Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны камісар: Беларусь ухіляецца ад супрацоўніцтва з ААН

  • Тацяна Поклад

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наванэтхэм Пілэй

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наванэтхэм Пілэй

У Радзе ААН па правах чалавека, дзе праходзіць 20-я сэсія, сёньня завяршыўся інтэрактыўны дыялёг пра Беларусь.

Прадстаўнікі дзясяткаў краінаў выказваліся аб справаздачы, падрыхтаванай Офісам Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і аб праекце рэзалюцыі, якая заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі і патрабуе ўвядзеньня пасады спэцдакладчыка ААН.

Інтэрактыўны дыялёг – частка аналізу сытуацыі з правамі чалавека ў краіне, у дадатак да збору інфармацыі і падрыхтоўкі справаздачы і прыняцьця дакумэнта, які запатрабуе ад уладаў праблемнай краіны канкрэтных дзеяньняў і прыцягне да яе шырэйшую міжнародную ўвагу.

Больш за дзесяць краін, у іх ліку краіны ЭЗ, ЗША, Канада, частка краінаў Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амэрыкі выказалі заклапочанасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

У падтрымку пазыцыі Расеі, Эквадора, Кубы, якія заявілі ўчора, што ў Беларусі няма праблемаў, сёньня выступілі прадстаўнікі краінаў, сытуацыя з правамі чалавека ў якіх выклікае заклапочанасьць міжнароднай супольнасьці, – такіх, як Туркмэністан, М'янма, КНДР.

Драматычныя наступствы


На заканчэньне дыялёгу 20 хвілінаў мелі для выступаў міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, якія цесна супрацоўнічаюць зь беларускімі праваабаронцамі і ў працы якіх бяруць удзел і самі беларусы.

У часе інтэрактыўнага дыялёгу прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў (Фундацыя дамоў правоў чалавека, Human Rights Watch, Міжнародная фэдарыцыя Лігі за правы чалавека, Міжнародная Амністыя, Civicus) згадвалі імёны беларускіх палітвязьняў, найчасьцей Андрэя Пачобута і Алеся Бяляцкага.

У выступах прадстаўнікі арганізацыяў заклікалі Раду ААН па правах чалавека рэагаваць канкрэтнымі дзеяньнямі на тое, што ў Беларусі працягваецца парушэньне правоў чалавека і ўвесьці пасаду спэцдакладчыка ААН па Беларусі.

Фундацыя дамоў правоў чалавека выказала шкадаваньне аб тым, што ўлады Беларусі не выказваюць добрай волі да супрацы з Офісам Вярхоўнага камісара настолькі, што нават не дазволілі яго рабочай групе наведаць Беларусь у часе падрыхтоўкі справаздачы па гэтай краіне.

«Улады Беларусі ігнаруюць спэцыяльныя працэдуры (Рады ААН па правах чалавека) і адкідаюць рэкамэндацыі дамоўных органаў. У дадатак, у Беларусі распачаліся рэпрэсіі супраць праваабаронцаў, якія супрацоўнічаюць з ААН, – адзначыў кіраўнік міжнароднага офісу Фундацыі Флярыян Ірмэнгер. – Адмова супрацоўнічаць з ААН мае драматычныя наступствы. У 2010, 2011 і 2012 гадох пяць чалавек былі пакараныя ў Беларусі, хаця іх справы ў тым часе разглядаліся ў Камітэце па правах чалавека ААН».

Згадвалася сёньня ў ААН і аб тым, што Камітэт па правах чалавека ацаніў адмову ўладаў Беларусі рэгістраваць праваабарончы цэнтар «Вясна» як парушэньне права на свабоду сходаў і асацыяцыяў, а таксама прысуд кіраўніку «Вясны» і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека Алесю Бяляцкаму на падставе фальшывых абвінавачаньняў аб ухіленьні ад падаткаў.

Сьмяротная кара


Міжнародныя праваабаронцы, якія працуюць разам зь беларускімі дзеячамі, таксама нагадалі сёньня ў ААН, што Беларусь праігнаравала рэкамэндацыі Камітэту супраць катаваньняў і выказалі спадзеў, што Рада ААН па правах чалавека ня будзе маўчаць адносна таго, як чыніцца сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

«Міжнародная амністыя» ў сваім выступе аб Беларусі акцэнтавала праблему сьмяротных пакараньняў у краіне і таго, як яны зьдзяйсьняюцца, распавяла аб прысудзе Канавалаву і Кавалёву і абставінах, якія выклікаюць сумнеў у справядлівасьці прысудаў ім і заклікала да мараторыя на сьмяротныя пакараньні.

Беларуская місія ў ААН супраць мандата па сваёй краіне


Пасьля ўсіх выступаў 2 хвіліны на адказ меў прадстаўнік Беларусі, які сказаў, што яго дэлегацыя прымае да ведама выказанае і падкрэсьлівае, што няма сумненьняў, што ЭЗ спрабуе навязаць ААН сваю «палітызаваную пазыцыю» і «беспадстаўныя абвінавачаньні».

Прадстаўнік беларускай місіі Міхаіл Хвастоў заявіў: «ЭЗ не супрацоўнічае з праваабарончымі мэханізмамі ААН. Беларусі не патрэбны спэцдакладчык ААН і Беларусь заклікае Раду прагаласаваць супраць рэзалюцыі, якая прадугледжвае мандат па краіне. Беларусь – гэта радзіма 10-мільёнаў грамадзянаў і яны не дапусьцяць дэзарганізацыі краіны».

Беларусь падавала недакладныя зьвесткі ў ААН


Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Наванэтхэм Пілэй на завяршэньне патлумачыла, якія мэтады і крыніцы ўжываліся для справаздачы, якую Беларусь так рэзка крытыкавала. У ліку іншага выкарыстоўваліся і крыніцы ад ураду Беларусі, адзначыла Вярхоўны камісар, і падала некалькі прыкладаў, у іх ліку і канкрэтны прыклад, калі беларускі ўрад падаў у ААН зьвесткі аб колькасьці арыштаваных і Офіс параўноўваў іх са зьвесткамі праваабаронцаў.

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека пацьвердзіла ў сваім сёньняшнім выступе, што Беларусь ухіляецца ад супрацоўніцтва з ААН у справе правоў чалавека.

Свабода руху беларусаў – новая праблема для ААН


Наванэтхэм Пілэй адзначыла, што сапраўды ў справаздачы, якая складалася некалькі месяцаў таму, не адлюстраваныя выпадкі, калі ўлады Беларусі перашкаджалі праваабаронцам, актывістам, журналістам свабодна выяжджаць з краіны і вяртацца. Цяпер Радзе ААН вядомыя новыя факты аб такіх абмежаваньнях і рэпрэсіях у Беларусі, якія сьведчаць аб «новых трывожных тэндэнцыях».

Паводле Вярхоўнага камісара ААН, да падрыхтаванай раней справаздачы па Беларусі дадаюцца новыя парушэньні правоў чалавека ў многіх сфэрах і сытуацыя там пагаршаецца настолькі, што ствараюцца новыя трывожныя тэндэнцыі – абмежаваньні руху беларусаў, рэпрэсіі супраць праваабаронцаў, якія супрацоўнічаюць з ААН, адсутнасьць незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў у Беларусі, празьмерны ціск уладаў на юрыстаў.

Мандат па краіне


Пасьля выступу Вярхоўнага камісара прайшлі агульныя дэбаты, у часе якіх дэлегацыі альбо групы дэлегацыяў выказваліся па тых краінах, дзе, на іх думку, ёсьць найбольшыя праблемы. Абмяркоўваліся Бахрэйн, Сырыя і Беларусь.

Данія ад імя ЭЗ, а таксама Гішпанія, Чэхія, Аўстрыя, шэраг іншых краінаў выказалі заклапочанасьць пагаршэньнем правоў чалавека ў Беларусі і заклікалі галасаваць за абмеркаваную напярэдадні рэзалюцыю, якая ўвядзе мандат па краіне (пасаду спэцдакладчыка ААН па Беларусі). Інданэзія у сваім выступе, падобна ранейшаму выступу Віетнама, дыпляматычна заявіла, што да павелічэньня колькасьці мандатаў трэба ставіцца асьцярожна і досьвед паказвае, што калі сама краіна так моцна пратэстуе супраць увядзеньня мандата па сваёй краіне, наўрад ці будзе значны плён ад працы спэцдакладчыка ў такіх умовах для Беларусі.

Галасаваньне па рэзалюцыі аб Беларусі ў Радзе ААН па правах чалавека будзе напрыканцы цяперашняй 20-й сэсіі (якая завяршаецца 6 ліпеня).
XS
SM
MD
LG