Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музэй — як пачакальня перад апартамэнтамі яе вялікасьці Гісторыі. Гэткі сабе прыймовы пакой, дзе трэба пэўны час пасядзець перад прызначанай аўдыенцыяй. Трапіць у музэй яшчэ не азначае трапіць у гісторыю, хутчэй — павялічыць свае шанцы. Праўда, Гісторыя — дама капрызная, на таго ці іншага сядзельца ў пачакальні можа зусім забыцца, а кагосьці — і праз акно ўпусьціць. Без чаргі і папярэдняга запісу.

Палітычныя дзеячы з правадырскімі замашкамі, як правіла, клапоцяцца пра ўласную мэмарыялізацыю яшчэ пры жыцьці. Пераймяноўваюць у свой гонар гарады, ставяць самі сабе пампэзныя помнікі, літасьціва дазваляюць складаць пра сябе хваласьпеўныя оды. Прычым, чым даўжэй чалавек знаходзіцца ва ўладзе, тым больш курыцца вакол яго фіміяму. А фіміям той — як чад, надыхаесься і — галава кругам ідзе. «Галавакружжам ад посьпехаў» назваў гэткі стан адзін з абкураных і ўзьвялічаных правадыроў.

Аляксандар Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што самым рашучым чынам спыняе ўсе спробы стварэньня культу вакол сваёй асобы. Максымум, на што ён пагадзіўся, — гэта партрэты ў кабінэтах уладнай вэртыкалі. Але падобна на тое, што колькасьць удыхнутага фіміяму падзейнічала і на Лукашэнку, і ён стаў стаў губляць пільнасьць.

То парадны партрэт у вайсковай форме мастакі несанкцыявана выставяць. То абласны начальнік у жывым тэлеэфіры з Богам параўнае. То ўвішныя эстраднікі песьню прагундосяць пра бацьку — хоць стой, хоць падай з такіх панэгірыкаў.

А нованароджаны кульцік ніякім спавівачом не стрымаеш — калі ўжо зьявіўся на сьвет, то абавязкова будзе расьці. І расьце. Як стала нядаўна вядома, ужо дарос да пэрсанальнага музэю, які для адводу вачэй пакуль што атрымаў дзіўнаватую назву — Музэй сучаснай беларускай дзяржаўнасьці.

Здавалася б, чым глыбей у мінуўшчыну сягае тая самая дзяржаўнасьць, тым большы прэстыж з гэтага мае дзяржава. Так хіба паўсюль, але не ў Беларусі, дзе на першым месцы — прэстыж аднаго чалавека. Таму і ў новаствораным музэі «сучасная беларуская дзяржаўнасьць» пачынаецца не з 1991 году (факт відавочны), а з 1994-га. Калі б прэзыдэнцкія музэязнаўцы рупіліся аб прэстыжы дзяржавы, яны з-пад зямлі дасталі б і паклалі ў экспазыцыю пад скупыя промні «разумнага сьвятла» (сучасная тэхналёгія!) Бібліяю Скарыны, Статут Сапегі, «Мужыцкую праўду» Каліноўскага, Трэцюю ўстаўную грамату БНР. Але тым музэязнаўцам іншы прэстыж у галаве, і яны кладуць у музэйныя вітрыны зусім іншыя «рарытэты»: газэту з антыкарупцыйным дакладам, заяву ў Цэнтарвыбаркам будучага кандыдата на прэзыдэнта, яго першыя ўказы ў дасягнутым статусе, яго тэнісную ракетку, яго хакейную клюшку, яго асфальтаўстойлівыя лыжы...

Зразумела, што пра такія экспанаты наведнікам найцікавей можа расказаць той, хто выступаў з тым дакладам, хто карыстаўся тымі лыжамі і той ракеткай. А ён, аказваецца, і сам ня супраць падпрацоўваць у музэі экскурсаводам — у вольны ад асноўнай працы час. Чым і ўсьцешыў зачырванелую ад некампэтэнтнасьці дырэктарку. Балазе, хадзіць далёка ня трэба — адчыніў пару запасных дзьвярэй у сваёй рэзыдэнцыі і апынуўся на новым працоўным месцы, дзе можаш быць хоць экскурсаводам, хоць экспанатам. Ці — адразу экспанатам з экскурсаводнай указкай. І — расказваць, расказваць, расказваць. Пра свае дасягненьні пад сваім жа кіраўніцтвам. Пра будаўніцтва бібліятэкі, пра стварэньне саюзнай дзяржавы, пра ўратаваны МАЗ і прададзены Белтрансгаз. Пра тое, як тут і цяпер творыцца беларуская гісторыя, у пачакальні якой так ня хочацца доўга сядзець. Хочацца нагой адчыніць запаветныя дзьверы. Можна, вядома, і нагой, але ня шкодзіць у такім выпадку прыгадаць радкі Ніла Гілевіча — паэта хай сабе і нелюбімага, але заслужана народнага:

Дзьверы ў гісторыю вузкія вельмі —
Цяжка праходзяць і людзі, і шэльмы.
Дзьверы ж адтуль — шырэй за вароты:
Вылеціш вон, і ня ўспомняць, хто ты.

У Беларусі шмат самых розных музэяў — ёсьць што паказаць і суайчыньнікам, і замежнікам. Хай сабе будзе і Музэй сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. Тым больш ён у параўнаньні зь іншымі музэямі мае адну бясспрэчную перавагу — не патрабуе грошай на закуп экспанатаў. Бо пакуль каштоўнасьць прэзыдэнцкіх указаў ні на адным з музэйных аўкцыёнаў не пацьверджаная. А колькі там каштуе электронная кніга водгукаў у параўнаньні са Статутам ВКЛ — драбяза. Гэта хай магілёўскія музэйшчыкі зьбіраюць з кожнай сьвіткі па дзьве ніткі, каб здабыць для сябе рарытэтную старажытную кнігу.

Так што з камплектаваньнем новаадчыненага музэю праблемаў быць не павінна. А калі ўлічыць, што туды ж паступаюць і ўсе падарункі галоўнаму экскурсаводу, то музэйнай плошчы можа неўзабаве і забракаваць. Давядзецца тады зьяжджаць у новую рэзыдэнцыю.

Цікава, ці ў новым музэі ўжо прыгатавалі спэцвітрыну з клімат-кантролем пад толькі што прывезеную з Вэнэсуэлы цагліну — падарунак ад Уга Чавэса?
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG