Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плян заваяваньня мэдалёў на летняй Алімпіядзе ў Лёндане скарочаны ня будзе. Пра гэта падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце БелТА заявіў міністар спорту і турызму Алег Качан.

Ён нагадаў, што прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу перад беларускімі алімпійцамі — прывезьці зь Вялікай Брытаніі 25 узнагародаў, прычым 5 зь іх павінны быць залатымі.

Спартовыя аналітыкі лічаць падобныя паказьнікі занадта завышанымі. Так, калі на Алімпійскіх гульнях 2008 году ў Пэкіне Беларусь была прадстаўлена ў 26 відах спорту, то на дадзены момант пуцёўкі ёсьць у 25 дысцыплінах. Да таго ж цягам падрыхтоўчага пэрыяду прадстаўнікі нацыянальнай каманды не дэманстравалі вынікаў, якія паводле вызначэньня маглі б кагосьці аўтаматычна аднесьці да фаварытаў спаборніцтваў.

Папярэднік Алега Качана на міністэрскай пасадзе Аляксандар Грыгараў мэдалёвы плян на Алімпіяду-2012 лічыць занадта амбітным:

«Я думаю, што ён, можа, не да канца зразумеў сытуацыю ці яшчэ што. Ня ведаю, бо пляны завышаныя. Магу сказаць па Алімпійскіх гульнях-2008 у Пэкіне, да якіх я меў непасрэднае дачыненьне. Кожнаму спартоўцу ставіліся канкрэтныя задачы ў кожным відзе праграмы. Так, яны ставіліся не на 17–19 мэдалёў, яны ставіліся ў крыху большай колькасьці. Але атрымаўся таксама вельмі добры, прыстойны вынік — 19 мэдалёў з улікам Ціхана і Дзевятоўскага, якія празь міжнародны суд мусілі даводзіць неапраўданасьць абвінавачаньняў ва ўжываньні допінгу. Але 25 мэдалёў — гэта звышзадача».

Чатыры гады таму ў кітайскай сталіцы пры задачы ў тыя ж 25 мэдалёў беларусы заваявалі 4 залатыя, 5 срэбных і 10 бронзавых мэдалёў — усяго 19 узнагародаў. Папярэднія мэдалёвыя раскладкі ў ХХІ стагодзьдзі для беларусаў выглядалі наступным чынам: Афіны-2004 — усяго 15 (2, 6, 7), Сыднэй-2000 — усяго 17 (3, 3, 11).

Сёлета, па словах Алега Качана, асноўная стаўка робіцца перадусім на веславаньне, цяжкую атлетыку, кідальныя і штурхальныя дысцыпліны, на барацьбу вольную і грэка-рымскую, мастацкую гімнастыку, а таксама на вэляспорт, дзюдо, плаваньне, фэхтаваньне, кулявую стральбу.

Летнія Алімпійскія гульні пройдуць у Лёндане з 27 ліпеня па 12 жніўня.
XS
SM
MD
LG