Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 фактараў, якія замінаюць нармальнаму сну


Сайт The Huffington Post паведамі пра вынікі дасьледаваньня наконт сну, праведзенага службай Braun Research для фірмы Pfizer. Былі апытаныя 1000 рэспандэнтаў, якія асноўныя чыньнікі замінаюць іх сну. 25% сьпяць 6 гадзінаў на суткі, 22% — 7 гадзінаў, і толькі 16% — сьпяць неабходныя 8 гадзінаў сну кожную ноч.

Заснавальнік Інстытуту сну ў Сэнт-Луісе д-р Джоў Оўджыл дзеліцца парадамі для паляпшэньня сну.

Што замінае нармальнаму сну?

1. Болі

Боль у сьпіне, болі ў суставах, болі ў цягліцах замінаюць 69% людзей спаць па начах.

Няма простых парадаў, як зрабіць так, каб боль сышоў. У рэшце рэшт, найлепш за ўсё зьвярнуцца да лекараў, і яны дапамогуць вам зьняць боль пры дапамозе лекаў. Не чакайце, пакуль боль сыдзе натуральным чынам.

Калі вы падазраяце, што вашыя болі выкліканыя кепскай падушкай або матрацам, калі вы адчуваеце дыскамфорт — гэта зусім іншая гісторыя. Матрацы, як правіла, трэба мяняць кожныя пяць да 10 гадоў. І не шкадуйце грошай на добрую падушку.

2. Сямейныя стрэсы

Хатнія клопаты і турботы не даюць спаць 60% людзей у начны час.

Наяўнасьць дзяцей у доме заўжды перастройвае ваш лад жыцьця, і вам даводзіцца быць «на пабягушках», нават ноччу. Не спрабуйце быць СупэрБацькам. Зрабіце крок назад і азірніцеся на вашае жыцьцё.

Сыстэматызуйце, расстаўце прыярытэты. Ну і запомніце, некаторыя рэчы можна зрабіць заўтра.

3. Працоўныя стрэсы

Думкі пра працу замінаюць 46 адсоткам людзей спаць у начны час.

Важна выйсьці са сваёй пошты і фэйсбуку за гадзіну да сну, і пакласьці ўсе гаджэты па-за спальняй. Смарт-тэлефоны і кампутары выпраменьваюць вялікую колькасьць узбуджальнага сьвятла. Гэтую гадзіну лепш прысьвяціце мэдытацыі, малітвам, пагартайце часопіс.

4. Экалягічны Шум

Адкрыты шум, як дарожны рух, замінае спаць 35 адсоткам людзей.

Заглушыце шум, які адцягвае, і схавайце сьвятло. Выключыце пральную машыну і гадзіньнік, які цікае.

5. Грамадзкія стрэсы

Адносіны зь сябрамі не даюць спаць 29 адсоткам людзей.

Замест таго, каб плянаваць сон у залежнасьці ад грамадзкіх справаў, паспрабуйце памяняць усё месцамі. Плянуйце справы ў адпаведнасьці з вашымі патрэбамі сну. Калі вы адчуваеце, што вам трэба 8 гадзінаў сну, каб адчуваць сябе добра, і калі вы павінны ўстаць у 7 раніцы, вячэру заплянуйце трошачку раней.

Гэта ня так проста — перабудаваць сваё жыцьцё. Але з часам — прывыкніце. Гэта ўсё роўна, што вырашыць ня есьці бульбу фры.

Вашыя сябры будуць толькі вам удзячныя, што вы сталі менш раздражнёныя і больш вясёлыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG