Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ростехнологии» разьлічваюць дамовіцца наконт холдынгу паміж КАМАЗам і МАЗам


Дзяржкарпарацыя «Ростехнологии» — акцыянэр ААТ «КАМАЗ» — плянуе завяршыць перамовы аб стварэньні аўтамабільнага холдынгу з удзелам «КАМАЗа» і беларускага «МАЗа» да канца 2012 году.

Пра гэта паведаміў Інтэрфаксу генэральны дырэктар дзяржкарпарацыі Сяргей Чэмезаў у Набярэжных Чаўнах.

На прэс-канфэрэнцыі ён адзначыў, што пераацэнку актываў «КАМАЗа» для стварэньня холдынгу з «МАЗам» плянуецца правесьці ў верасьні 2012 году:

«Перамовы вядуцца, падыходзяць да заканчэньня. Афіцыйна пакуль мы не атрымлівалі прапанову Менску аб унясеньні ў холдынг 75% „МАЗа“, але даведаліся пра гэта са СМІ».

Чэмезаў адзначыў, што для стварэньня холдынгу неабходна атрымаць згоду германскага канцэрну «Daimler» — гэта яшчэ адзін акцыянэр «КАМАЗа».

Камэнтуючы ход перамоваў зь Беларусьсю, ён сказаў: «Калі не дамовімся зь Менскам, то зьявяцца іншыя партнэры, а гэта шкада».

Перамовы аб стварэньні холдынгу пачаліся ў лютым 2011 году. Цяпер абмяркоўваюцца розныя варыянты, сярод іх — перадача ў СП 75% акцый МАЗа і 49,9% акцый КАМАЗа.

Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч раней папрасіў свайго расейскага калегу Дзьмітрыя Мядзьведзева падтрымаць беларускі варыянт стварэньня холдынгу МАЗ — КамАЗ. Беларускі бок даўно настойвае на тым, каб акцыі ў патэнцыйным холдынгу разьмяркоўваліся 50% на 50%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG