Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вылучэньне прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі застаецца яшчэ тыдзень (да 6-га ліпеня ўключна). Ці ўдзельнічаюць у гэтым этапе кампаніі дэмакратычныя партыі і незалежныя грамадзкія арганізацыі? Удакладняем сытуацыю ў рэгіёнах.

Гомельшчына: «Дэпутат яшчэ ёсьць, а лазьні як не было ў вёсцы, так і няма»

У Жлобіне раённая арганізацыя партыі левых «Справядлівы сьвет» вызначылася са сваімі прадстаўнікамі ў выбарчыя камісіі.

Пра гэта апавядае кіраўнік суполкі Валер Рыбчанка: «Днямі мы правялі партыйны сход, на якім вырашылі прапанаваць Цэнтральнаму камітэту вылучыць у склад акруговай выбарчай камісіі аднаго нашага прадстаўніка. Вылучылі таксама 9 сваіх прэтэндэнтаў у склад участковых выбарчых камісіяў».

Сябры партыі не абмяжоўваюцца, так бы мовіць, толькі тэхнічнымі пытаньнямі. Яны працягваюць сацыяльныя акцыі — спрабуюць вырашыць надзённыя пытаньні гораду й вёскі. У прыватнасьці, займаліся пытаньнем абмежаваньня шкодных выкідаў у атмасфэру на Беларускім мэталюргічным заводзе. Зараз спрабуюць дамагчыся, каб у вёсцы Папаратнае збудавалі грамадзкую лазьню

«Ранейшае кіраўніцтва заводу, пад якім знаходзіцца вёска, абяцала гэтую праблему вырашыць. Потым прызначаны дэпутат Батан абяцаў вырашыць, тэрмін якога ўжо сыходзіць. А лазьні як не было ў вёсцы, так і няма. Людзі мыюцца ў начоўках», — кажа Рыбчанка.


У Гомелі рэгіянальная арганізацыя АГП у межах кааліцыйных пагадненьняў паміж дэмакратычнымі структурамі таксама вызначылася са сваімі прадстаўнікамі ў 17 акруговых выбарчых камісіях, якія звычайна фармуюць на тэрыторыі вобласьці.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў: «Зыходзім з таго, што вылучаем найбольш падрыхтаваных, і не асобна, а разам з нашымі саюзьнікамі па кааліцыі. Таму ад АГП ня будзем вылучаць ва ўсе камісіі, а толькі ў тыя, якія ўяўляюць для нас цікавасьць — там, дзе будуць вылучацца нашы сьпікеры. Размова ідзе пра 7–9 чалавек на 17 акруговых камісіяў».

Рэгіянальная арганізацыя Партыі БНФ, па словах яе кіраўніка Валера Пуціцкага, удзельнічае ў выбарах у мінімальным фармаце:

«Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году ахвотных у нечым удзельнічаць ня вельмі шмат. Таму ў нас так атрымалася, што толькі 3 сябры партыі выказалі жаданьне на свой удзел у акруговых камісіях. Ахвотных ісьці, так бы мовіць, на барыкады нешта не знаходзіцца. Усе паглядзелі, што сталася з кандыдатамі на прэзыдэнцкіх выбарах. Магчыма, думаюць, што такое здарыцца й на парлямэнцкіх».


Асаблівай актыўнасьці не выяўляе пакуль і ствараная партыя «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Партыя не зарэгістраваная, і ёй складаней вылучаць сваіх прадстаўнікоў у якія-кольвечы выбарчыя структуры.

Каардынатар аргкамітэту ў рэгіёне Юры Клімовіч удакладняе: «У акруговыя камісіі мы вылучацца ня будзем. Па-першае, нам трэба бегаць і подпісы зьбіраць дзеля вылучэньня. Па-другое, я паглядзеў, што ў кааліцыі і бяз нас хапае вылучэнцаў. Апрача таго, шанец абрацца ў камісіі мінімальны. У акруговыя камісіі прыносяць ужо гатовыя лічбы. Чальцы акруговай камісіі нават наведаць з праверкай нейкі выбарчы ўчастак самастойна ня могуць — патрэбна паперка ад самой камісіі».

Берасьцейшчына: 32 прадстаўнікі вылучаныя. А хто трапіць?

На Берасьцейшчыне апазыцыйныя партыі вылучылі ў склад акруговых выбарчых камісіяў 32 прадстаўнікоў. А прадстаўнікі берасьцейскай дэмакратычнай кааліцыі «Спадчына» кажуць, што сваіх прадстаўнікоў у камісіі не вылучаюць, каб не легітымізаваць выбарчы працэс.

Найбольш сваіх сябраў у камісіі вылучыла абласная арганізацыя Партыі левых «Справядлівы сьвет» — 13 чалавек. Па 8 чалавек вылучылі Партыя БНФ і АГП. Трое чалавек у камісіі ідзе ад сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).

Кіраўнік берасьцейскай абласной арганізацыі АГП Уладзімер Вуек кажа, што на адной з акругаў спрабуюць вылучыцца нават два прадстаўнікі партыі:

«На адной з акругаў вылучаны наш прадстаўнік партыйным мэханізмам, і мы ўмацуем шляхам збору подпісаў на тым участку, дзе будзе ісьці наш кандыдат-сьпікер.»

Тым ня меней, кажа спадар Вуек, берасьцейскія дэмакраты ня маюць ілюзіяў наконт уключэньня ў склад камісіяў: «Зыходзячы з практыкі, не ўключаюць у камісіі зь любой прычыны. Пры гэтым былі такія выпадкі, калі ў камісіі было 18 месцаў, а ўключалі 17 і адмаўлялі нашаму прадстаўніку. Пасьля гэтага мы судзіліся, але суд таксама выносіў рашэньне не на нашу карысьць. То бок мы можам казаць, што камісіі фармуюцца бяз нашага ўдзелу».

Берасьцейская дэмакратычная кааліцыя «Спадчына», у якую ўваходзяць абласныя арганізацыі БХД, БСДП (Народная Грамада), «Эўрапейскай Беларусі», «Маладой Беларусі», «Беларускага руху», вырашыла не вылучаць сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі.

Прадстаўнік «Спадчыны», кіраўнік БХД па Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай кажа, што такім чынам яны ня хочуць легітымізаваць выбарчы працэс:

«Ня бачым у гэтым сэнсу пры такіх выбарах-дурыбарах. І тым больш, вылучаючы сваіх людзей у гэтыя камісіі, мы будзем легітымізаваць гэтыя выбары, легітымізаваць гэтую цэнтральную выбарчую камісію Ярмошынай».

Таму, кажа спадар Шурхай, кааліцыя засяроджваецца на актыўным байкоце і не плянуе кантактаў з прадстаўнікамі выбарчых камісіяў, якіх, фактычна, «Спадчына» не прызнае.

Гарадзеншчына: нехтіа кампанію ігнаруе, а нехта не вызначыўся, што рабіць

Уладзімір Хільмановіч з Горадні на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах займаўся незалежным маніторынгам кампаніі, ён актывіст партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», якую ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч.

Хільмановіч: «Наша партыя гэтыя выбары ўвогуле ігнаруе. Мы ня лічым гэтую кампанію патрэбнай, лічым нават шкоднай, таму нікога не вылучаем у камісіі. А АГП і БНФ нібыта вылучаюць сваіх кандыдатаў. Значыцца, па лёгіцы, усе тыя сілы, якія вылучаюць сваіх кандыдатаў, мусяць вылучаць таксама ў камісіі сваіх прадстаўнікоў. Інакш гэта ўвогуле абсурд, таму што нават пракантраляваць нічога немагчыма».

Уладзімір Хільмановіч нагадвае таксама, што ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах зьбіраецца Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет».

Намесьнік старшыні Гарадзенскай абласной арганізацыі гэтай партыі Павал Станеўскі: «Я магу сказаць, што першага ліпеня будзе ў нас ЦК партыі зьбірацца. Будзе вырашацца — у якім фармаце партыя пойдзе на выбары. Калі пойдзе, то, хутчэй за ўсё, будуць прадстаўленыя сьпісы кандыдатаў і будзе прызначаная дата зьезду».

На зьезьдзе якраз гэтыя людзі будуць вылучаныя ад партыі, кажа Павал Станеўскі. Апроч таго, будуць абвешчаныя сьпісы людзей, якіх вылучаць у акруговыя камісіі, мяркуе ён.

Паасобныя сябры гарадзенскай арганізацыі АГП выказалі жаданьне ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Аляксандра Васілевіч узначальвае ў Горадні гарадзкую арганізацыю АГП, яна кажа:

«На сёньняшні момант мы вылучылі чатырох сябраў АГП у акруговыя камісіі. Але ж сёлета мы гэта робім празь Менск, праз Палітраду. Таму што ў нас як кандыдаты, так і чальцы камісій будуць цэнтралізавана вылучацца і, калі што, цэнтралізавана здымацца».

Меншчына: «ўсе вылучэнцы ў акруговыя камісіі — людзі таго вартыя»

На Меншчыне, як і ў іншых рэгіёнах, яшчэ напрыканцы сакавіка была створана абласная рада кампаніі «За справядлівыя выбары». У яе складзе — прадстаўнікі дэмакратычных грамадзкіх аб’яднаньняў, у тым ліку БСДП (Грамада), АГП, Партыі левых «Справядлівы сьвет».

Каардынатар кампаніі Мікалай Пахабаў інфармуе: «Калі нашых прадстаўнікоў уключаць ці не ў склад акруговых выбарчых камісіяў, то гэта будзе першы крок да таго, каб ацэньваць выбары справядлівымі й сумленнымі, як пра тое абяцаюць прэзыдэнт Лукашэнка й старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Хоць, вядома, мы ілюзіямі ня цешымся, бо вынік прадказальны».

Мікалай Пахабаў лічыць, што называць канкрэтныя прозьвішчы заўчасна, хоць кажа, што ўсе вылучэнцы ў акруговыя камісіі — людзі таго вартыя»:

«Для гэтага цяпер трэба мець нават мужнасьць. Мяркую, што калі іх зарэгіструюць, то тады назавем канкрэтна. Усе яны працуюць як на прыватных, так і на дзяржаўных прадпрыемствах. Дарэчы, мы ў дадзеным выпадку не імкнёмся да нейкіх паказчыкаў ці лічбаў. Будзем працаваць там, дзе ёсьць нашы актывісты».

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін: «За тыдзень да пачатку галасаваньня адмовімся ад удзелу ў выбарах»

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Леў Марголін у гутарцы з карэспандэнтам «Свабоды» патлумачыў, якім чынам грамадзянская кампанія «За справядлівыя выбары» каардынуе сваю працу што да вылучэньня прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі:

«У грамадзкай кампаніі „За справядлівыя выбары“ ёсьць рэгіянальныя каардынатары. Таму мы ўсе свае прапановы, што тычацца акруговых выбарчых камісіяў, перадаём ім. У сваю чаргу, яны іх узгадняюць і каардынуюць, а пасьля справа Палітрады АГП — фармальна правільна аформіць рашэньне, каб да 6-га ліпеня перадаць дакумэнты ў адпаведныя аблвыканкамы».

Карэспандэнт: «Паводле выказваньняў некаторых лідэраў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацый, АГП сваім актыўным удзелам у цяперашнім этапе выбарчай кампаніі 2012 году нібыта ўносіць пэўны раскол у салідарнасьць апазыцыі. Што можаце сказаць наконт справядлівасьці такіх папрокаў?»

«На мой погляд, наша пазыцыя вельмі простая й пасьлядоўная. Мы нікога ня хочам блытаць, а таму адразу заявілі, што гэтыя так званыя „выбары“ — гэта частка нашай працы ў кампаніі „За справядлівыя выбары без Лукашэнкі“. Мы будзем яе выкарыстоўваць, як кажуць, цалкам. Але адразу заяўляем, што мы ні пры якіх умовах ня будзем удзельнічаць у галасаваньні. Мы ўжо сёньня гатовыя заявіць, што плянаваныя выбары будуць несумленныя, непразрыстыя. У нас пазыцыя да гэтага вельмі адкрытая: на зьезьдзе 28 ліпеня вылучым сваіх кандыдатаў, зарэгіструем іх, правядзём па меры магчымасьцяў інфармацыйную кампанію, але за тыдзень да выбараў здымем сваіх кандыдатаў. Таму што ўдзельнічаць у гэтым спэктаклі ня лічым магчымым».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG