Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакараньне карцэрам: Каваленка — адседзеў, Статкевіч — сеў


28 чэрвеня заканчваецца 10-дзённы тэрмін пакараньня дадатковай ізаляцыяй вязьня Магілёўскай калёніі Сяргея Каваленкі. Тым часам стала вядома, што ў карцэр трапіў і экс-кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч.

Зьвестак пра тое, як адбываў пакараньне карцэрам Сяргей Каваленка, ягоная жонка Алена ня мае — лісты ад такіх пакараных не даходзяць. Алена спадзяецца, што мужа сапраўды выпусьцілі сёньня і што заўтра, 29 чэрвеня, яна зможа перадаць яму перадачу:

«Нічога ня ведаю, інфармацыі няма. Павінен Сяргей сёньня выйсьці з ШЫЗА. Павязу яму перадачу заўтра, звычайную і мэдычную, тады, магчыма, нешта даведаюся ў дэталях».

Алена Каваленка называе карцэр у калёніі словам «ШЫЗА», гэта скарачэньне ад назвы «штрафны ізалятар». Розьніцу паміж «ШЫЗА» і карцэрам патлумачыў былы палітвязень Мікіта Ліхавід, які адбываў пакараньне ў Наваполацкай калёніі і некалькі разоў трапляў у «ШЫЗА»:

«У калёніі гэтае памяшканьне называюць штрафным ізалятарам. У турме гэта карцэр. Адрозьненьне „ШЫЗА“ ад карцэру яшчэ і ў тым, што ў першым выпадку вязьняў могуць трымаць па некалькі ў адной камэры, а турэмны карцэр — гэта звычайна адзіночка».


Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч адбывае пакараньне ў Магілёўскай крытай турме № 4. Паводле жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч, днямі ён трапіў у турэмны карцэр. Таксама на 10 дзён, як і Сяргей Каваленка. Сёньня, 28 чэрвеня, Марына атрымала ад мужа ліст, у якім прачытала пацьверджаньне гісторыі пра канфлікт у камэры, дзе сядзеў да карцэру Мікалай Статкевіч. Туды сапраўды зьмясьцілі вязьня, які парэзаў сабе вены. Марына Адамовіч не выключае, што канфлікт зьвязаны з тым, што яе мужа пакаралі карцэрам, і кажа пра наўмысную правакацыю.

Пра ўмовы, у якіх цяпер Мікола Статкевіч, ягоная жонка інфармацыі амаль ня мае:

«Нічога невядома, акрамя таго, што ён там ужо быў. Гэта было ўзімку, калі яго толькі прывезьлі са Шклоўскай калёніі. Казаў пазьней, што ў карцэры было вельмі холадна».

Мікіта Ліхавід патлумачыў, чаму ў карцэрах і «ШЫЗА» звычайна вельмі холадна, у тым ліку і ўлетку:

«Вэнтыляцыя працуе дрэнна. Усе трубы, па якіх цячэ вада, адкрытыя. На паверхні кандэнсуецца вільгаць, як і на сьценах. У выніку паветра вельмі вільготнае і адзеньне хутка набірае вільгаць. Мокрае адзеньне забірае цяпло цела, таму ўвесь час вельмі холадна, а ноччу тым больш».

Дадатковае выпрабаваньне ў карцэры — слабое харчаваньне, кажа Мікіта Ліхавід. У адрозьненьне ад савецкіх часоў, харчаваньне вязьняў у карцэры цяпер законам не скарачаюць, але ў карцэр забаронена браць харчы, якія дасылаюць сваякі вязьняў, і там нельга набываць харчы з турэмнай крамы. Між тым на звычайным харчаваньні працягнуць у турме складана, мяркуе Мікіта Ліхавід:

«Ежа вельмі пустая. Вітамінаў там няма. Раніцай хутчэй паеў, пакуль гарачае, і кладзесься спаць. Дзьве гадзіны можна паспаць, пакуль арганізм не зразумеў, што яго падманулі».
XS
SM
MD
LG