Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даішнікі перакладаюць сваю працу на фатаробатаў


Ад 1 ліпеня камэры фотафіксацыі на трасе М-1 пераводзяцца з тэставага ў «баявы» рэжым.

Гэта пацьвердзілі ва ўпраўленьні дзяржаўтаінспэкцыі МУС Беларусі.

Удакладняецца, што ўжо ад нядзелі 15 камэраў фотафіксацыі, якія дагэтуль фіксавалі парушальнікаў хуткаснага рэжыму ў тэставым фармаце, пачнуць працаваць на штрафныя санкцыі. У далейшым колькасьць камэраў будзе павялічвацца, іх будуць ставіць і на іншых дарогах Беларусі.

Памер штрафаў будзе залежаць ад сур’ёзнасьці злачынства. Пры перавышэньні хуткасьці больш як на 20 км/гадзіну давядзецца заплаціць адну базавую велічыню (100 тысяч рублёў.). Калі перавышэньне складзе больш як 30 км/гадзіну, штраф будзе ўжо тры базавыя велічыні. За паўторныя парушэньні памер спагнаньня будзе павялічвацца ў шмат разоў. У ДАІ пацьвердзілі, што санкцыі будуць ужывацца ў дачыненьні да ўладальніка аўтамабіля, нават калі ён у гэты момант за рулём і не знаходзіўся. Гэта абурае аўтааматараў. Гаворыць экспэрт у аўтамабільнай галіне Канстанцін Пятроў:

«Да гэтага ўсё ішло, бо ім жа трэба асвоіць столькі грошай. Дарэчы, яшчэ невядома, хто тыя грошы „адмывае“, бо досыць вялікі заказ, і каму гэта перадусім патрэбна — будзем яшчэ разьбірацца. Як ні круці, асноўная мэта такога кроку — кантрольныя функцыі. А самае галоўнае, што караюць за парушэньне таго чалавека, які кіруе дадзеным транспартным сродкам — а калі чалавек ня высьветлены, адпаведна, караць будуць гаспадара, які ў выпадку сваёй непрысутнасьці за рулём яшчэ павінен даказаць, што ён там не сядзеў. То бок — абсурд, чарговыя парушэньні правоў чалавека. І мяне гэтае пытаньне, шчыра кажучы, больш за ўсё хвалюе. Штрафы там немаленькія за перавышэньне хуткасьці, а па пошце гэта ўсё будзе рассылацца пачкамі. І потым даказвай, што ты — гэта ня ты: „Я ня я, карова не мая“.

Справа ў тым, што зараз машыну ты можаш перадаць каму хочаш і калі хочаш. Груба кажучы, зайшоў сусед: „Косьця, пазыч машыну“. Даў яму ключы, праверыў дакумэнты, каб правы былі, і ён паехаў. Ён дзесьці парушыў, я гэтага ня ведаю. А потым па пошце мне як гаспадару машыны прыходзіць квітанцыя з просьбай сплаціць за перавышэньне на такім і такім участку дзьве базавыя велічыні. І я потым буду павінен давесьці — а не супрацоўнік ДАІ — што я не знаходзіўся ў гэты момант за рулём. То бок я мушу патраціць свой працоўны час, прыехаць у ДАІ, напісаць пратэст, што я не знаходзіўся за рулём транспартнага сродку і хто там быў на той момант — ня ведаю. У выніку пачынаюцца судовыя хаджэньні, інстанцыі. А „гемарой“ у першую чаргу ў мяне будзе, таму што гэта я буду даводзіць сваю невінаватасьць».

Згодна з зацьверджанай працэдурай, пратаколы з фатаздымкамі парушальнікаў будуць высылацца аўтаўладальнікам заказным лістом з паведамленьнем. Кіроўца мусіць заплаціць штраф у банкаўскім аддзяленьні цягам месяца. Калі аплата не паступіць, пытаньне будзе вырашацца ў судовым парадку.
XS
SM
MD
LG