Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя пакуль не знайшла зламысьнікаў, якія адрэзалі дзюбы бакланам


Тэрміны праверкі па справе аб птушанятах бакланаў, якім у Чашніцкім раёне Віцебскай вобласьці зламысьнікі адрэзалі дзюбы, падоўжаныя на тыдзень.

«Прызначаны шэраг праверачных мерапрыемстваў з мэтай устанаўленьня асобаў, якія могуць мець дачыненьне да гэтага факту», — паведаміў Інтэрфаксу начальнік РАУС Чашніцкага раёну Міхаіл Дзядзічкін.

Сёньня скончыўся тэрмін 10-дзённай праверкі, якая была пачата міліцыяй пасьля выяўленьня на адным з астравоў у Чашніцкім раёне некалькіх дзясяткаў бакланятаў, якім садысты адрэзалі дзюбы.

Як паведамілі ў Чашніцкай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, каля 30 пакалечаных птушанят памерлі ад голаду, да некаторых зь іх ужылі эўтаназію. У інспэкцыі адзначылі, што «ўсыпленьне птушанят, якія проста падалі з дрэў ад голаду, — гэта самы гуманны спосаб: яны ўжо станавіліся на крыло і бацькі іх карміць ужо не зьбіраліся, а самастойна, бязь дзюбы, птушаня не змагло б лавіць рыбу».

На мінулым тыдні ў Чашніцкім раёне паблізу рыбгаса было выяўлена некалькі дзясяткаў птушанят бакланаў з адрэзанымі дзюбамі. Бакланы наносяць пэўную шкоду рыбгасам, таму ў Беларусі яны аднесены да непажаданых відаў і дазволены іх адстрэл. За адстрэл плацяць грашовае ўзнагароджаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG