэагаваць вуснамі прадстаўніка МЗС, хоць раней яны гэта рабілі радзей. Беларускія ўлады лабіруюць, каб не была ўведзена пасада спэцдакладчыка ААН па Беларусі. Дзякуючы пратэстам міжнародных арганізацыяў вызвалена частка беларускіх палітвязьняў».

Панкавец: «Беларускія ўлады вымушаны рэагаваць на пазыцыю міжнародных арганізацыяў. ЭЗ стаміўся ад беларускага пытаньня. Палітыка санкцыяў не прынесла жаданых вынікаў. Цяпер ЭЗ пераходзіць да тактыкі ігнараваньня Лукашэнкі. Але калі будуць вызваленыя палітвязьні, то Брусэль гатовы вярнуцца да дыялёгу. І тады ня будзе ў Лукашэнкі магчымасьці лавіраваць паміж Расеяй і ЭЗ».

Рэакцыя беларускіх уладаў

Карбалевіч: «І ці сапраўды Лукашэнку пужае пэрспэктыва страты магчымасьці лавіраваць паміж Расеяй і ЭЗ? Магчыма, яму і ня важная пазыцыя Захаду?»

Лабковіч: «Калі Менск вядзе таемныя перамовы з ЭЗ, то эскаляцыя рэпрэсіяў — гэта падыманьне ставак. А калі перамовы не вядуцца, то ўзмацненьне рэпрэсіяў — гэта альбо спроба ціску, каб пачаць такія перамовы, альбо дэманстрацыя адвязанасьці, усёдазволенасьці.

Хачу адзначыць, што цяпер узмацніўся ціск на палітвязьняў, каб яны напісалі прашэньне аб памілаваньні на любых умовах. Нават не патрабуюць прызнаньня віны, як у апошнім лісьце паведаміў Статкевіч. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады зацікаўленыя ў вызваленьні палітвязьняў на пэўных умовах».

Карбалевіч: «Зьвярнуў бы ўвагу на тое, што па-іншаму пачалі паводзіць сябе расейскія прадстаўнікі ў міжнародных арганізацыях. Раней яны пры абмеркаваньні беларускага пытаньня казалі, што праблемы ў Беларусі ёсьць, але ня трэба ціснуць на Менск. Цяпер яны кажуць, што ніякіх праблемаў няма, даклад па Беларусі — гэта фальсыфікацыя».

Панкавец: «Расея падтрымлівае Беларусь таму, што Менск — галоўны саюзьнік. Зьвярніце ўвагу, што Лукашэнка ў адной з апошніх заяваў казаў, што нас не разумеюць ні на Захадзе, ні на Ўсходзе. Пасьля візыту Пуціна ў беларуска-расейскіх адносінах зьявіліся праблемы. Былі заявы Мядзьведзева, Сурыкава пра жаданьне ўвесьці ў Беларусі расейскі рубель. Лукашэнку змушаюць аб’яднаць МАЗ і КамАЗ. А расейскія прадстаўнікі падтрымліваюць Беларусь, магчыма, ня дзеля падказак з Масквы, а з уласных меркаваньняў».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG