Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры БАЖ падпісаліся за Пачобута


Гарадзенскія журналісты, сябры БАЖ, патрабуюць неадкладна вызваліць свайго калегу Андрэя Пачобута з-пад арышту і спыніць супраць яго крымінальную справу.

Пад заявай ў абарону Пачобута вечарам 28 чэрвеня пастаўленыя першыя трынаццаць подпісаў.

Свае подпісы паставяць іншыя журналісты, пасьля гэтага заява будзе накіраваная Генэральнаму пракурору РБ Аляксандру Канюку.

Аб салідарнасьці са сваім калегам кажа Іван Роман, які першым паставіў свой подпіс: «Ёсьць Канстытуцыя РБ, заканадаўства, крытыка ў адносінах да кіраўніка дзяржавы не зьяўляецца падставай для таго, каб узбуджаць крымінальную справу. Тое, што пісаў Андрэй Пачобут у сваіх артыкулах на інтэрнэт-старонках, гэта ня ёсьць злачынства. Кожны чалавек мае права, дадзенае яму канстытуцыяй, крытыкаваць кіраўніка дзяржавы, урад, спэцслужбы».

Андрэй Пачобут, які працуе для польскай «Газэты Выборчэй», знаходзіцца ў сьледчым ізалятары Гарадзенскай турмы. Супраць яго распачатая крымінальная справа паводле часткі ІІ артыкула 367: «Паклёп у адносінах да прэзыдэнта, які ўтрымліваецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, учынены асобай, якая раней была асуджана за паклёп альбо зьнявагу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG