Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Уга Чавэсам Аляксандар Лукашэнка ці то жартам, ці то сур’ёзна сказаў, што прывёз малодшага сына Мікалая ў Каракас, каб было каму пераняць эстафэту супрацоўніцтва са стратэгічным саюзьнікам праз 20–25 гадоў.

Некаторыя аналітыкі лічаць, што да падобных заяваў трэба ставіцца як да рэальнага жаданьня Лукашэнкі яшчэ чвэрць стагодзьдзя кіраваць краінай, пасьля чаго перадаць уладу ў «надзейныя рукі».

Вэнэсуэльскія СМІ, цытуючы размову Уга Чавэса і Аляксандра Лукашэнкі, якая адбывалася ў прысутнасьці Лукашэнкі-малодшага, зазначаюць, што беларускі лідэр выказаў перакананьне: супрацоўніцтву Каракаса і Менску ніхто не перашкодзіць, і ў будучыні будзе каму перадаць эстафэту прыязных адносінаў: «Побач з намі знаходзіцца мой малы. Гэта сьведчыць, што мы сур’ёзна і надоўга заклалі асновы нашага супрацоўніцтва, ёсьць каму пераняць эстафэту супрацоўніцтва праз 20–25 гадоў».

У сваю чаргу, афіцыйнае агенцтва БелТА падкрэсьлівае, што гэта Чавэс настояў, каб у прэзыдэнцкі палац Мірафлёрэс Лукашэнка ўзяў свайго Мікалая.

Палітоляг і публіцыст Віктар Марціновіч кажа, што па-рознаму можна ставіцца да сказанага Лукашэнкам, але спрабаваць перавесьці ўсё ў жарт — значыць недаацаніць ягоныя рэальныя намеры:

Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч

«Усё, што Аляксандар Рыгоравіч кажа пра Колю, грамадзтвам успрымаецца збольшага як жартачкі. Аднак інтэнцыя заўсёды ў Лукашэнкі сур’ёзная. Мы ўжо з самага пачатку ўзьнікненьня гэтай тэмы памятаем: кожны раз, калі яна ўзьнікала, гэта суправаджалася недаверам. Прыкладам, самы першы раз, калі Лукашэнка сказаў, што самы малодшы будзе яго наступнікам, грамадзтва ўспрыняло гэта як прэзыдэнцкі жарт. Аднак потым высьветлілася, што ён сапраўды меў на ўвазе менавіта гэта. Таму, мне здаецца, ён сапраўды верыць, што будзе ў беларускай палітыцы яшчэ 20–25 гадоў і сапраўды разьлічвае на тое, што потым перадасьць уладу свайму малодшаму сыну. Вось такі ў яго палітычны доўгатэрміновы плян. Прэзыдэнт заўсёды пра гэта кажа шчыра».

Першы Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі кажа, што дыпляматычнымі нормамі ніякая прысутнасьць сваякоў на афіцыйных перамовах не прадугледжаная. Хоць многія вышэйшыя асобы сапраўды бяруць у замежныя паездкі сваіх дзяцей, аднак для іх існуе асобная, пазапратакольная праграма. Ня кажучы ўжо пра тое, каб публічна дэманстраваць панібрацтва з прэзыдэнтамі. А вось 7-гадовы Мікалай Лукашэнка за два дні паручкаўся і з кубінскім лідэрам Раулем Кастра, і з вэнэсуэльскім кіраўніком Уга Чавэсам:

Пётра Садоўскі

Пётра Садоўскі

​«Калі ён, дапусьцім, некалі езьдзіў у Сэрбію, то гэта быў неафіцыйны візыт. Гэта адна справа. Там нейкі багаты чалавек нібыта яго запрасіў, Лукашэнка пагрузіў усю сваю чэлядзь, сваіх сыноў — і паехаў. А тут зусім іншая гісторыя. Разумееце, гэта ўсё нейкая фантасмагорыя. Гэта трэба, каб хто-небудзь кшталту Альгерда Бахарэвіча напісаў фантасмагарычны, постмадэрнісцкі твор, у стылі магічнага рэалізму: нейкі кіраўнік дзяржавы цягае з сабой малога, незаконнанароджанага сына, маці якога невядома дзе, сустракаецца зь іншымі прэзыдэнтамі. Чорт ведае што. Гэта ўсё належыць пяру фантаста».

Але ні Рауль Кастра, ні Уга Чавэс біяграфіяй малодшага Лукашэнкі не цікавіліся, дазволіўшы беларускім візытэрам дзейнічаць па сытуацыі. Між тым сам Аляксандар Лукашэнка ўжо ня робіць таямніцы з таго, што Мікалай народжаны па-за шлюбам і, маўляў, трэба ўспрымаць сытуацыю такой, якая яна ёсьць. Былы начальнік галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня лукашэнкаўскай адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі канстатуе, што ў беларускіх умовах апэляваць да маральных нормаў амаль бессэнсоўна:

«Па-першае, няма ў нас такога паняцьця ў заканадаўстве — незаконнанароджаны. Гэта вы якісьці непаліткарэктны тэрмін ужываеце... Па-другое, ведаеце, тут як у старым анэкдоце — „марал — амарал“. Лічу, што гэтаму пытаньню ў прэсе ўвогуле надаецца занадта вялікае значэньне, бо адсачыць нейкую лёгіку ў такіх паводзінах Лукашэнкі практычна нерэальна. Дый увогуле бясплённа аддаваць залішнюю ўвагу таму, што яе ня варта. Бо ў дадзеным выпадку якраз да месца сказаць, што гэта пыл у вочы. Але ён усё гэта робіць не зьнянацку, а наўмысна».

Палітоляг Віктар Марціновіч «парыў шчырасьці» Аляксандра Лукашэнкі ўспрымае як цалкам усьвядомленае жаданьне пажыцьцёва замацаваць за сваім родам прэзыдэнцкую пасаду ў Беларусі:

«У яго ёсьць два тыпы шчырасьці. Першы — гэта калі ён кажа хоць і шчыра, аднак тыя рэчы, якія ён прапануе лічыць дзейнымі, існымі, такімі ня ёсьць. Так, ён можа вельмі шчыра казаць, што ў Беларусі будзе ці ўжо нават ёсьць заробак у 500 даляраў. Гэтай шчырасьцю ён нас вымушае паверыць, што ўсё так і ёсьць, і, дарэчы робіць гэта вельмі эфэктыўна. А ёсьць другі, самы цікавы тып шчырасьці, калі ён кажа пра тыя рэчы, якія, здаецца, палітыку казаць ня вельмі пажадана. І кожны раз, калі ён пачынае казаць пра Колю, мы з гэтым тыпам шчырасьці сутыкаемся, яго назіраем. Ён сапраўды лічыць, што будзе ў палітыцы 20–25 гадоў і насамрэч перадасьць сваю ўладу Мікалаю. Ну вось такі плян, і з гэтага трэба зыходзіць усім тым, хто зьвязвае сваю будучыню з палітыкай, зь лідэрствам у Беларусі. З тым, што Лукашэнка так лічыць. Проста ягоныя пляны і палітычная рэальнасьць у Беларусі, на жаль, вельмі моцна пераплеценыя. Я ня памятаю ніводнага ягонага пляну, які б не ўвасабляўся ў жыцьцё. Таму калі ён кажа пра тое, што нам 20–25 гадоў жыць пад ягоным кіраўніцтвам, дык гэта і пляны, і прагноз, і рэаліі. І з гэтым трэба лічыцца: ён раскрыў свае карты, прадэманстраваў, што 25 гадоў мае намер быць здаровым, быць моцным і кіраваць нашай гаротнай краінай. З чым я нас усіх — і сябе ў тым ліку — «віншую».

Чарговай высокай асобай, зь якой Лукашэнка зьбіраецца пазнаёміць свайго меркаванага спадкаемца, будзе прэзыдэнт Эквадору Рафаэль Карэа. Туды Лукашэнкі выправяцца пасьля заканчэньня візыту ў Вэнэсуэлу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG