Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: Актывісту прафсаюзу выдалі пропуск на завод


Міхаіл Кавалькоў

Міхаіл Кавалькоў

Старшыні суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў Міхаілу Кавалькову разблякавалі сталы пропуск на прадпрыемства.

Ад сьнежня 2011 году, як сьцьвярджае актывіст, яго прапускалі на завод, выдаючы на прахадной разавы пропуск. Два дні ў траўні прафсаюзьніка наагул пазбавілі магчымасьці трапіць на працоўнае месца — у офіс суполкі, які знаходзіцца ў будынку заводакіраўніцтва.

Пасьля гэтага выпадку Міхаіл Кавалькоў зьвярнуўся ў суд. 8 чэрвеня судзьдзя Бабруйскага суду Тамара Карпоўская задаволіла патрабаваньне Міхаіла Кавалькова да адміністрацыі заводу аб разблякаваньні сталага пропуску.

«Ад сёньняшняга дня мне разблякавалі пропуск, бо рашэньне суду ўступіла ў законную сілу. Касацыйную скаргу ў Магілёўскі абласны суд адміністрацыя падаваць ня стала. То бок адміністрацыя выконвае пастанову суду. І сёньня я на прадпрыемства зайшоў спакойна», — паведаміў «Свабодзе» Міхаіл Кавалькоў.

Паводле спадара Кавалькова, застаюцца нявырашанымі пытаньні з офісам суполкі. 1 ліпеня сканчаецца тэрмін дзеяньня арэнды памяшканьня. Адміністрацыя настойвае, каб суполка пакінула яго. Прапануецца іншае памяшканьне, адкуль няма праходу на тэрыторыю прадпрыемства. Пытаньне з офісам суполкі цяпер разьбіраецца ў абласным гаспадарчым судзе.

Міхаіл Кавалькоў — вызвалены работнік незалежнага прафсаюзу. У лістападзе 2011 году гэты прафсаюз сабраў больш за тысячу подпісаў працаўнікоў заводу пад патрабаваньнем павысіць заробак удвая. Пасьля гэтага ў Кавалькова, як ён, сьцьвярджае, і пачаліся праблемы з праходам на завод. Пазьней — і з памяшканьнем, якое прафсаюз арандуе пад офіс суполкі.
XS
SM
MD
LG