Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект аб амністыі


Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі 29 чэрвеня ўхваліў праект закону «Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынствы».

Палата прадстаўнікоў прыняла гэты законапраект у двух чытаньнях 27 чэрвеня.

Прадстаўляла парлямэнтарам праект закону намесьнік старшыні камісіі Савету Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Лілія Мароз, паведамляе БелаПАН.

Законапраект вызначае катэгорыі асуджаных, якія вызваляюцца ад пакараньня і іншых мер крымінальнай адказнасьці і зь якіх здымаецца судзімасьць.

Законапраект мае дзьве навацыі: пад амністыю падпадаюць асуджаныя за асобныя эканамічныя злачынствы пры ўмове поўнага пакрыцьця прычыненай іх дзеяньнямі шкоды і на адзін год можа быць скарочаны тэрмін за карупцыйныя злачынствы.

У выніку амністыі зь месцаў пазбаўленьня волі выйдуць 2880 чалавек.

У законапраекце пералічаны катэгорыі асобаў, на якіх амністыя не распаўсюджваецца. Сярод іх асуджаныя за злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 293 (масавыя беспарадкі), 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), 367 (паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта), 369-3 (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Такім чынам, пад амністыю не падпадаюць асуджаныя па так званых «палітычных» артыкулах.
XS
SM
MD
LG