Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускай літаратуры для дзяцей — не перачытаць!»


«Мы не пасьпяваем чытаць усё, што выходзіць для дзяцей па-беларуску»

«Мы не пасьпяваем чытаць усё, што выходзіць для дзяцей па-беларуску»

Паліна Грынчанка — рэдактарка дзіцячай літаратуры ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». І мама Настасьсі і Яраша. Настасься скончыла сёлета першую клясу, а Ярашу два годзікі. Дзякуючы мамінай прафэсіі і яе любові да беларускага слова гэтыя дзеткі проста жывяцца беларускай літаратурай. У іх менскай кватэры, напэўна, ёсьць усё, што выходзіла для дзяцей па-беларуску. Кожная з гэтых кніг чытаная і любімая. Пра кожную Паліна можа шмат чаго распавесьці.

Мы шмат думаем, якой будзе Беларусь у будучым.

Мы шмат гаворым, як было б добра, калі б усё памянялася.

Але большасьць з нас дбае толькі пра тое, як перажыць сёньняшні дзень.

А будучыня ёсьць цяпер.

Яна будзе дакладна такой, якой будуць вашы дзеці.

Вашы дзеці — адмысловая праграма штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.
Паліна Грынчанка: «Усе скардзяцца, што няма чаго чытаць дзецям па-беларуску. А мы дык нават не пасьпяваем усё перачытаць, хоць я сапраўды для дзяцей чытаю многа. Я ўчора набыла і зарадавалася, што такая кніга зьявілася: „Казачка пра гандляра Пятра, казу і Каляды“ Ігара Кузьмініча. Гэта цудоўны, проста высокамастацкі твор, пабудаваны на беларускім фальклёры, на беларускай традыцыі. Калі ў двух словах, то гэта казка пра тое, чаму каза на Каляды ходзіць. Вельмі харошая рэч і цудоўныя малюнкі...»

Цікава, што сама Паліна вырасла безь беларускіх кніг. Тут, у Беларусі, у іх амаль няма сваякоў. Тата ў яе ўкраінец, а мама — з Таджыкістану. Прыехалі сюды па разьмеркаваньні пасьля ўнівэрсытэту. Беларушчынай Паліна зацікавілася ўжо ў школе: «У маім дзяцінстве не было нічога беларускага. Кніжкі былі ўсе альбо па-руску, альбо па-ўкраінску. У маленстве я ведала некалькі таджыцкіх слоў, вельмі шмат украінскіх Асабліва як у канцы лета прыяжджаеш дахаты, то размаўляеш па-мясцоваму. А ўжо цікавасьць да беларушчыны прыйшла потым, мне пашанцавала з настаўніцай».

Гэта, бадай, рэдкі прыклад, бо шмат якія беларусы скардзяцца на кепскіх настаўнікаў роднай мовы і літаратуры. Кажуць, што пасьля школьнай праграмы ня могуць нават успрымаць беларускую літаратуру ўсур’ёз. Але Паліна перакананая, што тыя, хто сапраўды любіць і хоча ведаць мову, будуць яе ведаць.

Паліна Грынчанка: «Зусім незнаёмая жанчына, пачуўшы маю беларускую гаворку, сказала: „Ой, вы ведаеце, я так часта чую, што моладзь стала па-беларуску казаць“. І мне ад гэтага было так прыемна! Я кажу ёй, што ў моладзі гэта прыкмета „крутасьці“. Моладзь усё ж такі цягнецца да беларускай мовы. Ужо паезьдзіўшы па эўропах і пабачыўшы, што там у пашане сваё, нацыянальнае, яны пачалі зьвяртаць увагу і на беларускую мову».

А вось для сваіх дзяцей Паліна робіць усё, каб яны гадаваліся па-беларуску. Кажа, што ў іх няма ніякіх праблемаў з камунікацыяй. Настасься пайшла ў беларускамоўную школу. А сяброў вакол хапае.

Паліна Грынчанка: «Слава чалавеку, які прыдумаў інтэрнэт. Ура! Бо мы там заўжды шукаем нешта цікавае. Старэйшая хадзіла ў беларускамоўны садок, і адтуль шмат знаёмых. Зь імі пайшлі ў першы кляс. Калі цікавісься, па-любому вакол цябе ствараецца кола зацікаўленых людзей. Адзінае, што часам да сяброў трэба кудысьці зьезьдзіць трохі далей, чым проста выйсьці ў двор, але гэта не праблема».

Паліна — цалкам аўтарытэтны дарадца ў дзіцячай літаратуры. Найбольш любімая кніга ў сям’і — «Прыгоды капітана Танакі» Алеся Кудрыцкага. Караценькія вершыкі пра незвычайных плястылінавых пэрсанажаў любяць і Настасься, і Яраш.

Паліна: «​„Капітан Танака“ зачытаны ўжо да дзірак. Колькі разоў ні выбіралі для Яраша кніжку, ён просіць „Капітана Танаку“. Настасься шмат разоў чытала, на памяць вывучыла. І да таго ж вельмі клясна зь ім вучыць новыя словы. Нешта падобнае хацелася б бачыць для зусім маленькіх дзетак: вялікі малюнак і трошкі тэксту. Яшчэ для маленькіх можна чытаць „Брык і Шуся шукаюць лета“ — але гэта гадоў ад чатырох. Там ужо і кніжка і размалёўка — такога дакладна нестае. Што б яшчэ хацелася бачыць на паліцах кнігарняў, — гэта вершы з малюнкамі. Цудоўныя ж вершы-карацелькі пішуць Андрэй Хадановіч, Вера Бурлак, Рыгор Барадулін».

Яраш і Настасься «Капітана Танаку» зачыталі да дзірак

Яраш і Настасься «Капітана Танаку» зачыталі да дзірак





А вось для Настасьсі, якая ўжо ўсур’ёз цікавіцца навакольным сьветам, патрэбная навукова-папулярная літаратура. Яе шмат, але ўся яна выходзіць па-расейску:

Паліна: «Настасьсі ўжо сем гадоў — расьце, цікавіцца. Сталася так, што ў нас навукова-папулярнай дзіцячай літаратуры няма. І гэта вялікая праблема. Трэба ж, каб было! Дзецям патрэбныя новыя веды. Мы вырашылі так праблему: купляем расейскія энцыкляпэдыі, і я ёй з ходу перакладаю».

«Купляем рускую кнігу на кардоне і заклейваем рускі тэкст беларускім перакладам»

«Купляем рускую кнігу на кардоне і заклейваем рускі тэкст беларускім перакладам»



Паліна нават сабрала подпісы сярод сваіх сяброў і занесла іх у адно беларускае выдавецтва. Каб іхныя навукова-папулярныя кнігі для дзяцей выходзілі таксама па-беларуску.

«Я кажу: калі я прыходжу ў кнігарню і выбіраю кніжкі дзецям, зусім ня факт, што я з пачуцьця патрыятызму абяру расейскамоўную кнігу беларускага выдавецтва. Я набуду тую, якая таньнейшая і дзе прыгажэйшыя малюнкі. А гэтую нішу ў нас якраз цудоўна запаўняюць расейскія выдавецтвы. Чаму б вам не запоўніць нашую нішу, якая пустая?»

Але гэта нічым не дапамагло. Мясцовыя выдаўцы баяцца, што такія кнігі па-беларуску будуць кепска распрадавацца. Са свайго досьведу працы ў выдавецтве Паліна сьцьвярджае, што наклады дзіцячых кніг у 2–3 тысячы «разыходзяцца са сьвістам».

А пакуль гэтую праблему Грынчанкі разьвязваюць уласнымі сіламі:

«Купляем кніжкі на кардоне, заклейваем беларускім тэкстам. Я сама перакладаю альбо знаходжу ў інтэрнэце».

У інтэрнэце Паліна знаходзіць і дзіцячых аўтараў. Дзякуючы ёй шмат якія беларускія мамы і таты сталі дзіцячымі пісьменьнікамі. Разам зь сябрамі яны «выдаюць» і самаробны часопіс «Гарбузік»:

«Гэта звычайна: адчуваеш, што ёсьць нейкая праблема, але пакуль яна цябе ня тычылася, то нічога і ня робіш. Абураесься, што няма дзіцячых кніжак, але пачынаеш нешта рабіць, толькі калі ўжо зьяўляюцца свае дзеці. І мы з валянтэрамі арганізавалі выданьне часопіса „Гарбузік“. Выйшла тры нумары, на падыходзе чацьвёрты. Так бы мовіць, альтэрнатыва часопісу „Вясёлка“. Але гэта не таму, што „Вясёлка“ ня дужа добрая. Проста часопісаў павінна быць шмат і розных. Наш не такі „літаратурны“, як „Вясёлка“. Тут ёсьць і разьдзел „Энцыкляпэдыя“ для старэйшых дзетак, і нейкія самаробкі, і задачкі я прыдумляла, і рэбусы».

«Гарбузік» — дзіцячы самвыдат беларускамоўных бацькоў

«Гарбузік» — дзіцячы самвыдат беларускамоўных бацькоў



Маленькі Яраш падчас нашай размовы ўвесь час патрабаваў у мамы пачытаць яму нейкую новую кніжку. Настасься, бадай, перачытала ўсе выкладзеныя мамай на канапу кніжкі. Любіць чытаць як беларускія творы, так і пераклады. Любімая яе гераіня — Піпі ДоўгаяПанчоха, бо яна вельмі сьмешная. Кажа, што з апошніх кніг ёй найбольш спадабалася «Як пані Чаротная на госьці ў Палангу бегала» Алены Масла. Настасься лічыць, што кніга без малюнкаў зусім не цікавая.

Усім, каму ня так пашанцавала з настаўніцамі і мамамі, як Грынчанкавым дзеткам, Паліна раіць чытаць клясыкаў:

«Людзям, якія кажуць, што няма нічога цікавага, і якія кажуць, што пішуць нецікава, і якім увогуле цяжкавата знайсьці беларускія кнігі, я б параіла вечную клясыку — Караткевіча. Вось ня так даўно выйшла кніга казак «Лебядзіны скіт». У яго шыкоўная мова — няма чаго казаць, гэта ж клясыка. Апроч таго, малюнкі Міколы Купавы надаюць гэтым тэкстам хараства.

Паліна Грынчанка вельмі хоча, каб у школьнай праграме былі творы сучасных аўтараў. Асабліва ёй падабаецца, як пішуць для дзяцей і падлеткаў Пятро Васючэнка і Алена Масла. Яна не прымушае сваіх дзяцей вучыцца чытаць, а проста чытае сама і ўголас чытае ім. Кажа, што чытаць яны навучацца тады, калі ім гэтага захочацца.

Паліна Грынчанка: «Калі я зараз перачытваю нешта і мне кажуць: «О! Гэта ж клясыка. Ты што, у дзяцінстве не чытала?» — я кажу: «Не, не чытала».

Паліна Грынчанка: «Калі я зараз перачытваю нешта і мне кажуць: «О! Гэта ж клясыка. Ты што, у дзяцінстве не чытала?» — я кажу: «Не, не чытала».



Паліна: «Дарослым, у якіх ёсьць дзеці і якія больш-менш цікавяцца беларушчынай, усё ж такі трэба чытаць дзецям і набываць дзецям кніжкі беларускія. Я вось нядаўна задумалася вось пра што: у маёй галаве ўвесь пласт дзіцячай літаратуры цалкам па-расейску, і, можа, трошкі па-ўкраінску. Я, дапусьцім, не беларуска, але гэта няважна. Але дзецям, якія растуць тут, якія лічаць сябе беларусамі, для іх вельмі будзе важна, што не засталося ў іх таго пласту дзіцячай беларускай літаратуры, якую трэба было прачытаць менавіта ў дзяцінстве. Гэтага ўжо ніколі не нагоніш. Калі я зараз перачытваю нешта і мне кажуць: „О! Гэта ж клясыка. Ты што, у дзяцінстве не чытала?“ — я кажу: „Не, не чытала“. І мне ад гэтага неяк ніякавата. Я шкадую, што я гэтага не чытала раней. І зараз калі я гэта чытаю, гэта будзе ня тое. Будзе ўжо вывучэньне, а не асалода».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG