Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянская супольнасьць не забылася пра Ўсходняе партнэрства


У Менску пачынаецца двухдзённая канфэрэнцыя нацыянальнай плятформы форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства.

Пытаньні стратэгічнага разьвіцьця стануць асноўнымі тэмамі канфэрэнцыі, якая пройдзе 29-30 чэрвеня. Як удакладніў дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, цяпер перад нацыянальнай плятформай стаяць задачы, зьвязаныя з вызначэньнем прынцыпаў, мэтаў і прыярытэтаў яе дзейнасьці, выбару актуальнай стратэгіі разьвіцьця, фармаваньня сталага кіруючага камітэту і іншых органаў:

«Перш за ўсё, канфэрэнцыя павінна вызначыцца з далейшым стратэгічным кірункам разьвіцьця нацыянальнай плятформы. Гэта палягае ў большай інстытуялізацыі — гэта значыць, абраньні пастаянных кіроўных органаў і замацаваньні канцэпцыі разьвіцьця плятформы. І вось ужо ў гэтай канцэпцыі, спадзяюся, будзе прынятае больш пашыраная праграма дзейнасьці нацыянальнай плятформы, што распаўсюджваецца ня толькі на Ўсходняе партнэрства, але і на больш шырокае кола задачаў, якія сёньня стаяць перад краінай. Ну, і ў выхадзе нацыянальнай плятформы на больш значнае месца ў грамадзка-палітычным жыцьці і палягае галоўная задача сёньняшняй канфэрэнцыі».

У сувязі з гэтым ўдзельнікамі канфэрэнцыі будзе прынятая канцэпцыя дзейнасьці нацыянальнай плятформы, абмеркаваны і зацверджаны сьпіс арганізацый грамадзянскай супольнасьці Беларусі, якіх плятформа рэкамэндуе да ўдзелу ў IV сустрэчы форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства ў лістападзе 2012 году ў Стакгольме. Асобнай увагі заслугоўвае пытаньне пашырэньня парадку дня нацыянальнай плятформы з улікам пасіўнага ўдзелу беларускай дзяржавы ва Ўсходнім партнэрстве і нядаўна заснаванага Эўрапейскага дыялёгу па мадэрнізацыі Беларусі.

Нацыянальная плятформа форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства была заснаваная ў ліпені 2010 года і стала агульнай пляцоўкай для кансалідацыі і каардынацыі дзеяньняў арганізацый грамадзянскай супольнасьці ў дэмакратызацыі краіны і набліжэньня да эўрапейскіх стандартаў. На канфэрэнцыі ў кастрычніку 2011-га ўдзельнікамі нацыянальнай плятформы быў прыняты мэмарандум аб узаемаразуменьні, які замацоўвае асноўныя прынцыпы, каштоўнасьці і мэты дзейнасьці нацыянальнай плятформы. Мэмарандум адкрыты для падпісаньня ўсімі зацікаўленымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці. Арганізацыі, якія падпісалі мэмарандум, атрымалі статус пастаянных удзельнікаў нацыянальнай плятформы, маюць права голасу пры вырашэньні пытаньняў яе далейшага разьвіцьця. Арганізацыі, якія не падпісалі мэмарандум, такога права мець ня будуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG