Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны эўразоны дамовіліся дапамагчы Гішпаніі і Італіі


Лідэры краін эўразоны на начных перамовах у Бруселі дамовіліся аб далейшым умацаваньні валютнага саюзу і неадкладных захадах, закліканых дапамагчы Гішпаніі і Італіі змагацца з даўгавым крызісам.

Пра гэта паведамілі на прэсавай канфэрэнцыі пасьля перамоваў старшыня Эўрапейскай Рады Херман ван Ромпэй і кіраўнік Эўракамісіі Жузэ Мануэл Барозу.

Прынята рашэньне аб тым, што сродкі Эўрапейскага фонду фінансавай стабільнасьці могуць быць выкарыстаныя непасрэдна для павышэньня капіталізацыі банкаў, якія церпяць ад крызісу. На гэтым настойвала Гішпанія, банкаўская сыстэма якой апынулася пад пагрозай. Будзе аказана і дапамога Італіі — у зьніжэньні працэнтных ставак па яе аблігацыях. У сувязі з гэтым Мадрыд і Рым пагадзіліся падтрымаць ухвалены раней іншымі краінамі ЭЗ пакет захадаў, якія забясьпечваюць эканамічны рост, аб’ёмам прыкладна 120 мільярдаў эўра.

Як паведаміў Барозу, краіны эўразоны дамовіліся таксама пачаць працу па стварэньні паўнавартаснага манэтарнага саюзу і ўмацаваньні палітычнага адзінства ЭЗ.

У пятніцу абмеркаваньне захадаў па барацьбе з крызісам працягнецца на саміце ЭЗ з удзелам лідэраў усіх 27 краін, якія ўваходзяць у Эўразьвяз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG