Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампутары «Крэсовіі» абяцалі вярнуць пасьля экспэртызы


Будынак, у якім месьціцца офіс "Крэсовіі"

Будынак, у якім месьціцца офіс "Крэсовіі"

Сёньня на дзьвярах гарадзенскага таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Крэсовія» вісела абвестка: 28 чэрвеня фірма не працуе. Учора ў «Крэсовіі» адбыўся ператрус, забралі кампутары.

«Крэсовія» знаходзіцца насупраць Генэральнага консульства Польшчы. Паверхам вышэй — «Палянійны цэнтар бізнэсу і турызму», які сёньня працаваў. Я пастукаўся ў «Крэсовію», дзьверы адамкнулі. Дырэктарка фірмы Анжаліка Арэхва патлумачыла:

«Учора, так, быў ператрус і забрана дзевяць кампутараў. І цяпер Саюз палякаў пазбаўлены магчымасьці нармальна працаваць: без кампутараў цяпер нічога ня зробіш. Наперадзе ў нас акцыя „Лета з Польшчай“, дзеці маюць выяжджаць на вакацыі ў лягеры. Гэта ўсё блякуе працу нашай арганізацыі».

Анжаліка Арэхва выконвае таксама абавязкі старшыні апазыцыйнага Саюзу палякаў. Што агульнага паміж Саюзам і «Крэсовіяй»?

Арэхва: «Крэсовія» — гэта гаспадарчае «заплечча» Саюзу палякаў, якое дае магчымасьць арандаваць памяшканьні, праводзіць легальна курсы польскай мовы і гэтак далей. Таму кампутары былі ў «Крэсовіі», а ўвогуле ўсе гэтыя дзевяць кампутараў лічацца маёмасьцю Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні, якое нам пазычыла іх на час. Так, тут учора быў консул Даліва, які казаў, што гэта маёмасьць консульства. Але іх гэта не цікавіла, яны адказалі, што калі яны правядуць экспэртызу, то вернуць назад. Былі там людзі, убраныя па-цывільнаму, і міліцыянты ў форме«.

Зь якою мэтаю былі забраныя кампутары ў фірме «Крэсовія» і хто выдаў ордэр на ператрус? У гарадзенскай абласной пракуратуры гэтага патлумачыць ня здолелі:

«Вы ведаеце, вы, напэўна, зьвярніцеся ў інфармацыйную службу сьледчага камітэту. Яны нам не давалі гэтай інфармацыі».

У абласным упраўленьні Сьледчага камітэту адказалі толькі наступнае:

«Мы па гэтым пытаньні камэнтароў не даем, мы не ўпаўнаважаныя, я вам скажу, даваць нейкія камэнтары».

Ператрус у «Крэсовіі» праходзіў у прысутнасьці сьледчага Арсенія Нікольскага, які вядзе справу Андрэя Пачобута.

Журналіста і актывіста Саюзу палякаў Андрэя Пачобута арыштавалі 21 чэрвеня. Супраць яго завялі крымінальную справу паводле крымінальнага артыкула 367, частка 2 — «Паклёп у адносінах да прэзыдэнта, які ўтрымліваецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, учынены асобай, якая раней была асуджана за паклёп альбо зьнявагу». Паводле Крымінальнага кодэксу, журналіста могуць пакараць абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьнем волі на такі ж тэрмін. 5 ліпеня 2011 году Ленінскі суд Горадні вынес рашэньне, згодна зь якім Пачобут быў апраўданы паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта Беларусі), але прызнаны вінаватым паводле часткі 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу (паклёп на прэзыдэнта).
XS
SM
MD
LG