Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтравыбаркам: жывой трансьляцыі тэледэбатаў ня будзе

абноўлена

Цэнтравыбаркам Беларусі лічыць немэтазгодным праводзіць тэледэбаты кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у жывым эфіры.

«У жывым эфіры мы ўжо правялі адны тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты краіны ў 2010 годзе. Прыемнага вельмі мала там было. Мы спадзяемся, што дэбаты на парлямэнцкіх выбарах будуць праходзіць ветліва і ў карэктнай форме, але ўсё ж будзем трансьляваць іх у запісе», — паведаміў Інтэрфаксу сакратар Цэнтравыбаркаму Беларусі Мікалай Лазавік.

Ён адзначыў, што «правядзеньне дэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — гэта для нас справа новая. Мы яшчэ не праводзілі тэледэбаты для кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту. Былі толькі тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты».

«Лічым, што час трансьляцыі гэтых дэбатаў павінен быць такім жа рэйтынгавым, як і час трансьляцыі перадвыбарчых выступленьняў», — сказаў сакратар ЦВК.

Паводле Лазавіка, «калі будуць узьнікаць складанасьці ў пытаньні прадстаўленьня эфірнага часу альбо яго ня будзе хапаць на ўсіх кандыдатаў, будзе правільна, калі кіраўнікі тэлекампаній зробяць часавы зазор, каб скарэктаваць сетку вяшчаньня, пасунуўшы гэты час наперад або назад». Пра гэта паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Мікалай Лазавік пасьля нарады, на якой разглядаліся пытаньні выкарыстаньня СМІ ў пэрыяд выбарчай кампаніі, перадае БелТА. Да таго ж кандыдатам у дэпутаты адвядуць для выступаў па дзяржаўным тэлебачаньні і радыё самы рэйтынгавы эфірны час — з 17.00 да 20.00.

Марголін: «Можа так атрымацца, што ня будзе з кім дэбатаваць»


Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін у размове са «Свабодай» так пракамэнтаваў гэтае рашэньне: «Галоўнае тут — жаданьне ўладаў прадэманстраваць такую псэўдалібэральнасьць і псэўдапразрыстасьць выбараў. Што тычыцца дэбатаў, то тут ня ўсё так проста, як можа падацца. Гэта толькі праанансаваная магчымасьць. Але ўявіце сабе, што кандыдат ад улады адмаўляецца ад дэбатаў. А ён мае такое права. І тады з кім будзе дэбатаваць кандыдат ад апазыцыі?»


Балыкін: «Дэбаты — гэта вельмі цікава»

Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Сяргей Балыкін у размове са «Свабодай» так ацаніў гэтыя магчымасьці: «Такі фармат, як дэбаты на парлямэнцкіх выбарах, калі я не памыляюся, ужываецца ўпершыню, і гэта вельмі цікава. Я з задавальненьнем паўдзельнічаў бы ў дэбатах, таму што гэта жывая дыскусія, у адрозьненьне ад статычнага выступу кандыдата ў дэпутаты. Што тычыцца часу выхаду ў эфір, то ён вельмі зручны.

Але ж тут ёсьць некалькі пытаньняў. Па-першае, па якіх каналах і па якіх хвалях гэта ўсё пойдзе? Калі на тых хвалях, якія радыёслухачы ня могуць выкарыстоўваць, таму што няма ўжо такіх прыймачоў, адпаведнай тэхнікі, то ніхто гэтага і не пачуе, у які б час гэтая перадача ні вялася.

Што тычыцца тэлебачаньня, дык тут шмат што залежыць ад таго, па якім канале гэта будзе ісьці. Можа так атрымацца, што людзі ў гэты час ня будуць уключаць менавіта гэты канал, і яны ня ўбачаць гэтых выступаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG