Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на звадкаваны газ на АЗС павялічваюцца на 11%


Гранічныя розьнічныя цэны на звадкаваны газ пры рэалізацыі на аўтамабільных газазалівачных станцыях 30 чэрвеня павялічваюцца на 11%.

На столькі ж павялічваюцца і адпускныя цэны на газы вуглевадародныя звадкаваныя паліўныя для аўтамабільнага транспарту.

Акрамя таго, на 10% павялічваюцца адпускныя цэны арганізацыяў-вытворцаў на газы вуглевадародныя звадкаваныя для камунальна-бытавога спажываньня.

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі, гэта прадугледжана адмысловымі пастановамі ведамства ад 13 чэрвеня.

«У цяперашні час дзеючыя адпускныя цэны на газы звадкаваныя не забясьпечваюць рэнтабэльную працу арганізацыяў-вытворцаў, якія выпрацоўваюць іх для камунальна-бытавога спажываньня і для аўтамабільнага транспарту», — пракамэнтавалі ў прэс-службе.

Там адзначылі, што павышэньне ў бягучым годзе розьнічных цэн на нафтапрадукты зьмяніла суадносіны паміж розьнічнымі цэнамі на аўтабэнзін і звадкаваныя газы, якія выкарыстоўваюцца для запраўкі аўтатранспарту.

«У мэтах забесьпячэння павышэньня эфэктыўнасьці фінансава-эканамічнай дзейнасьці нафтаперапрацоўчых арганізацый пры рэалізацыі звадкаваных газаў на ўнутраным рынку, выключэньня дыспарытэту коштаў на нафтапрадукты для запраўкі аўтатранспарту Міністэрствам эканомікі і было прынята рашэньне аб павелічэньні цэн», — растлумачыў БелаПАН супрацоўнік міністэрства.
XS
SM
MD
LG