Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў можа стаць даверанай асобай Мілінкевіча


Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў
Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў

27 актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» ўжо заявілі пра намер вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты.

З 20 чэрвеня каля 400 актывістаў кампаніі пачалі абыходзіць выбарцаў па кватэрах, каб сфармаваць наказы для патэнцыйных кандыдатаў пра тое, што трэба зьмяніць у краіне.

Кантактуючы з выбарцамі, актывісты «Гавары праўду» фармуюць так званую «грамадзянскую дамову», якую будуць адстойваць патэнцыйныя кандыдаты. Ужо распачаты збор подпісаў грамадзянаў пад дзьвюма ініцыятывамі. Аб прыняцьці закону па кампэнсацыі ўкладаў і прыбыткаў насельніцтва, якія пацярпелі ад эканамічнай палітыкі цяперашняга ўраду. І аб выбарах кіраўнікоў выканкамаў усіх узроўняў, якія цяпер прызначаюцца прэзыдэнтам. «Гавары праўду» арыентуецца на новую большасьць — тых, хто не за апазыцыю і не за ўладу, але мае запыт на альтэрнатыўныя ідэі. Лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў ужо заявіў пра свой няўдзел у гэтых выбарах. Але ці падтрымае кампанія, да прыкладу, Аляксандра Мілінкевіча, калі той вылучыцца? Андрэй Дзьмітрыеў патлумачыў:

​«Калі спадар Мілінкевіч падтрымае „грамадзянскую дамову“, заснаваную на ідэях „новай большасьці“, то, я думаю, няма ніякіх перашкодаў, каб „Гавары праўду“ падтрымала насамрэч спадара Мілінкевіча і Някляеў стаў яго даверанай асобай на выбарах. Тут перашкодаў ня бачу. Калі які-небудзь начальнік глыбоцкай або рагачоўскай падатковай інспэкцыі падтрымае „грамадзянскую дамову“, заявіць пра гэта публічна і стане актывістам „Гавары праўду!“ — мы яго таксама падтрымаем. Справа не ў асобах і прозьвішчах, справа ў прынцыпах і ідэі. Праўда, я думаю, што на наступны дзень гэты чалавек перастане быць начальнікам падатковай інспэкцыі».

Андрэй Дзьмітрыеў і Сяргей Вазьняк у часе прэс-канфэрэнцыі
Андрэй Дзьмітрыеў і Сяргей Вазьняк у часе прэс-канфэрэнцыі


Паводле Дзьмітрыева, актывісты «Гавары праўду» лічаць штучнай спрэчку: байкот ці ўдзел. Ён заявіў, што ня бачыць рэальнай магчымасьці байкоту, для ажыцьцяўленьня якога бракуе грамадзкай падтрымкі.

«Мы лічым, што ўдзел і любое ўцягваньне сёньня людзей у палітыку пры тым узроўні апалітычнасьці, які ёсьць у грамадзтве, і апатычнасьці, — гэта добра. Усе, хто будзе праз свае акцыі і кампаніі ўцягваць людзей у дзеяньне, — мы гэта падтрымліваем. Выключэньне людзей з палітыкі ў апатычным грамадзтве — гэта вельмі дрэнна. Як будуць паводзіць сябе тыя партыі і арганізацыі, якія за байкот? Калі ў іх ёсьць плян дзейнасьці і гэта будзе сапраўдная дзейнасьць, мы гатовыя дапамагаць тым, чым можам. Калі ёсьць дзейнасьць, накіраваная на абуджэньне людзей, — добра. Калі ёсьць толькі словы ў інтэрнэце, — таксама добра, але ў інтэрнэце».

Ці мяркуе «Гавары праўду» ісьці да канца на выбарах у Палату прадстаўнікоў, альбо здыме сваіх кандыдатаў на пэўным этапе? Гэта пастановіць бальшынёй галасоў рада кандыдатаў, якія будуць зарэгістраваныя. Паводле прадстаўніка кампаніі Сяргея Вазьняка, гэта можа залежаць ад таго, як будзе праходзіць агітацыйная кампанія.

​«Адна справа, калі ўлада пачне дубасіць дубінкамі кандыдатаў, давераных асобаў і так далей, нічога ня дасьць праводзіць. Гэта будзе адна аргумэнтацыя, матывацыя. Калі агітацыйная фаза будзе праходзіць у больш-менш прымальных умовах, як у 2010 годзе агітацыйная фаза праходзіла ляяльна, то будзе іншы настрой кандыдатаў. Таму мы ня ведаем адказу на гэтае пытаньне, дый самі патэнцыйныя кандыдаты ня ведаюць. Таму яны зьбяруцца і самі вырашаць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG