Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратуры даручана праверыць факты апаганьваньня езуіцкага касьцёла


Генэральная пракуратура Беларусі абавязала пракуратуру Ленінскага раёну Бабруйску праверыць факты апаганьваньня будынка былога езуіцкага касьцёла, што ў Бабруйскай крэпасьці.

Акрамя таго, Міністэрства культуры «ўказала супрацоўнікам Бабруйскага гарвыканкаму на неабходнасьць узмацніць кантроль за забесьпячэньнем належнага санітарна-тэхнічнага стану й захаваньнем гісторыка-культурных каштоўнасьцяў». Мінкульт абавязаў гарвыканкам разгледзець ліст пра апаганьваньне будынка былога езуіцкага касьцёла і даць адказ аўтарам.

У Генпракуратуру і Мінкульт ад імя аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» зьвярталіся ягоныя сустаршыня Віталь Рымашэўскі і адказны сакратар Дзяніс Садоўскі. У сваім звароце актывісты заяўлялі, што факты апаганьваньня сьвятыні «расцэньваюць як выклік беларускаму грамадзтву, спакою і стабільнасьці ў краіне» і прасілі «як мага хутчэй расьсьледаваць іх, знайсьці і пакараць вінаватых».

«Рэакцыя на нашы звароты з Генпракуратуры й Мінкульту — звычайна бюракратычная. І адказы можна лічыць адпіскамі, але Генпракуратура ініцыявала праверку, і цяпер ёсьць адказны за гэтую праверку — гэта бабруйская пракуратура. Вынікам праверкі можа стаць узбуджэньне крымінальнай ці адміністрацыйнай справы. Міністэрства культуры, са свайго боку, таксама адрэагавала — тым, што загадала ўзмацніць кантроль за захаваньнем гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Будзем чакаць, што адбудзецца далей, і спадзявацца, што, можа, і знойдуць вінаватых», — распавёў «Свабодзе» Дзяніс Садоўскі.

Антыкаталіцкія надпісы ўнутры будынка былога езуіцкага касьцёла былі знойдзеныя на пачатку чэрвеня. Выявілі іх выпадкова дасьледнікі бабруйскай старасьветчыны, забраўшыся ў закінуты храм. Адным з надпісаў невядомыя абразілі памяць першага супэрыёра Бабруйскай езуіцкай рэзыдэнцыі Андрэя Баболі.

Былы касьцёл езуітаў— найстарэйшы будынак у Бабруйску. Гэта гісторыка-культурная каштоўнасьць, якая ахоўваецца дзяржавай. Так пазначана на шыльдзе, прымацаванай пры ўваходзе ў будынак. Сьвятыня занядбаная. Вакол яе — высокі цагляны плот з калючым дротам. У часы Савецкага Саюзу яе выкарыстоўвалі як гаўптвахту. Летась у сьнежні тут здарыўся пажар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG