Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Шарэпка: Улады Беларусі не гатовыя да дыялёгу з Эўразьвязам

абноўлена

Лешак Шарэпка
Лешак Шарэпка

28 чэрвеня ў Магілёве амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка сустракаўся з актывістамі мясцовых апазыцыйных арганізацыяў. Сустрэча адбылася ў грамадзкім цэнтры «Кола». На працягу гадзіны польскі дыплямат адказваў на пытаньні прысутных.

На пытаньне Беларускай службы Радыё Свабода пра пэрспэктывы паляпшэньня стасункаў афіцыйнага Менску з Эўразьвязам і, у прыватнасьці, Польшчай Лешак Шарэпка зазначыў:

«Умовы пачатку дыялёгу не зьмяніліся. Усе вязьні сумленьня павінны выйсьці з турмаў. І павінны быць рэабілітаваныя. Мы хацелі б мець гарантыі, што празь месяц ці два па іх вызваленьні яны зноў ня трапяць у турмы, калі зьменіцца палітычная сытуацыя. Мы павінны гаварыць на мове, зразумелай адно аднаму, на мове, якая мае супольны каштоўнасны базіс. Але ваша ўлада не гатовая да гэтага».

Адказваючы на пытаньне, ці ёсьць у Эўразьвязу разуменьне таго, што ўсё, што адбываецца ў Беларусі, робіцца праз падтрымку афіцыйнай Масквы, Лешак Шарэпка выказаўся наступным чынам:

«У Эўразьвязе і наагул у Эўропе ёсьць сілы, якія думаюць, што лепш гаварыць з Масквой, чым марнаваць час, размаўляючы зь Менскам. Афіцыйны Менск крыху стаміў некаторых палітыкаў на Захадзе. Некаторыя зь іх былі б дужа задаволеныя, калі б тут не было праблемы Лукашэнкі і была магчымасьць разьвязваць праблемы непасрэдна праз Маскву».

Лешак Шарэпка выказаў сумнеў адносна эфэктыўнасьці эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму:

«Ёсьць краіны, якія залежаць ад Беларусі. Прыбалтыйскія краіны (Латвія, напрыклад) мае неблагі прыбытак ад транзыту беларускіх тавараў. Ёсьць вялізная колькасьць людзей, якія кажуць, што эканамічныя санкцыі наагул не працуюць. Куба, напрыклад. Яна ж ізаляваная. Санкцыям больш за сорак зь нечым гадоў. Яна існуе, улада не мяняецца. А ў вас яшчэ больш складанае становішча. Вы побач з Расеяй. Рынак агульны. Мяжы няма. Як можна ў такой сытуацыі эфэктыўныя санкцыі ўвесьці?»

На пытаньне пра магчымае пашырэньне візавых санкцыяў на сяброў участковых камісіяў, якіх могуць чарговы раз зьвінаваціць у фальшаваньні вынікаў выбараў, Лешак Шарэпка адказаў:

«Наколькі я ведаю, у сьпісе ёсьць некалькі сябраў выбарчых камісіяў. Зь іншага боку, паўстае праблема доказаў фальшаваньняў. Няма такіх доказаў. І гэта мае яшчэ адзін бок. Аргумэнт такі: «Калі ўлада знаходзіцца ў тым сьпісе, дык ёй напляваць, што грамадзяне Беларусі ня маюць магчымасьцяў выяжджаць за межы краіны. Можа, гэты інструмэнт і мае нейкі ўплыў, але ён хутчэй маральны — гэта асуджэньне не да канца сумленных дзеяньняў нейкага службоўца».

Ці варта чакаць у бліжэйшай пэрспэктыве зьмяншэньня для беларусаў кошту візаў у Эўразьвяз? На думку Лешака Шарэпкі — не:

«Мы прапанавалі, як Эўразьвяз, летась у чэрвені пачаць перамовы аб паніжэньні ставак за візы да 35 эўра. Але год як няма адказу. Вашы ўлады не зацікаўленыя ў гэтым. Былі прапановы зрабіць палёгкі ў гэтым пытаньні ў аднабаковым парадку. Але ў Шэнгенскай зоне ёсьць свае праблемы. Некаторыя краіны не зацікаўленыя надта аблягчаць рэжым для беларусаў. Чаму для беларусаў, але не для людзей з Афрыкі?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG