Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узбэкістан прыпыняе сяброўства ў АДКБ


Міністры замежных справаў краін АДКБ

Міністры замежных справаў краін АДКБ

Узбэкістан прыпыняе свой удзел у Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).

Як паведамляюць расейскія агенцтвы са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы, Узбэкістан накіраваў у сакратарыят АДКБ адпаведную ноту.

Пракамэнтаваць гэтае рашэньне мы папрасілі Камалідзіна Рабімава, экспэрта ў пытаньнях Цэнтральнай Азіі з парыскага цэнтру ЛІГЛІС.

Рабімаў: Такія рашэньні ва Ўзбэкістане прымае толькі Карымаў. Калі Пуцін апошні раз наведваў Ташкент, паміж ім і Карымавым была размова ў аэрапорце і размова дастаткова жорсткая. У адносінах афіцыйных Ташкента і Масквы ёсьць канфлікт вакол вываду войскаў з Афганістану. Карымаў настойвае, каб НАТА, які сыдзе з Афганістану да 2014 году, пакінуў ва Ўзбэкістане частку вайсковай тэхнікі. А Масква гэтаму пярэчыць. Усе буйныя ініцыятывы па стварэньні нейкіх там структур у рамках АДКБ заўсёды блякуюцца з боку Ташкента. Карымаў такі чалавек, які глыбока не давярае міжнародным інстытутам. Ён давярае толькі двухбаковым адносінам. Ён нідзе ў шматбаковых фарматах рэальна ня ўдзельнічае. Яго кіраваньне Ўзбэкістанам – гэта «ручное кіраваньне». Адсюль яго асабістыя дачыненьні з Расеяй і з Пуціным.

У АДКБ уваходзяць таксама Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Расея, Таджыкістан.
XS
SM
MD
LG