Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ні новы міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч, які прадстаўляў законапраект у Авальнай залі, ні хто-колечы з дэпутатаў ані словам не згадаў пра палітычных вязьняў. Хаця ў заключэньні профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў былі дакладна прапісаныя ўсе катэгорыі асобаў, на якіх дзеяньне амністыі не распаўсюджваецца. Сярод іх і асуджаныя за ўдзел у масавых беспарадках, за парушэньне парадку масавых мерапрыемстваў і паклёп на прэзыдэнта.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Аляксандар Атрошчанкаў сказаў «Свабодзе», што ён і не чакаў палёгкі для палітвязьняў з боку дзяржавы:

«Улада зацікаўленая, каб у грамадзтве, у краіне захоўваўся высокі ўзровень страху, каб людзі баяліся паўставаць супраць яе. Зьніжаецца ўзровень жыцьця, кошты растуць. Зразумела, што адна з асноўных задач улады ў гэтай сытуацыі — захаваньне ў грамадзтве страху, каб пазьбегнуць сацыяльных пратэстаў».

Ня спраўдзіліся прадказаньні некаторых аналітыкаў, што кіраўнік Беларусі праз амністыю для «палітычных» можа паспрабаваць палепшыць дачыненьні з Захадам. Чаму Аляксандар Лукашэнка ігнаруе патрабаваньні грамадзянскай супольнасьці і Эўразьвязу, тлумачыць палітоляг Алесь Лагвінец:

«На вялікі жаль, лёгіка канфрантацыі з Захадам і грамадзянскай супольнасьцю па-ранейшаму дамінуе ў галовах кіраўнікоў Беларусі. Яны могуць дазволіць сабе так пагардліва ставіцца да чаканьняў грамадзкасьці і Эўрапейскага Зьвязу таму, што маюць падтрымку Расеі. І тут сытуацыя ў нечым патавая. Пакуль у беларускім грамадзтве ня так і шмат актыўных пратэстаў супраць улады і магутнага патрабаваньня вызваленьня ўсіх палітвязьняў, то геапалітычная сытуацыя дазваляе беларускаму кіраўніцтву гуляць з Усходам і не зважаць на патрабаваньні Захаду».

Некаторыя з палітычных вязьняў, напрыклад, Мікалай Аўтуховіч, Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў асуджаныя паводле іншых артыкулаў. Ці ёсьць у іх шанец выйсьці на волю? Праваабаронца Гары Паганяйла кажа, што гэта малаверагодна, бо ў законапраекце ёсьць і іншыя падставы для адмовы ў амністыі. Так, да Аўтуховіча амністыя ўжо ўжывалася раней. Бяляцкі не цалкам кампэнсаваў страты, якія ён нібыта нанёс дзяржаве. А значыць, і той, і другі пад амністыю не падпадуць. Да Дашкевіча і Лобава могуць ужыць палажэньне закону, згодна зь якім амністыя не распаўсюджваецца на асобаў, якія «злосна парушаюць парадак адбываньня пакараньня».

А вось да некаторых іншых злачынцаў дзяржава паставілася значна больш гуманна. Напрыклад, асуджаныя за эканамічныя злачынствы, якія ўжо адседзелі чацьвертую частку свайго тэрміну і згодныя цалкам кампэнсаваць нанесеную шкоду, будуць выпушчаныя на волю.

На адзін год скарачаецца тэрмін знаходжаньня за кратамі асуджаных за карупцыйныя злачынствы і хабар.

Усяго пад амністыю падпадаюць 2880 асуджаных.
XS
SM
MD
LG